Лёс лётчыка натхняе нашчадкаў

- 5:21Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

На Лоеўшчыне імя Героя Савецкага Саюза Аляксея Васільевіча Казлова вядома ўсім. Хутка будзе паўстагоддзя, як чалавек­-легенда, якога звалі “беларускі Марэсьеў”, пакінуў гэты свет. Аднак усё тое, што было значным для яго сучаснікаў, важна і для нашчадкаў. 

З 2008 года Лоеўская сярэдняя школа но­сіць яго імя. Памяць пра Аляксея Казлова ўшанавана ў назве адной з вуліц Лоева. На мясцовай Алеі Герояў усталяваны абеліск у яго гонар.

Але самае галоўнае, што подзвігі, здзейсненыя бясстрашным лётчыкам падчас Вялікай Айчыннай вайны, сёння натхняюць на глыбокае даследаванне яго біяграфіі. Дзесяцікласніца Лоеўскай сярэдняй школы Юльяна Худалей пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Алены Семянчук прысвяціла знакамітаму земляку даследчую работу. Школьніца атрымала прэмію Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта ў тым ліку і за гэтае даследаванне, якое зрабіла Аляксея Казлова больш блізкім і зразумелым сённяшнім хлопчыкам і дзяўчынкам.

— Лёс гэтага чалавека асабліва зацікавіў мяне пасля прачытання кнігі Барыса Палявога “Аповесць пра сапраўднага чалавека”, — расказвае Юльяна. — Імя гераічнага савецкага лётчыка Аляксея Пятровіча Марэсье­ва добра вядома многім. Паўтарылі яго подзвіг і лётчыкі-беларусы Іван Дзюба і Іван Ерашоў. Без абедзвюх ног зноў пачаў лятаць (у якасці інструктара ў авіявучылішчы) і выхадзец з Лоева — старшы лейтэнант Аляксей Васільевіч Казлоў, штурман 118-й асобнай авіяэскадрыллі 7-й паветранай арміі. Я вырашыла больш дэталёва вывучыць лёс героя-земляка, жыццё якога — прыклад для майго пакалення. 

У гады Вялікай Айчыннай вайны капітан Аляксей Васільевіч Казлоў быў штурманам далёкай разведвальнай авіяэскадрыллі: 248 разоў узнімаўся ў неба. Ён збіў 14 самалётаў праціўніка, патапіў нямецкі марскі транспарт, разграміў штаб гітлераўскага егерскага корпуса, бамбіў варожыя парты і склады са зброяй і боепрыпасамі, вёў блізкую і далёкую разведку.

Лаяўчанін служыў у Балтыцы, Карэліі, Запаляр’і. Тройчы немцы падбівалі яго самалёт, тройчы лётчык быў цяжка паранены. Але выбіраўся з самых безнадзейных сітуацый. Велізарнае жыццялюбства і сіла духу, стойкасць і жыццёвая загартоўка дапамаглі яму вытрымаць усе выпрабаванні ў гады вайны, нават калі страціў ступні абе­дзвюх ног.

Цяпер у фондах Лоеўскага музея бітвы за Днепр захоўваюцца рэліквіі, перададзеныя сям’ёй Аляксея Васільевіча Казлова. Тут яго асабістыя партсігар, муштук, бумажнік, аўтаматычная пішучая ручка, канспект падрыхтоўкі да правя­дзення заняткаў у лётным вучылішчы, дзе А.В.Казлоў працаваў інструктарам, калі ўрачы не дазволілі яму больш лятаць. Ёсць запісная кніжка ваенных гадоў з разлікамі, схемамі, запісамі, табліцамі, выразна вычарчанымі рукой Аляксея Васільевіча траекторыямі палётаў…

У Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В.Казлова таксама ўсё нагадвае пра гэтага сціплага чалавека, які прыводзіў сюды на заняткі сваю дачку Лі­дзію. Тут вучыліся яго ўнучка Юлія Асадчая і праўнук Раман Асадчы. Захавалася кранальная фатаграфія, на якой адлюстраваны герой вайны з мясцовымі школьнікамі. На грудзях — Зорка Героя Савецкага Саюза, хоць меў таксама ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені, Леніна. Узнагароды герой насіў толькі на вялікія святы. Прыродная сціп­ласць і годнасць чытаюцца на яго высакародным твары.

Сёння вучні збіраюцца ў фае школы, дзе размешчаны стэнды, прысвечаныя іх земляку. Тут праходзяць урокі мужнасці і патрыятызму, прэзентацыі і пазакласныя мерапрыемствы. Дырэктар школы Таццяна Кукса расказвае, што па рэкамендацыях Міністэрства адукацыі ва ўстанове зрабілі вялікую тэматычную выставу:

— На першым паверсе школы размешчаны велізарны стэнд, прысвечаны Аляксею Казлову, на другім знаходзіцца ­экспазіцыя, у якую ўваходзяць дзве лакацыі. Тут уся інфармацыя пра нашага героя-земляка. Сваім вопытам работы мы нядаўна дзяліліся з калегамі ў раёне: прадставілі прэзентацыйную пляцоўку “Традыцыі і інавацыі ў дзейнасці ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі: грамадзянска-патрыятычны аспект”, а старшакласнікі падрыхтавалі літаратурна-музычную замалёўку “Памяць і боль беларускай зямлі”. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ларыса Хамічэнка расказала пра сістэму работы па грама­дзянскім і ваенна-патрыятычным выхаванні. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Алена Семянчук прывяла аўтарскія прыклады рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі”.

— Ініцыятарам прысваення школе імя знакамітага лётчыка Героя Савецкага Саю­за А.В.Казлова быў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Сяргеевіч Германенка, — дапаўняе намеснік дырэктара Ларыса Хамічэнка. — У свой час ён быў выкладчыкам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Гэтую прапанову падтрымалі ўсе настаўнікі нашай школы і мясцовыя ўлады. Сёння мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці праходзяць менавіта там, дзе зроблена музейная экспазіцыя. Да гэтай работы далучаны кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, класныя кіраўнікі, педагог-арганізатар — практычна ўсе. Яшчэ мы запрашаем да нас у госці вайскоўцаў, якія служаць на Лоеўскай пагранічнай заставе. У нас дзейнічае клуб “Юны пагранічнік”. Сумесна з музеем бітвы за Днепр у 2019 годзе распрацавалі культурна-адукацыйны праект “Патрыётамі не нараджаюцца, патрыётамі становяцца”. Каля нашых стэндаў праходзяць не толькі экскурсіі, але і музейныя заняткі. У апошную сераду месяца, калі дзеці могуць наведаць музей бясплатна, мы абавязкова прыходзім у наш Лоеўскі музей бітвы за Днепр. 

Захаваліся тэксты выступленняў Аляксея Васільевіча Казлова на сходах, мерапрыемствах, якія праводзіліся ў пасляваенны час у Лоеўскім раёне. Праз іх сённяшнія школьнікі адчыняюць дзверы ў свет свайго знакамітага земляка, узбагачаюцца яго жыццёвай мудрасцю. Напрыклад, у 60-я гады Аляксей Васільевіч Казлоў выступаў у Лоеве на ўрачыстым схо­дзе, прысвечаным 50-годдзю Узброеных Сіл СССР, і сказаў: “Кожны на сваім участку рабі як мага больш і лепш”. Гэты заклік не страціў актуальнасці і ў нашы дні.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Аляксея СІНІЛЫ.

 

  •    Сёння ў Лоеўскай сярэдняй школе імя А.В.Казлова вучацца 372 вучні. Вучэбны працэс ажыццяўляюць 42 педагогі. 
  •    Летась настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Крупейчанка падрыхтавала пераможцу трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове Юльяну Худалей, якая перамагла і ў абласным этапе лінгвістычнага конкурсу “Ведай родную мову”. Таксама Марыя Крупейчанка падрыхтавала пераможцу абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Мне пару крыл дало юнацтва” Ганну Еўтушэнка. 
  •    У рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня намеснік дырэктара Лоеўскай сярэдняй школы Ларыса Хамічэнка заваявала дыплом ІІІ ступені на абласным этапе ў намінацыі “Шосты дзень заўсёды ў трэндзе!”. Таксама Ларыса Хамічэнка атрымала дыплом ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага праекта сярод пярвічных арганізацый “БРСМ: сіла ў камандзе”. Другое месца ў Ларысы Хамічэнка ў абласным этапе агляду-конкурсу на лепшую экспазіцыю, прысвечаную ветэранам баявых дзеянняў у Афганістане, і першае месца — у абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў калектыве.
  •    Настаўніца гісторыі Алена Семянчук з навучэнкай Юльянай Худалей атрымалі дыплом ІІІ ступені на абласным конкурсе “Юны архівіст”, а ў абласным этапе рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Вялікая Айчынная вайна: гісторыя і памяць” — дыплом І ступені.
  •    Каманда “Мара”, якую падрыхтавала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Коўзік, атрымала дыплом ІІ ступені абласной летняй акцыі “Лета з інавацыямі” ў намінацыі “Разумнае лета навукай сагрэта”.
  •    Настаўніца пачатковых класаў Вікторыя Карась падрыхтавала пераможцу абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Захаваем крыніцу жыцця” ў намінацыі “Відэаролік”. Ёй стала Караліна Карась.