Едучы на інтэрв’ю да Людмілы Ваўчок, я і не ўяўляла, наколькі важнай стане наша размова для мяне самой. Мы сустрэліся з паралімпійскай чэмпіёнкай каля пад’езда, і я назірала, з якім неверагодным спрытам яна падымаецца па прыступках на калясцы. Пад’ёмнік, які ўсталяваны ў пад’ездзе спецыяльна для спартсменкі, аказаўся зусім незапатрабаваным. “Ён настолькі марудны, што мне прасцей дабірацца да кватэры самой”, — усміхаецца Людміла.
Яе гісторыя ўражвае… У 20 гадоў Люда Ваўчок была чэмпіёнкай краіны ў бегу з бар’ерамі на 2000 метраў, уваходзіла ў нацыянальную зборную і рыхтавалася да сваёй першай Алімпіяды ў Афінах. Хто б мог падумаць, што недарэчны выпадак пераверне ўсё яе жыццё. 11 верасня 2001 года запомнілася ўсяму свету падзеямі ў Нью-Ёрку. Вежы-блізняты, якія складваліся, як картачныя домікі… Мільёны людзей, прыкаваныя да тэлевізійных экранаў, і тысячы там — у самым сэрцы Вялікага яблыка… Днём пазней за падзеямі назіралі і ў адным са сталічных інтэрнатаў. Аднак тэлевізар ішоў дрэнна і Людміла вырашыла паправіць антэну на даху. Так да мноства трагедый дадалася яшчэ адна.
Сёння, гледзячы на яе сонечную ўсмешку, на запал, з якім яна прымае выпрабаванні лёсу, не верыцца, што гэтая прыгожая жанчына — чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Вакол столькі людзей, якія абмежаваны значна больш… Тым, што не маюць веры ў сябе.
Дзякую Богу за ўсё
— Людміла, разумею, што ўсе журналісты пытаюцца пра гэта… Калі жыццё мяняецца так кардынальна, што прымушае рухацца далей?
— Хутчэй не што, а хто. Са мной былі мой брат і мама. Дарэчы, з братам у нас не было такіх блізкіх адносін, як цяпер. І гэта зразумела: у яго сям’я, я — у спорце. Калі здарылася няшчасце, ён нікога да мяне не падпускаў, нават маму, усё рабіў сам. Так што ў мяне не было ніякага выбару, акрамя як ісці наперад (смяецца). Я не магла весці сябе па-іншаму. Мы кожны дзень знаходзілі хоць самую нязначную падставу для таго, каб пасмяяцца, каб парадавацца. Канечне, і плакалі шмат. Цэлы год ляжала ў розных клініках. Я не магла паверыць, што буду цяпер на калясцы, бо ўсё маё жыццё было звязана са спортам, з бегам. Але як ёсць. І я дзякую Богу за ўсё. За тое, што ў мяне атрымалася ў спорце, за тое, што магу дапамагаць іншым людзям, за сяброў, за сям’ю, за маю маленькую дачушку.
— Ты лічыш сябе моцным чалавекам?
— Не ведаю. Я ўвогуле не магу сябе ацэньваць. Проста жыву, і мне хочацца жыць поўным жыццём. Моцная? Не, думаю, я проста ўпартая. Калі ёсць мэта — іду да яе, а калі нешта не падабаецца — адразаю непатрэбнае. У спорце, у жыцці, у адносінах…
Я вырасла ў Смілавічах, у нас была свая гаспадарка. І мама прывучала нас з братам з самага дзяцінства да работы. Вось так характар і закладваўся. Мне, дарэчы, займацца спортам урачы катэгарычна забаранялі, я нават ад фізкультуры была вызвалена. Але была такая непаседлівая, што калі ў школу прыйшла трэнер па лёгкай атлетыцы і прапанавала запісацца ў секцыю, я была адной з першых. І цяпер здзіўляюся, як мая мама згадзілася на гэта. Але спорт дапамог мне тады справіцца з парокам сэрца.
У лёгкай атлетыцы я сябе знайшла. Мне было так цікава выступаць на спаборніцтвах! Дзякуючы гэтаму, я шмат ездзіла па Беларусі, а потым і за мяжу трапіла. Убачыць мора, акіян — было вяршыняй маіх мар. Не за кошт мамы… Я зрабіла гэта сама.
У трэнераў няма стымулу займацца з паралімпійцамі
— Ведаю, што пасля траўмы ты спрабавала многае. Аднак поспеху дабілася менавіта ў лыжных гонках і веславанні…
— Калі мой цяперашні трэнер Тамара Мікалаеўна Шыманская прапанавала паспрабаваць лыжныя гонкі на санках, яна мала што ведала пра мяне. Толькі тое, што ў мінулым я лёгкаатлетка. А мне не хацелася звязвацца з зімовымі відамі спорту. Усё ж яна нейкім цудам угаварыла маю сям’ю. Мой першы залаты медаль прынеслі лыжныя гонкі на санках на 10 км на Паралімпіядзе ў Турыне. Потым былі медалі на іншых дыстанцыях. У 2008 годзе на Паралімпіядзе ў Пекіне заваявала “серабро” ў веславанні. А ў 2010-м — зноў “золата” ў лыжных гонках на санках на 10 км у Ванкуверы.
Вельмі няпроста бывае, калі сутыкаюцца два моцныя характары. І ўсё ж я вельмі ўдзячна майму трэнеру за ўсё. Я бачу, як яна перажывае за вынік, і гэта дарагога каштуе. На жаль, сёння ў трэнераў няма стымулу займацца з паралімпійцамі. Гэта складаная работа, якая не аплачваецца належным чынам. Калі б не Тамара Мікалаеўна, то мне, нават будучы ўжо чэмпіёнкай, трэніравацца не было б з кім. Ну няма ў Беларусі ў паралімпійскай сферы трэнераў-фанатаў!.. А Шыманская са мной на працягу ўсёй трэніроўкі, яна побач на веласіпедзе праходзіць усю дыстанцыю, нягледзячы на тое, што ёй ужо 65 гадоў.
— Як наконт таго, каб у будучыні самой паспрабаваць сябе ў ролі трэнера?
— Не. Гэта работа не для мяне (смяецца). Тут патрэбна падвесці спартсмена да спаборніцтваў на піку формы. Нават не ўяўляеш, якія патрэбна мець нервы. Я выдатна разумею важнасць і перспектывы такой работы, але мне прасцей зрабіць усё самой. Я такі чалавек.
Цяпер рыхтуемся да Паралімпіяды ў Сочы. У нас па дзве трэніроўкі на дзень. Адпачываць не прыходзіцца — узровень будзе вельмі сур’ёзны.
— Асноўныя сапернікі ўжо “на прыцэле”?
— Я нікога не скідваю з рахунку. Мае сапернікі — абсалютна ўсе спартсмены, якія выйдуць са мной на дыстанцыю. У спорце вельмі многае залежыць ад удачы, ад таго, як змазаны санкі… Таму пэўная доля маіх медалёў — гэта работа сэрвісменаў (смяецца). На жаль, тыя спецыялісты, якія з намі працавалі ў гэтым кірунку, адмовіліся ад супрацоўніцтва. Што будзе далей? Пакуль не ведаю. Але нам не пашкодзіла б раўняцца на сваіх суседзяў — Расію, Украіну. Там паралімпійскі спорт на высокім узроўні. Украінцы ўжо даўно будуюць для спартсменаў-паралімпійцаў спецыялізаваныя цэнтры, трэніровачныя базы. Напрыклад, у той жа Еўпаторыі, дзе я нядаўна трэніравалася. Цяжкая атлетыка, тэніс, плаванне… Можна развіваць любы від спорту. Туды з’язджаюцца спартсмены з самых розных краін. Не так даўно ва Украіне пабудавалі цудоўную лыжную базу для паралімпійцаў.
Калі вярнуцца да тэмы саперніцтва, то ўсё ж самы галоўны сапернік для мяне — гэта я сама. Любыя спаборніцтвы — гэта не толькі фізічная, але і вялізная псіхалагічная нагрузка. Старт — акіян адрэналіну. Майстэрства ў тым, каб настроіць сябе, быць, што называецца, “на спуску”, але не перагарэць. Я час ад часу працую са спартыўным псіхолагам, але часцей за ўсё сама сабе спецыяліст (смяецца). Прыходзіцца прыкладаць сур’ёзныя намаганні, каб не засяроджвацца на выступленні, каб хоць неяк адцягнуць увагу і стрымаць тую энергію, якая кіпіць унутры і рызыкуе вырвацца. Я ў такім выпадку вышываю крыжыкам.
— Жартуеш…
— Ды не. Мая апошняя работа — дзяўчынка з канём. Цяпер афармляю яе ў рамку.
— Людміла, ты ўзгадала выдатныя трэніровачныя базы ў суседніх краінах. Вядома, што ездзіш на зборы і ў краіны Заходняй Еўропы. А дзе трэніруешся ў Беларусі?
— Цяпер я займаюся лыжаролерамі і веславаннем. Гэтыя віды дзейнасці выдатна дапаўняюць адзін аднаго. Мне падабаецца лячэбна-рэабілітацыйны комплекс пратэзнага завода, дзе ўсё прыстасавана для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Там я наведваю трэнажорную залу, басейн.
Што да веславання, то тут сітуацыя складаная. Гэта смешна, але сталічны Дом веславання недаступны для паралімпійцаў: там няма ніводнага пандуса. Я ўнутры і не бываю. Прыязджаю да элінгаў, дзе захоўваюцца лодкі, і спускаюся на канал. Уявіце сабе, новы, сучасны будынак і не прадугледжвае безбар’ернага асяроддзя.
Яшчэ для спартсменаў на калясках даступная лыжаролерная траса, але і там праблем хапае. Толькі разгонішся, як трэба прытармазіць і пераадолець бардзюр. Ну якая тут эфектыўнасць трэніроўкі? Я праверыла ўсё гэта на сабе. І думаю, што нам пара, як у ЗША, пасадзіць чыноўнікаў на каляскі і даць ім магчымасць пакатацца па горадзе.
У доме, дзе жыву, няма пандуса
— Паколькі “Настаўніцкая газета” — выданне для педагогаў, то не магу не запытацца, ці любіла Люда Ваўчок фізкультуру ў школе?
— Ну а як яе было не любіць (смяецца). Яна давалася мне з лёгкасцю. У школе я была шэрай мышкай і асаблівай увагі не прыцягвала, але толькі не ў спорце. Усю сваю сілу выдавала на трэніроўках.
Іншыя прадметы? Памятаю, што ў мяне была “двойка” за чвэрць па фізіцы. Не магу сказаць, што я не любіла яе. Проста ў той час спорт ужо поўнасцю захапіў мяне, пачаліся зборы, трэніроўкі, і я шмат заняткаў прапускала. На шчасце, мая мама разумела, што я знайшла свой любімы занятак, так што праблем з ёй у мяне не было. Хімію таксама не вельмі любіла. А вось біялогія была для мяне ў ліку самых цікавых.
— Каго са сваіх школьных настаўнікаў памятаеш?
— Усіх памятаю і вельмі паважаю. Мае школьныя гады былі дастаткова спакойнымі. Толькі адзін выпадак асабліва запомніўся мне і, думаю, маім настаўнікам. У школу прыйшлі дакументы аб тым, што я вызвалена ад выпускных экзаменаў. Гэта выклікала хвалю абурэння, і сітуацыя доўга не магла знайсці паразумення. Але такое рашэнне прымала не я, таму заставалася толькі перачакаць непрыемную рэакцыю.
— Не паверу, што запомнілася толькі гэта, а як жа першае каханне?
— Было (усміхаецца). Я сустракалася з хлопцам з іншай школы. Неяк дзяўчаты запыталіся, маўляў, якія адносіны нас звязваюць? Памятаю, што мне не хацелася ні з кім гэта абмяркоўваць. Прасцей было сказаць, што паміж намі нічога асаблівага. Гэтая думка, але ўжо ў значна больш фантастычным варыянце, дайшла да яго. Больш мы не бачыліся. Шкадую, што і да гэтага часу не высветлілі, чаму так атрымалася. Думаю, ён крыўдуе на мяне.
— Людміла, наколькі я ведаю, твая далейшая адукацыя складвалася больш паспяхова, чым у школе…
— Так, я скончыла інстытут турызму і гасціннасці, а таксама магістратуру. Планую пасля завяршэння спартыўнай кар’еры звязаць свой лёс менавіта з гэтай сферай дзейнасці. Мне цікава. Буду ўздымаць пытанні безбар’ернага асяроддзя. Мару некалі стварыць атэль, дзе людзі на калясках змогуць адчуваць сябе вольна і камфортна. Гэта ўсё рэальна, патрэбна толькі моцна захацець.
У свой час мяне вельмі ўразіў у гэтым плане Мюнхен і мюнхенскае метро ў прыватнасці. Там немагчыма заблукаць. А людзі на калясках абсалютна самастойныя, ім проста непатрэбна дапамога. Кітай таксама на вышыні. Вы ведаеце, што на кітайскую сцяну можа забрацца чалавек у любым стане? Для гэтага ёсць усё, што патрэбна: пандусы, ліфты, фунікулёры. Прадумана кожная дробязь. А ў доме, дзе я жыву, пандуса няма. Калі я патэлефанавала ў пэўную службу, мне адказалі, што ён будзе псаваць эстэтычны выгляд дома.
Так што работы ў мяне акажацца нямала (смяецца)…
— Ну і апошняе пытанне. Якія мары ў паралімпійскай чэмпіёнкі? Магчыма, яны звязаны з будучай Паралімпіядай у Сочы?
— Гульняў, канечне, чакаю. Аднак, разважаю так: будзе медаль — выдатна, не будзе — не буду падаць духам. У маім жыцці столькі магчымасцей, столькі планаў… Толькі не падумай, што я вар’ятка, але па-сапраўднаму мару пра горныя лыжы (смяецца). Проста так, для сябе, у якасці адпачынку. Ёсць спецыяльныя моналыжы для людзей на калясках. Я ўжо спрабавала ў Фінляндыі. Дух захапіла! А яшчэ мару, што калі-небудзь у маёй дачушкі з’явіцца брацік ці сястрычка. Я мару проста жыць!