Лідары краін падпісалі дэкларацыю Савета калектыўнай бяспекі

- 11:11Інфармацыйная гадзіна

У Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы атрымалі прававое афармленне статусы наглядальніка і партнёра арганізацыі. Адпаведнае рашэнне прынялі кіраўнікі дзяржаў — удзельніц АДКБ на саміце ў Астане.

Праект такога рашэння быў падрыхтаваны з улікам прыярытэтаў старшынства ў АДКБ Беларусі ў 2010 і 2017 гадах, у парадку выканання плана мерапрыемстваў па рэалізацыі рашэнняў лістападаўскай сесіі Савета калектыўнай бяспекі ў 2017 годзе і прыярытэтных напрамкаў, прапанаваных Казахстанам на перыяд старшынства ў арганізацыі.

Рашэннем зацверджаны палажэнні аб адпаведных статусах наглядальніка і партнёра. У іх вызначана, каму яны могуць быць прадастаўлены, крытэрыі і ўмовы для атрымання, працэдура прадастаўлення.

“У ходзе першай часткі сесіі мы правялі грунтоўны абмен меркаваннямі па дзейнасці АДКБ у кантэксце забеспячэння міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. Па ўсіх пытаннях парадку дня дасягнута ўзаемаразуменне”, — праінфармаваў Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.

Ён падкрэсліў, што Казахстан разглядае АДКБ у якасці аўтарытэтнай і эфектыўнай структуры. “Пры актыўнай і ўсебаковай падтрымцы дзяржаў — членаў арганізацыі былі паспяхова рэалізаваны прыярытэты Казахстана ў перыяд старшынства”, — сказаў казахстанскі лідар.

Кіраўнікі дзяржаў таксама прынялі рашэнне аб палажэнні аб Цэнтры крызіснага рэагавання АДКБ. Дакументам вызначаны арганізацыйныя і прававыя асновы дзейнасці гэтай структуры.

Лідары краін падпісалі дэкларацыю Савета калектыўнай бяспекі, якая з’яўляецца галоўным падагульняючым дакументам саміту. У ім адлюстраваны сумесныя пазіцыі кіраўнікоў дзяржаў па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня ў сферы бяспекі, задачы арганізацыі на будучы перыяд.

Вынікам саміту таксама стала прыняцце заяў аб скаардынаваных мерах у адносінах да асоб, якія ўдзельнічалі ва ўзброеных канфліктах на баку міжнародных тэрарыстычных арганізацый.

Падпісаны рашэнні, якія тычацца пытанняў арганізацыі кіравання войскамі (калектыўнымі сіламі) АДКБ, работы Каардынацыйнага савета кіраўнікоў кампетэнтных органаў па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, плана дзеянняў па развіцці калектыўнай сістэмы процідзеяння незаконнай міграцыі на перыяд да 2025 года і плана мерапрыемстваў па развіцці скаардынаванай інфармацыйнай палітыкі ў інтарэсах дзяржаў — членаў АДКБ і шэраг іншых рашэнняў.