Ляці, папяровы самалёт!

- 11:05Дадатковая адукацыя

Незалежна ад прагнозаў сіноптыкаў, Ваўкавыскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі абяцае: “Лета будзе гарачым!”

У чэрвені пачало работу “Бюро добрых паслуг”, дзе вопытныя педагогі праводзяць майстар-класы, вучаць дзяцей ствараць сувеніры і падарункі для сябе і сваіх блізкіх.

У “Творчай лабараторыі” дзяцей чакаюць дзівосныя доследы і незвычайныя эксперыменты (аб’яднанні па інтарэсах “Робататэхніка”, “Робататэхніка і электроніка”, “Фізіка для малых”).

Лета — гэта мноства вольнага часу, які можна правесці цікава і з карысцю ў гуртках “Юны матацыкліст”, “Стоп-кадр”, “Пачатковае тэхнічнае мадэляванне”, “Віртуальны майстар”, “Эрудыт” і “Займальная інфарматыка”.

Для дзяцей арганізаваны гульнявыя і забаўляльныя праграмы, конкурсы і спаборніцтвы. Ва ўстанове праходзяць дні адкрытых дзвярэй. У нас пабывалі навучэнцы Мацвееўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, для якіх была праведзена экскурсія па цэнтры. Дзеці наведалі выставу аўтамабільнай тэхнікі, якую прадставілі навучэнцы гурткоў “Пачатковае тэхнічнае мадэляванне”. Быў арганізаваны майстар-клас па вырабе найпрасцейшых лятаючых мадэляў і праведзены заняткі-практыкум па LEGO-канструяванні. Педагогі дадатковай адукацыі пастараліся зрабіць атмасферу заняткаў нязмушанай і адкрытай, а ўдзельнікі праявілі цудоўныя творчыя здольнасці ў вырабе і афармленні самалётаў. І напрыканцы ўсе дзеці маглі паўдзельнічаць у спаборніцтвах па найпрасцейшых мадэлях.

Таццяна ДОЎКША,
метадыст Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.