Стаж дынастыі Мікалаевы — Караткевіч — Пахамовіч — Кулеш налічвае 190 гадоў! Шасцёра настаўнікаў, як эстафету, перадавалі сцяг прафесіі адно аднаму. Чым ганарацца сучасныя прадстаўнікі сям’і, аб’яднанай высакароднай справай, даведаўся карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Выратаванне, якое змяніла лёс
Цягнік імчаў яе ў невядомасць. Фашысты вырвалі яе, як і сотні іншых дзяцей і падлеткаў, з роднай зямлі і везлі ў Германію. Голад, холад, жах і боль ахіналі перапужаных пасажыраў.
Выратаванне прыйшло нечакана: беларускія партызаны спынілі цягнік і вызвалілі палонных. Дзяцей забралі да сябе мясцовыя жыхары. 15-гадовая Кацярына Цвяткова трапіла ў сям’ю маладых вясковых настаўнікаў Марыі Васільеўны і Казіміра Станіслававіча Караткевіч.

— Разумная, бойкая дзяўчынка з такім прыгожым прозвішчам запала ў сэрца настаўнікам, — працягвае аповед гісторыі жыцця сваёй маці Кацярыны Цвятковай Любоў Іванаўна Пахамовіч. — Канечне, яны не былі супраць жадання Кацярыны вярнуцца пасля вайны ў родны горад Нялідава Цвярской вобласці. Аднак ім вельмі хацелася, каб яна вярнулася да іх і таксама стала настаўніцай.
Кацярына атрымала педагагічную адукацыю і пераехала ў Беларусь разам з мужам. Яна выйшла замуж за Івана Георгіевіча Мікалаева, бацька якога Георгій Мікалаевіч кіраваў земскім народным вучылішчам у Цвярской вобласці, быў настаўнікам матэматыкі. У 1944 годзе ён загінуў на фронце, абараняючы Ленінград. Менавіта Георгій Мікалаевіч з’яўляецца пачынальнікам педагагічнай дынастыі.

— Перш чым расказаць аб працоўным шляху маёй мамы, мне хочацца паведаміць пра Марыю Васільеўну, якую я называла баба Маня, і яе мужа. Яны абое паўплывалі і на мой выбар прафесіі. Удзячнасць гэтым людзям перапаўняе мяне. Казімір Станіслававіч быў настаўнікам працоўнага навучання ў школе № 1 Глыбокага. Захапляўся садоўніцтвам — на адным дрэве ў садзе прышчапляў адразу некалькі гатункаў яблынь і груш. Эксперыментаваў з агароднінай. На выставе ВДНГ прадстаўляў уласна вырашчаныя гіганцкія буракі. Яго педагагічны стаж складае 37 гадоў. Марыя Васільеўна была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў той жа школе, дзе працаваў муж. Разводзіла ружы. Іх участак нагадваў сапраўдны батанічны сад. Працавала яна да 1972 года, — расказвае Любоў Іванаўна. — Мая мама Кацярына Паўлаўна з 1952 па 1984 год працавала ў школах Глыбоцкага раёна. Пачынала ў вёсцы Папшыцы, затым была загадчыцай Залескаўскай пачатковай школы. Яна не толькі вучыла дзяцей, паліла печ, гатавала абеды для навучэнцаў, але і імкнулася стварыць утульную атмасферу ва ўстанове.
У 1957 годзе мама была выбрана дэлегатам IV Рэспубліканскага з’езда настаўнікаў БССР. Апошняе месца працы — Верхнянская васьмігадовая школа, дзе яна была выхавальніцай групы прадоўжанага дня. Мама была вясёлым, жыццярадасным чалавекам, любіла дзяцей. За добрасумленную працу, адказныя адносіны да абавязкаў адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі раёна і вобласці, не раз пра яе пісалі ў мясцовых газетах.
З дзіцячым запалам
Сама Любоў Іванаўна літаральна вырасла ў школе. Для сям’і Мікалаевых ва ўстанове адукацыі былі выдзелены два невялікія пакоі. Тое, што яна будзе настаўніцай, сумненняў не было, заставалася толькі выбраць пэўны прадмет з ліку гуманітарных.

— На сямейным савеце было прынята рашэнне (канечне, не без уліку маіх здольнасцей і жаданняў), што я буду паступаць у Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў на факультэт нямецкай мовы. І ў 1976 годзе я стала студэнткай. Жыццё — цікавая рэч, любіць падкідваць нечаканасці. Не абышлі яны і мяне. Маім першым працоўным месцам стаў дзіцячы сад у Свярдлоўскай вобласці. Апынулася я там дзякуючы мужу. Яго, маладога афіцэра, накіравалі туды па размеркаванні. А вакантнага месца ў школе тады не знайшлося. Праз 5 гадоў мы вярнуліся на нашу малую радзіму. З 1986 года я ўвесь час працую настаўніцай нямецкай мовы ў Старалядзенскай базавай школе імя Ф.П.Занько Лепельскага раёна, — расказвае Любоў Іванаўна.
І хаця 10 гадоў назад яна атрымала пасведчанне пенсіянера, развітвацца са школай і навучэнцамі ёй не хочацца, і на тое ёсць асабістыя прычыны:
— Я знайшла сваё прызванне і месца ў жыцці. Мне цікава працаваць з дзецьмі. Побач з імі я цудоўна сябе адчуваю. Нягледзячы на тое, што мы з розных пакаленняў, нам удаецца разумець адно аднаго. Я прыслухоўваюся да іх думак, меркаванняў, ідэй і поглядаў. Магу з імі разам пакатацца на веласіпедах. Калі працую ў лагеры ці праводжу тыдні здароўя, абавязкова бегаю, гуляю з імі. А дома што?
Пры гэтым яна ніколі не думала пра тое, каб перайсці працаваць у гарадскую школу:
— У сельскай школе для мяне шмат плюсоў. Мы ўсе ведаем адно аднаго, ведаем сем’і нашых навучэнцаў. Таму і з бацькамі работу будаваць прасцей. Удзельнікі нашых бацькоўскіх камітэтаў заўсёды гатовы дапамагаць. Я вяду ўрокі ў дзяцей з 3 па 9 клас. Улічваючы, што колькасць навучэнцаў невялікая, атрымліваюцца амаль індывідуальныя заняткі. Кожны дзень рыхтуюся да ўрокаў. Мне заўсёды было мала падручнікаў, абавязкова выкарыстоўваю дадатковыя матэрыялы.
Дзевяць яе выпускнікоў звязалі сваё жыццё з вывучэннем нямецкай мовы. Чатыры працуюць педагогамі ў школах раёна і вобласці, трое — перакладчыкамі. Магістр філалагічных навук Сяргей Матырка, прызёр Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Аляксей Стэльмах — яе навучэнцы.
Разам з дзецьмі Любоў Іванаўна прымала ўдзел у фестывалі міжкультурных камунікацый, які штогод праходзіў у раёне. Шмат разоў яны былі ў ліку пераможцаў у розных намінацыях.
Знаходзіць час настаўніца і для даследчых работ. Адна з іх была прысвечана рэкрэацыйным рэсурсам Лепельскага краю, другая — гісторыі малой радзімы.
— Мы даследавалі гісторыю дзвюх вёсак — Завідзічы і Шаркоўка. Зрабілі экскурсійны маршрут па выніках праведзенай работы. Асабіста для сябе вяду “Альбом гонару”, у якім сабрана інфармацыя пра маіх выпускнікоў, якія звязалі свой лёс з нямецкай мовай. У планах правесці даследчую работу на тэму “Роля настаўніка ў жыцці навучэнцаў”, каб прасачыць, як уплывае настаўнік на выбар прафесіі школьнікаў, — дзеліцца планамі Любоў Іванаўна.
І не адмаўляе, што паўплывала на рашэнне сваёй дачкі Таццяны стаць настаўніцай. Вельмі ганарыцца яе поспехамі.
— Яна з маленства правярала са мной сшыткі, дапамагала рыхтаваць карткі з заданнямі, бо тады ж не было ксераксаў, прынтараў. Таццяна скончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт з адзнакай. Вывучала нямецкую і англійскую мовы. Працуе з 2004 года ў сярэдняй школе № 3 Лепеля. Гэта самая вялікая школа ў горадзе. Таццяна Уладзіміраўна працаздольная і адказная, не саромеюся звяртацца да яе па параду адносна педагагічнай дзейнасці. Зараз яна займае пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце старшых класаў, вядзе ўрокі англійскай мовы, калі неабходна, і нямецкай, — гаворыць Любоў Іванаўна.
Марына ЖДАНАВА
Фота аўтара і з архіва Таццяны Кулеш





