«Лясны дазор» спяшаецца на дапамогу: школьнае лясніцтва дзейнічае ў Пярэкальскай СШ

- 13:20Пресс-тур «Настаўніцкай»

У Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці Пярэкальская сярэдняя школа — апорная па фарміраванні экалагічнай культуры навучэнцаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Музейная педагогіка 

Тры гады назад школа адзначыла стагадовы юбілей. У гэты ж год яна змяніла сваё аблічча. Па словах дырэктара ўстановы Валянціны Клепча, у межах рэалізацыі праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” быў праведзены капітальны рамонт будынка. Адрамантаваны дах і фасад школы, заменены вокны і дзверы, мадэрнізаваны харчаблок, адрамантаваны кабінеты фізікі, хіміі і інфарматыкі, выканана аддзелка сцен калідораў на ўсіх паверхах, абноўлена мэбля, а таксама закуплена сучаснае абсталяванне для вучэбных кабінетаў. Для дзейнасці ўстановы гэты праект адкрыў новыя магчымасці.

Сёння ў Пярэкальскай сярэдняй школе вучацца 123 дзіцяці. У асноўным вучні падвозяцца школьнымі аўтобусамі з найбліжэйшых вёсак і аграгарадка Арэхаўка.

На старшай ступені для вучняў арганізавана вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні (біялогія, матэматыка). Таксама школьнікі наведваюць факультатывы прафесійнай накіраванасці “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” і “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.

Установа актыўна працуе па ўсіх напрамках выхаваўчай дзейнасці, але прыярытэтнымі з’яўляюцца грамадзянска-патрыятычнае, спартыўнае і экалагічнае выхаванне.

Асаблівую, самабытную атмасферу ў школе стварае края­знаўчы музей, які быў адкрыты ў 1991 го­дзе сіламі навучэнцаў, педагогаў і жыхароў суседніх вёсак.

Экспазіцыя музея сапраўды цікавая і змястоўная. Першы яе раздзел “Старажытная гісторыя Клічаўшчыны” прадстаўлены ў выглядзе беларускай хаты, другі змяшчае вялікую колькасць прадметаў побыту і прылад працы мясцовага насельніцтва IX — пачатку XX стагоддзя. З матэрыяламі аб рэвалюцыйных падзеях у раёне, людзях, якія прымалі ў іх удзел, можна азнаёміцца ў экспазіцыі “Клічаўшчына рэвалюцыйная”. Асобны стэнд прысвечаны дзейнасці народнікаў і І.Я.Грынявіцкаму, ураджэнцу вёскі Басін Клічаўскага раёна. Ёсць калекцыя нумізматыкі, значкоў. Назад у СССР наведвальнікаў перано­сіць экспазіцыя “Савецкі быт”, дзе сабраны матэрыялы па гісторыі краю з 1917 па 1990 год. Тут жа захоўваюцца газеты і выразкі часоў Савецкага Саюза і можна паба­чыць розныя прадметы таго часу.

Вядома, што няма месца ў Беларусі, куды б не зазірнула вайна. Не абмінула яна і Клічаўскі край. Вялікую цікавасць уяўляе пастаянна дзеючая экспазіцыя “Памяці загінуўшых будзем вартыя”. Тут можна ўбачыць знойдзеныя рэшткі ваеннай зброі, прызначанай для масавага забойства, экспанаты, якія расказваюць пра перамогу ў вайне, асабістыя рэчы салдат і ветэранаў, спісы загінуўшых. У экспазіцыі размешчаны стэнд “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Як расказала кіраўнік музея намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Сіліна, сярод асноўных напрамкаў дзейнасці музея — даследаванне гісторыі ўстановы, вёскі, збор этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў, вывучэнне жыцця і дзейнасці вядомых землякоў, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, ветэранамі-афганцамі, перадавікамі вытворчасці, культурна-асветніцкая дзейнасць сярод вучняў і насельніцтва.

У музеі праводзяцца ўрокі з элементамі краязнаўства, музейныя ўрокі, заняткі ў гуртках і факультатывах (напрыклад, “Музейная культура”, дзе рыхтуюцца юныя экскурсаводы), турыстычна-краязнаўчыя экскурсіі, ажыццяўляецца даследчая дзейнасць.

Так, сямікласнікі з настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства Маргарытай Чамровай вывучалі гісторыю праса, а дзесяцікласнікі падрыхтавалі экспазіцыю пра гісторыю лыжкі. Часовыя выставы з даследаваннямі школьнікаў прадстаўлены ў музеі.

Музей прапаноўвае наведвальнікам экскурсіі “Беларуская хата”, “Прадметы побыту нашых продкаў”, “Назад у СССР”, “Афганістан — наш боль”, “Нашы вядомыя выпускнікі” і інш. У найбліжэйшых планах — афармленне яшчэ адной экспазіцыі “Гісторыя школы і гісторыя саўгаса непа­дзельныя”.

Па меркаванні Таццяны Сілінай, музейная педагогіка дазваляе абудзіць у навучэнцаў любоў да Радзімы, жаданне і імк­ненне даследаваць яе гісторыка-­культурную спадчыну, далучыцца да гісторыі роднага краю і сваёй сям’і.

Лясны дазор

Пад дэвізам “Захавай лясы зямлі беларускай!” ва ўстанове дзейнічае школьнае лясніцтва “Лясны дазор”. Каардынуе яго работу настаўніца геаграфіі Вольга Ільінчык.

— У склад школьнага лясніцтва ўваходзяць дванаццаць навучэнцаў. Асноўная мэта яго дзейнасці — клопат аб прыро­дзе і навакольным асяроддзі, — расказвае Вольга Аляксандраўна. — Члены школьнага лясніцтва займаюцца прыродаахоўнай дзейнасцю, лесапасадкамі. За апошнія 5 гадоў было высаджана больш за 5 тысяч дрэў (сасна, елка, бяроза і інш.). Штогод мы прымаем удзел у акцыях “Чысты лес” і “Тыдзень лесу”. Мы агароджваем мурашнікі, ставім пасткі на вяршыннага караеда і садзім дрэвы на дзіцячых пляцоўках аграгарадка Арэхаўка. Членамі школьнага лясніцтва вядзецца эколага-асветніцкая работа, арганізоўваюцца экскурсіі па экалагічнай сцежцы, распрацоўваюцца буклеты і лістоўкі.

Навучэнцамі 10 класа вядуцца старонкі ва “УКантакце”, Telegram, Instagram, дзе яны расказваюць пра свае справы і паказваюць, як клапоцяцца пра прыроду і жывёл, размяшчаюць пазнавальныя артыкулы і вераць, што іх пасты змо­гуць натхніць людзей зрабіць штосьці карыснае для нашай планеты.

В.Ільінчык са сваімі навучэнкамі К.Фясько і Л.Ільінчык

— На тэрыторыі Клічаўскага раёна ёсць многа цікавых мясцін, пра якія не ўсе ведаюць, — адзначае навучэнка Лізавета Ільінчык. — Дзякуючы нашым даследаванням і назіранням быў выяўлены і ўстаноўлены помнік прыроды дубам-веліканам. Узрост гэтых дрэў — ад 190 да 370 гадоў, а дыяметр ствала вар’іруецца ад 3,6 да 4,6 метра. Гэты помнік прыроды створаны для захавання ўнікальнага экзэмпляра дуба чарэшчатага, які мае выдатныя лесатаксацыйныя паказчыкі.

Навучэнцы школы прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе “Квітней, мой лес!”. А сёлета дзесяцікласніца Кацярына Фясько заняла 3-е месца ў яго заключным этапе з работай пра рэдкія і знікаючыя віды раслін і жывёл на тэрыторыі Клічаўскага раёна.

 — За мінулыя дзесяцігоддзі з твару Зямлі зніклі многія віды жывых арганізмаў. Асабліва гэты працэс актывізаваўся ў апошні час, калі вымерла некалькі соцень жывёл і раслін, а іншыя сталі рэдкімі, — расказвае Кацярына. — Мы вылучылі гіпотэзу, што асноўнай прычынай вымірання жывёл і раслін Клічаўскага раёна з’яўляецца чалавечы фактар. Склалі і вывучылі пералік відаў флоры і фаўны на тэрыторыі раёна і правялі работу па выяўленні раслін і жывёл, якія ахоўваюцца, картавалі іх месцы знаходжання. Высветлілі, што найбольш часта сустракаюцца такія віды раслін, як цыбуля мядзведжая, некера перыстая. Радзей можна ўбачыць зубніцу клубняносную, а самымі рэдкімі з’яўляюцца тайнік авальны, любка зеленакветкавая, аўсяніца высокая. З птушак часцей сустракаюцца шэры журавель і малы падорлік, радзей можна сустрэць чорнага бусла.

Кожны біялагічны від — унікальнае стварэнне прыроды, вынік доўгатэрміновай эвалюцыі. І часта ён незаменны. Гэта непазбежна вядзе да парушэння экалагічнай раўнавагі, страты магчымасці выкарыстання ў будучыні яго карысных якасцей. Вядома шмат прыкладаў, калі віды, якія лічыліся шкоднымі ці бескарыснымі, аказваліся незаменнымі пры вырашэнні праблем забеспячэння чалавецтва лекавымі прэпаратамі, прадуктамі. Менавіта таму рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, ахова рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін з’яўляюцца адной з задач сучаснасці.

 Штогод навучэнцы школы прымаюць удзел у конкурсе даследчых работ. Так, адна з работ “Зялёныя маршруты” была напісана васьмікласніцай Лізаветай Ільінчык.

— Намі была створана экалагічная сцежка з мэтай правядзення адукацыйна-асветніцкай работы сярод насельніцтва раёна. Былі пракладзены адпаведныя веласіпедныя маршруты. На кожным маршруце падабраны месцы (станцыі), дзе прадугледжваліся прыпынкі для паказу цікавых аб’ектаў і аповеду пра іх, устаноўлены стэнды. Агульная працягласць маршруту складае 32 км і ахоплівае пяць станцый, — тлумачыць юная даследчыца.

На першай станцыі эка­сцежкі прадстаўлены агароджаныя мурашнікі. Іх агарадзілі, каб абараніць далікатнае жыллё мурашак ад выпадковага або наўмыснага ўздзеяння чалавека. Другі прыпынак — у вёсцы Лянёўка, дзе можна ўба­чыць векавыя дубы. Трэцім прыпынкам з’яўляюцца месцы, дзе размешчаны пасткі для вяршыннага караеда. Чацвёртая станцыя называецца “Флуктуіруючая асіметрыя”. Тут, узяўшы ліставую пласціну бярозы і ігліцу сасны звычайнай, можна аца­ніць стан навакольнага асяроддзя. Апошняя станцыя “Рэкрэацыйная зона” называецца так нездарма: на тэрыторыі Віркаўскага лясніцтва размешчаны рэкрэацыйныя зоны (вёскі Басін, Лянёўка, Міхалоў, Віркаў).

— Стварэнне вучэбнай экалагічнай сцежкі садзейнічае павышэнню адукацыйнага ўзроўню школьнікаў. Назіранні на маршруце дапамагаюць пашыраць і паглыбляць веды, атрыманыя на ўроках. Галоўнае ж тое, што дзеці авалодва­юць уменнямі прымяняць на практыцы веды па розных прадметах, спасцігаючы непарыўнае адзінства прыроднага асяроддзя і чалавека, — заўважае Вольга Ільінчык.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА