Пра неабходныя ўмовы прафесійнага самавызначэння вучняў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”расказала дырэктар гімназіі Дзяржынска Людміла Станіславаўна Паўхлеб.
Развіваць інжынерную думку…
— Людміла Станіславаўна, раскажыце, калі ласка, якім быў ваш шлях у педагогіку.
— Стаць настаўніцай я марыла з дзяцінства. Помню, як праводзіла ўрокі дома з умоўнымі вучнямі, а замест дошкі выкарыстоўвала дзверы шафы.
У далейшым уплыў на выбар прафесіі аказала мой класны кіраўнік Валянціна Іванаўна Карагіна, настаўніца рускай мовы і літаратуры. Акрамя яе, мне падабаліся многія педагогі, разам з імі я кожны дзень атрымлівала новыя веды, паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядах. З удзячнасцю ўспамінаю настаўніцу англійскай мовы Ірыну Антонаўну Юран, настаўніцу хіміі Вольгу Міхайлаўну Варанецкую, настаўніцу матэматыкі Тамару Якаўлеўну Гладчанка.
Свой працоўны шлях пачынала настаўніцай пачатковых класаў у Дзямідавіцкай сярэдняй школе, затым займала пасады метадыста, галоўнага спецыяліста ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме. З верасня 2015 года працую дырэктарам гімназіі Дзяржынска. Самым важным настаўнікам, у якога атрымлівала кіраўніцкі вопыт, стаў для мяне былы дырэктар нашай установы адукацыі Мікалай Уладзіміравіч Мірон, пры якім пачынала сваю педагагічную дзейнасць. Ён і сёння актыўны ўдзельнік самых важных для гімназіі мерапрыемстваў.
— Як будуеце работу з адоранымі дзецьмі?
— Думаю, што работа з адоранымі дзецьмі — гэта адзін з ключавых напрамкаў дзейнасці кожнай установы адукацыі. Было б выдатна, калі б мы маглі сказаць, што кожнае дзіця — адоранае. Мы стараемся знаходзіць шляхі развіцця кожнага навучэнца, таму ў нас такі шырокі спектр напрамкаў пазавучэбнай дзейнасці: у гімназіі працуе больш за 40 гурткоў рознага кірунку. Адораныя навучэнцы ўваходзяць у склад трох творчых калектываў гімназіі са званнем “узорны”. Гэта студыя эстраднай песні “Новыя імёны”, аркестр народных інструментаў, калектыў спартыўнага бальнага танца “Тайм стэп”. Наша галоўная мэта — стварыць такое асяроддзе, у якім адораныя дзеці змогуць максімальна раскрываць свой патэнцыял, адчуваць сябе камфортна і матывавана, а іх поспехі стануць прыкладам для іншых вучняў.
Як дырэктар я падтрымліваю ўсе пачынанні свайго калектыву. Мы стараемся адсочваць поспехі, інтарэсы і схільнасці навучэнцаў, каб своечасова заўважаць іх таленты. Псіхалагічная падтрымка, дапамога ў адаптацыі адораных дзяцей, якія часам сутыкаюцца з павышанымі чаканнямі або цяжкасцямі ў зносінах з аднагодкамі, развіццё эмацыянальнага інтэлекту, навучанне дзяцей навыкам самарэгуляцыі і кіравання стрэсам вельмі важныя. Але не менш важна ўлічваць меркаванні і інтарэсы бацькоў, бо менавіта яны часта першымі заўважаюць здольнасці сваіх дзяцей. Таму мы заўсёды падтрымліваем зваротную сувязь з законнымі прадстаўнікамі вучняў.
Нашы дзеці прымаюць удзел ва ўсіх этапах рэспубліканскай алімпіяды, у творчых конкурсах, займаюцца даследчай работай. Мы ганарымся іх перамогамі і абавязкова падтрымліваем, калі не ўсё атрымліваецца так, як хацелася. Нашу сістэму работы можна апісаць некалькімі важнымі словамі: матывуй, заўважай, дапамагай, заахвочвай, падтрымлівай!
— У гімназіі Дзяржынска не адзін год дзейнічаюць міжшкольныя педагагічныя класы. Ці апраўдаў сябе такі кірунак?
— Міжшкольныя педагагічныя класы, якія аб’ядноўваюць тых навучэнцаў устаноў адукацыі Дзяржынскага раёна, якія імкнуцца звязаць сваё жыццё з педагагічнай прафесіяй, у нас дзейнічаюць з 2015 года.
У гэтым навучальным годзе было юбілейнае, дзясятае адкрыццё педагагічнага класа. Штогод выпускнікі радуюць паступленнем ва УВА на педагагічныя спецыяльнасці (ад 50 да 90%). Будучыя настаўнікі не сумняваюцца ў тым, куды паступаць, таму што прафарыентацыйная работа ў гімназіі праводзіцца з мэтай усвядомленага выбару прафесіі. Практыкуюцца сустрэчы з вопытнымі педагогамі, экскурсіі на факультэты педагагічнага ўніверсітэта, удзел у мерапрыемствах, якія прапануе БДПУ, рэаліці-праекты, алімпіяды, конкурсы, педагагічныя пробы. Паспяхова прайшоўшы субяседаванне, выпускнікі педагагічнага класа становяцца студэнтамі БДПУ, БДУ, БарДУ, БНТУ.
З 2021 года, скончыўшы навучанне і атрымаўшы педагагічную спецыяльнасць, настаўнікі пачатковых класаў, фізічнай культуры і здароўя, гісторыі, біялогіі, працоўнага навучання, педагогі-псіхолагі, настаўнікі-дэфектолагі, выхавальнікі вяртаюцца на малую радзіму і папаўняюць педагагічныя шэрагі сістэмы адукацыі Дзяржынскага раёна.
— У вас створаны інжынерна-тэхнічны цэнтр. Чаму гімназісты вучацца ў ім?
— Інжынерна-тэхнічны цэнтр створаны з мэтай падрыхтоўкі вучняў да будучай прафесіі. Мы стараемся фарміраваць у дзяцей цікавасць да інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцей і развіваць прафесійныя навыкі, неабходныя для паспяховай кар’еры ў тэхнічнай сферы. Нашы педагогі вучаць дзяцей прымяняць тэарэтычныя веды, атрыманыя на ўроках, у практычнай дзейнасці для вырашэння рэальных інжынерна-тэхнічных задач. Таксама імкнёмся стымуляваць у гімназістаў крэатыўнае мысленне і развіццё інжынернай думкі праз удзел у праектнай і даследчай дзейнасці.
У інжынерна-тэхнічным цэнтры арганізоўваем вучэбныя заняткі, праводзім майстар-класы, семінары. Навучэнцы ствараюць і рэалізуюць праекты, накіраваныя на вырашэнне актуальных інжынерных і тэхнічных задач, а пасля дэманструюць свае навыкі і дасягненні ў конкурсах, навукова-тэхнічных выставах. У будучыні плануем наладзіць супрацоўніцтва інжынерных цэнтраў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з прадпрыемствамі раёна.
…і матывацыю
— У наступным навучальным годзе ваша ўстанова адукацыі адзначыць юбілей — 35 гадоў. Якія адукацыйныя традыцыі, закладзеныя ў мінулым, падтрымліваеце і сёння?
— З моманту заснавання гімназіі адной з самых значных і натхняльных традыцый стала штогадовае правядзенне дня навукі. Гэтае мерапрыемства сімвалізуе вечныя каштоўнасці — сілу розуму, прагу пазнання і імкненне да самаўдасканалення. Кожны год гімназія напаўняецца ўрачыстай атмасферай навукі, дасягненняў і натхнення, і гэтая традыцыя стала сэрцам інтэлектуальнага жыцця гімназіі.
Некалькі гадоў назад адчулі, што ў рамках аднаго дня нам цесна. Традыцыя абнавілася: зараз гэта тыдзень навукі, у якім ёсць інтэлектуальныя гульні, пазнавальныя экскурсіі, конкурсы і адкрыцці. Вучні 2—4 класаў адпраўляюцца ў “лабараторыі” старшакласнікаў, дзе юныя хімікі, фізікі і біёлагі раскрываюць сакрэты навакольнага свету, даходліва тлумачаць цікаўным малышам, што такое малекулы і якімі чараўнікамі могуць быць навукоўцы. Лупы, мікраскопы, хімічныя рэчывы і фізічныя эксперыменты — новы свет для будучых эксперыментатараў. Конкурс постарных дакладаў дае шанс навучэнцам 5—8 класаў падзяліцца сваімі ідэямі, прадэманстраваць таленты і даведацца штосьці новае. Тэматыка конкурсу штогод вар’іруецца: штогадовая навукова-практычная канферэнцыя для вучняў 8—11 класаў дае магчымасць прадставіць журы свае праекты, даследаванні і адкрыцці і падрыхтавацца да раённага конкурсу работ даследчага характару. Кульмінацыяй тыдня навукі становіцца цырымонія ўзнагароджання. Лепшыя з лепшых — пераможцы алімпіяд, конкурсаў і навуковых праектаў і іх кіраўнікі-педагогі — паднімаюцца на сцэну, каб атрымаць заслужаныя ўзнагароды. Гэта не проста прызнанне іх дасягненняў, але і матывацыя для іншых навучэнцаў, якая паказвае, што праца, упартасць і дапытлівасць заўсёды ўзнагароджваюцца.
— Што для вашых педагогаў з’яўляецца імпульсам да прафесійнага росту? Якая роля ў гэтым належыць кіраўніку ўстановы?
— Для педагогаў любой паспяховай гімназіі імпульсам да прафесійнага росту можа быць мноства фактараў, пачынаючы ад унутранай матывацыі ці знешняга заахвочвання. Тут ключавымі аспектамі з’яўляюцца прафесійнае прызнанне, стварэнне ўмоў для росту, публічнае прызнанне ўкладу ў развіццё гімназіі або навучэнцаў. У нашым калектыве мы заўсёды радуемся дасягненням адно аднаго, шукаем магчымасці паўдзельнічаць у семінарах, трэнінгах, канферэнцыях. Характэрнай рысай арганізацыі нашага школьнага жыцця з’яўляецца калегіяльнасць. Напрыклад, у гімназіі ўжо два гады працуе клуб “Хрустальная сініца”, які аб’ядноўвае педагогаў — удзельнікаў конкурсаў прафесійнага майстэрства розных гадоў. Членам гэтага клуба пад сілу любыя задачы.
Пасля паспяховага выступлення ў конкурсе прафесійнага майстэрства для маладых кіраўнікоў Мінскай вобласці “Малады дырэктар” у 2019 годзе ўзначальваю клуб дырэктараў Дзяржынскага раёна “Малады дырэктар”. На сустрэчах у межах клуба з задавальненнем дзялюся сваімі ведамі і вопытам па паляпшэнні адукацыйнага працэсу і стратэгій развіцця школы.
Лічу, што кіраўнік павінен быць натхняльнікам і сваім прыкладам падахвочваць іншых да прафесійнага самаўдасканалення. Стараюся заахвочваць ініцыятыву, навацыі і эксперыменты ў выкладанні. Для мяне вельмі важна ствараць матывацыйнае рабочае асяроддзе, дзе цэняцца творчасць і энтузіязм.
— На што звяртаеце ўвагу, прымаючы на работу маладых спецыялістаў?
— Пры прыёме на работу маладых спецыялістаў заўсёды звяртаю ўвагу на іх камунікатыўныя навыкі і педагагічны патэнцыял. Для мяне важна ўменне будаваць кантакт з дзецьмі, бацькамі і калегамі, а яшчэ энтузіязм, імкненне да росту, гатоўнасць вучыцца. На першых сустрэчах з маладымі спецыялістамі заўсёды праводзім субяседаванне, на якім расказваем пра гімназію і нашы чаканні. Важна зразумець асобу кандыдата, яго матывацыю і гатоўнасць адпавядаць высокім стандартам гімназіі.
— Людміла Станіславаўна, якімі якасцямі павінен валодаць кіраўнік, каб утрымліваць установу адукацыі на высокіх пазіцыях?
— Каб гэтага дасягнуць, трэба шмат ведаць і ўмець, пастаянна развіваць свае здольнасці, ставіць доўгатэрміновыя мэты і распрацоўваць стратэгіі іх дасягнення, натхняць калектыў, матываваць настаўнікаў і вучняў на высокія вынікі, будаваць эфектыўнае ўзаемадзеянне з калегамі, вучнямі, бацькамі. А яшчэ для дырэктара вельмі важна заўсёды быць гатовым браць на сябе адказнасць за прынятыя рашэнні, ведаць нарматыўна-прававую базу ў сферы адукацыі і быць амаль юрыстам, дызайнерам, стылістам,
эканамістам, рэжысёрам…
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА