Логапланшэт для работы з дзецьмі з асаблівасцямі стварылі ў сярэдняй школе № 52 Мінска

- 14:34Образование

Ідэя стварыць незвычайны дапаможнік належыць настаўнікам-дэфектолагам CШ № 52 Мінска Таццяне Усавай і Аляксандры Іванюшынай. Распрацоўка сёлета прадстаўлялася на міжнароднай выставе «ТІБО», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Планшэт быў выкананы з фанеры. Асноўная яго частка выразана з дапамогай лазернага ЛПК гравіравальнага станка і склеена з асновай. У гэтым нам дапамагалі настаўнікі працоўнага навучання школы Арцём Корткі і Васіль Нявера, — расказала А. Іванюшына. — Напаўненне (літары, лічбы) планшэта часткова зроблена педагогамі на ўроках інфарматыкі і надрукавана пры дапамозе 3D-прынтара з пластыку і з фанеры (пры дапамозе гравіроўкі і лазернай рэзкі).

З пункту гледжання методыкі, падбору малюнкаў і слоў логапланшэт прадумвалі настаўнікі-дэфектолагі 52-й школы, якія сёння выкарыстоўваюць яго непасрэдна ў рабоце з дзецьмі з цяжкасцямі ў навучанні, з расстройствам аўтыстычнага спектра, з інтэлектуальнай недастатковасцю.

У дапаможніку прадстаўлены тры блокі. Першы — гэта навучанне азбуцы з дапамогай асацыятыўнага мыслення (асацыяцыя — сувязь паміж паняццямі і ўяўленнямі, якая ўзнікае ў працэсе іх пазнання).

За аснову навучання азбуцы бяруцца рэальныя фота сваякоў навучэнцаў, карцінкі прадметаў, якія часцей за ўсё сустракаюцца ў іх жыцці. Далей мы звязваем літару з малюнкам шляхам асацыяцыі. «М»«мама», «Т»«тата», «б»«баба», «д»«дзед», «я»«сам навучэнец», «к» — «кот» і г.д., — тлумачыць Т. Усава. — Другі блок дапаможніка прадугледжвае выкарыстанне методыкі глабальнага чытання — аднаго са спосабаў альтэрнатыўнай камунікацыі, які дапаўняе або замяняе звычайнае маўленне дзецям з асаблівасцямі развіцця. Гэта адначасова і частка работы па навучанні навыкам чытання і пісьма. Моцнымі якасцямі такіх дзяцей зяўляецца добрая зрокавая і слыхавая памяць. У іх ёсць цудоўная здольнасць успрымаць інфармацыю цалкам (глабальна), як на фотаздымку. Гэтая асаблівасць ляжыць у аснове глабальнага чытання.

Як працаваць з логапланшэтам? Дзіцяці паказваюць таблічкі са словамі, агучваюць іх і адпаведныя карцінкі на некалькі секунд. А яно вучыцца пазнаваць напісаныя словы цалкам, не вылучаючы асобных літар. Вышэйназваныя два блокі не ўзаемазвязаны. Зыходзячы з індывідуальных асаблівасцей вучня, педагог выбірае, у якім кірунку працаваць. Проста некаторыя дзеці не паддаюцца навучанню азбуцы, а глабальнае чытанне ім даецца з лёгкасцю, і наадварот. Трэці блок прадугледжвае адпрацоўку навыку пісьма, фарміраванне паняццяў «склад» і «ўтварэнне склада», гукавы аналіз слоў.

Як падкрэслілі спецыялісты, для таго каб заняткі з выкарыстаннем логапланшэта праходзілі паспяхова, важна ўключыць дзіця ў работу, прыцягнуць увагу да дапаможніка. Логапланшет асабліва эфектыўны ў рабоце з дзецьмі 1—2-га класаў. А для дзяцей з РАС яго можа выкарыстоўваць і ў далейшым для падтрымання належнай камунікацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота прадастаўлены школай