Назначаная кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава ў інтэрв’ю журналістам расказала, што яе галоўным прынцыпам з’яўляецца работа на карысць людзей і краіны.
“Мой прынцып работы — гэта тое, аб чым гаворыць кіраўнік дзяржавы, — працаваць для людзей, для нашай краіны. Каб тыя задачы, якія пастаўлены, выконваліся. Для гэтага не абавязкова быць “жалезнай лэдзі”, трэба быць нармальным чалавекам, які можа вырашаць пастаўленыя задачы”, — сказала Наталля Качанава.
Паводле яе слоў, адна з галоўных задач, агучаных прэзідэнтам, заключаецца ў неабходнасці рэфармавання адміністрацыі, выбудоўванні той структуры, якая была б найбольш эфектыўнай у цяперашняй сітуацыі для вырашэння тых ці іншых пытанняў.
“Вельмі важнае пытанне — гэта звароты грамадзян. Яму трэба ўдзяліць самую сур’ёзную ўвагу. Гэта нядобра, калі людзі звяртаюцца ў Адміністрацыю прэзідэнта, а потым гэтыя пытанні адпраўляюцца для разгляду тым, на каго, па сутнасці, была скарга, — адзначыла Наталля Качанава. — Вядома, трэба дэталёва і больш глыбока аналізаваць звароты грамадзян, якія паступаюць у адміністрацыю. Значыць, ёсць нейкія недапрацоўкі на месцах, якія трэба было б аператыўна вырашаць у рэгіёнах, у тым ці іншым міністэрстве і ведамстве”.
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта звярнула ўвагу і на кадравыя пытанні, якія ўплываюць непасрэдна на работу галін і канкрэтных прадпрыемстваў. “Шырока распаўсюджаны лозунг аб тым, што кадры вырашаюць усё, быў і застаецца. І мы сёння бачым, што ў адной і той жа эканамічнай сітуацыі, пры аднолькавых умовах адна арганізацыя працуе даволі эфектыўна, а іншая — нерэнтабельна. Усё залежыць ад кадраў”, — падкрэсліла Наталля Качанава.
Яна дадала, што Аляксандр Лукашэнка таксама паставіў задачу ў сферы дэбюракратызацыі. “Адміністрацыя прэзідэнта павінна бачыць рэальную сітуацыю, якая адбываецца на месцах. Не павінна быць ніякай валакіты. Добрае стаўленне да людзей, сумленная і адказная праца — тыя галоўныя прынцыпы, якія былі, ёсць і будуць у аснове работы Адміністрацыі прэзідэнта”, — рэзюмавала Наталля Качанава.