Лорды супраць Brexit

- 10:20Інфармацыйная гадзіна

Палата лордаў брытанскага парламента прыняла большасцю галасоў папраўку ў законапраект аб выхадзе краіны з ЕС, якая можа зрабіць цяжкім пачатак працэдуры Brexit, паведамляюць інфармагенцтвы.

Згодна з папраўкай, урад Вялікабрытаніі павінен гарантаваць правы еўрапейцаў, якія жывуць у Злучаным Каралеўстве, пасля таго, як краіна перастане быць часткай Еўрасаюза. На дадзены момант у Вялікабрытаніі пражываюць каля 3 млн грамадзян Еўрасаюза. Папраўка гаворыць, што ўсе яны будуць мець такія ж правы пасля Brexit, як і да яго. Цяпер законапраект з унесенай папраўкай адправіцца на разгляд у палату абшчын. Гэта можа перашкодзіць хуткаму пачатку перамоў аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС.

Эксперты адзначаюць, што прыняцце папраўкі стала першым буйным паражэннем прэм’ер-міністра Тэрэзы Мэй на шляху да Brexit. Раней яна заклікала лордаў прыняць дакумент без паправак.