Любоўю і міласэрнасцю

- 15:08Апошнія запісы, Выхаванне, Рознае

Шмат гадоў навучэнцы нашай установы вядуць рознабаковую даследчую дзейнасць. Працуючы з дакументамі ў архівах, вучні даведваюцца пра тое, аб чым, магчыма, забыліся і самі героі, што засталося незаўважаным або захавалася толькі на паперы ў выглядзе запісаў, часопісаў, малюнкаў. Здабытыя ў выніку пошуку дакументы пачынаюць “размаўляць”, расказваць тое, пра што ведаў толькі невялікі круг удзельнікаў падзей. Такую працу можна параўнаць з працай пошукавых атрадаў, бо твар любой вайны складаецца з лёсаў яе асобных удзельнікаў.

Ведаючы аб тым, што мая бабуля Вольга Ціханаўна Бакун у час Вялікай Айчыннай вайны была ўрачом партызанскай брыгады “Дзядзі Колі”, я цікавілася любой інфармацыяй пра гэта ў кнігах, артыкулах, у інтэрнэце. Брыгада “Дзядзі Колі” ў гады вайны дзейнічала на тэрыторыі Барысаўскага і Крупскага раёнаў Міншчыны і была адной з самых буйных.
Знаёмячыся ў метадычным кабінеце нашай школы з даследчымі работамі вучняў мінулых гадоў, знайшла ў адной з іх імя Вольгі Ціханаўны Бакун. Знайшла і аж ускрыкнула: “Гэта ж мая бабуля!” Расказала настаўніцы гісторыі Алене Генадзьеўне Маеўскай, што дома ў мяне захоўваюцца фатаграфіі бабулі, а яе ўспаміны, сшытыя ў кнігі, мы перадалі ў музей вёскі Іканы Барысаўскага раёна. Ці не маглі б гэтыя фатаграфіі, лісты, успаміны родных стаць яшчэ адным штуршком да даследавання? На мой погляд, тэма дактароў на вайне вельмі цікавая: якія былі ўмовы працы ў медыцынскіх работнікаў, якія аперацыі ім прыходзілася рабіць, якія інструменты выкарыстоўвалі, ці шмат было тых, хто выжыў пасля складаных аперацый?
Вучаніца 11 класа нашай школы Каця Антоненка і Алена Генадзьеўна з энтузіязмам узяліся за работу. Не абышлося і без расчараванняў: музей у вёсцы Іканы згарэў. Са шматлікіх матэрыялаў, якія мы туды перадалі, засталася толькі адна кніга ўспамінаў, якая захоўвалася ў Барысаўскім аб’яднаным музеі. На жаль, у той час, дваццаць з лішнім гадоў назад, мы не пакінулі сабе на памяць ніякіх запісаў, мяркуючы, што такому матэрыялу месца ў музейных экспазіцыях і архівах.

Даследчую работу Каця і Алена Генадзьеўна назвалі “Дарогай мужнасці і міласэрнасці”, што дакладна адлюстроўвае жыццёвае крэда маёй бабулі. Менавіта мужнасць (пераадоленне страху смерці) і міласэрнасць (гатоўнасць аказаць дапамогу таму, хто ў ёй мае патрэбу) — галоўныя якасці характару Вольгі Ціханаўны.
Уражваюць словы з яе ліста, адрасаванага Івану Аляксеевічу Жуковічу з горада Барысаглебска Варонежскай вобласці: “Асабліва перажываю за людзей і дзяцей, якія трапілі ў катастрофу цягнікоў “Чалябінск — Уфа”, “Уфа — Чалябінск” і атрымалі моцныя апёкі. Калі б я была здаравейшая і маладзейшая, то абавязкова паехала б на дапамогу пацярпелым” (а ёй ужо быў 81 год!).

Юную даследчыцу Кацю Антоненка асабліва ўразіў факт правядзення пластычнай аперацыі ва ўмовах партызанскага шпіталя аднаму з маладых байцоў Якаву Ксяндзову. А было гэта так: “Якаву далі выпіць 100 грамаў спірту, паклалі на аперацыйны стол. Рану правай шчакі ён сам затампанаваў насоўкай і прытрымліваў рукой. Ён быў паранены асколкам снарада, выпушчанага з гарматы. Агледзеўшы хлопца, паставілі дыягназ: агнястрэльнае асколачнае раненне костак верхняй сківіцы і мяккіх тканак твару, пералом у чатырох месцах ніжняй сківіцы, траўматычнае выпадзенне дзевяці зубоў, раненне языка, мяккіх тканак шыі, тулава і ніжніх канечнасцей. Дэфект мяккіх тканак і костак на правай шчацэ складаў у дыяметры 7х9 см. Цяжка было нават уявіць, якім чынам можна закрыць такую рану. Мы з доктарам Галанкіным зрабілі ўслых здагадку, што рот пасля аперацыі застанецца збоку. Гэта пачуў паранены і, жэстам папрасіўшы кавалак паперы, напісаў: “Доктар, я не жанаты, і калі застацца вырадкам, то лепш памерці”. Мы сталі яго супакойваць і паабяцалі, што зробім усё магчымае, каб захаваць твар. З алюмініевага дроту, дастаўленага са зброевай майстэрні, была сканструявана шына, якую наклалі на верхнюю і ніжнюю сківіцы. У лясным шпіталі была зроблена пластычная аперацыя мяккіх тканак твару. Удалося зашыць язык. У выніку аперацыі рот параненага застаўся ў цэнтры твару. Пасля трох тыдняў, калі знялі швы, Якаў Ксяндзоў нарэшце ўбачыў свой твар. Ён застаўся вельмі задаволены і запрасіў дактароў на сваё вяселле пасля вайны”.

Падчас прэзентацыі сваёй даследчай работы Каця Антоненка настаяла на тым, каб менавіта гэты выпадак быў агучаны як пацвярджэнне высокага прафесіяналізму ўрача В.Ц.Бакун, якая па спецыялізацыі была ўрачом-гінеколагам. Мяне ж як маці асабліва ўразіў учынак бабулі, калі яна, адклаўшы на другі план сваё, асабістае дзеля выратавання іншых, з маленькім сынам на руках пайшла да людзей, бо ім была патрэбна яе дапамога, дабрыня і міласэрнасць, і стала партызанскім доктарам. Падчас блакады партызан, калі медперсанал, хворыя і параненыя вымушаны былі хавацца на патаемным востраве, скончыліся прадукты харчавання. Параненых і дзяцей кармілі ежай з крапівы і зайцавай капусты. Аднойчы Вольга Ціханаўна з калегай Верай Падбярозка і адным з партызан, які ўжо мог хадзіць і паказваць дарогу, накіраваліся на суседні востраў, дзе ў параненых з іншых атрадаў было зерне. Ішлі па балоце пяць кіламетраў. Суседзі выдзелілі ім паўтара пуда ячменю і прапанавалі жорны для памолу. Пры святле месяца, стомленыя і шчаслівыя, яны вярнуліся на свой востраў на вялікую радасць дзяцей і параненых. Кожны раз на востраве ў Вольгі Ціханаўны заставаўся маленькі сын, але яна сыходзіла, пакідаючы яго і разумеючы, што ў выпадку няўдачы, сустрэчы з фашыстамі больш ніколі не ўбачыць хлопчыка.

28 чэрвеня 1944 года на востраў прыбылі разведчыкі з брыгады “Дзядзі Колі” і паведамілі, што ёй неабходна хутка прыбыць у вёску Будзенічы, дзе было шмат параненых партызан і знаходзілася камандаванне брыгады. Пераадолеўшы 25 кіламетраў воднага шляху, Вольга Ціханаўна прыйшла ў Будзенічы для аказання тэрміновай медыцынскай дапамогі. На наступны дзень яна стала сведкай пераправы савецкіх войскаў праз возера Палік. І толькі 1 ліпеня знайшла сярод Палікоўскага балота востраў з параненымі і сваім сынам. У адзін човен перанеслі хворых і параненых, а ў другі — дзяцей і медыцынскія інструменты. Гэтым чоўнам яна кіравала сама.
Прайшоўшы праз неверагодныя выпрабаванні, бабуля зноў і зноў накіроўвалася туды, дзе была патрэбна яе дапамога. Яна будзе ўсюды, дзе немагчыма без любові і міласэрнасці. І пасля вайны яна заставалася сапраўдным прафесіяналам, працягвала служыць людзям, аддавала ўсю сябе працы. Вользе Ціханаўне Бакун было прысвоена званне “Заслужаны ўрач БССР”, яна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалём “Партызану Айчыннай вайны I ступені” і іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі.
З вынікамі свайго даследавання Каця Антоненка пазнаёміла аднакласнікаў на адным з урокаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Як важна цяпер, калі імкліва адыходзяць сведкі той жудаснай вайны, данесці да нашых дзяцей сэнс слоў “мужнасць”, “міласэрнасць”, “гераізм”, “патрыятызм”. Шчыры дзякуй Алене Генадзьеўне Маеўскай і Кацярыне Антоненка, якія дапамаглі нам усім прайсці дарогай мужнасці і міласэрнасці, зірнуць на маю бабулю іншымі вачыма, вачыма дарослага чалавека, маці і грама-дзяніна.

 

Людміла БАЛЬШАКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 9 Барысава.