Лясы сталі чысцейшымі і прыгажэйшымі

- 10:01Інфармацыйная гадзіна

Больш за 20 млн дрэў пасадзілі беларусы ў час тыдня лесу — 2017, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

“У добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу — 2017” прынялі ўдзел 82,5 тысячы чалавек. Іх рукамі пасаджаны амаль 21 млн дрэў. Усяго лясныя культуры пасаджаны на плошчы 6,7тысячы га, з іх 1,1 тысячы га — участкі лесу, пашкоджаныя ўраганамі. Дапаўненне лясных культур праведзена на плошчы 1,8 тысячы га”, — расказалі ў ведамстве.

Акрамя таго, у час акцыі прыведзена ў парадак 138 месцаў адпачынку. Прыбрана больш за тысячу кубаметраў смецця з тэрыторыі ляснога фонду, прыдарожных палос, месцаў адпачынку.

“Акрамя стварэння новых лясоў, удзельнікі акцыі закладвалі памятныя алеі і скверы ў гонар воінаў Вялікай Айчыннай вайны, якія змагаліся за вызваленне Беларусі. Таксама прыведзены ў парадак пасля зімы 27 мемарыяльных комплексаў і 37 месцаў партызанскіх стаянак, размешчаных у лясным фондзе. У цэлым у час тыдня лесу добраахвотнымі ўдзельнікамі акцыі праведзена вялікая работа. Лясы літаральна змяніліся, сталі чысцейшымі і прыгажэйшымі, месцы высечкі зазелянелі новымі парасткамі”, — падкрэслілі ў Мінлясгасе.

Традыцыйная добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу” была арганізавана ў Беларусі з 1 па 8 красавіка па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі. У гэтым годзе яна праводзілася дзясяты раз і прысвячалася аднаўленню лесу, пашкоджанага стыхійнымі бедствамі, што пранесліся па тэрыторыі Беларусі летам мінулага года.