Мабільная экспазіцыя “Вызваленне Беларусі. Верасень 1943 г. — ліпень 1944 г.”, якую падрыхтаваў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, з верасня адправіцца па гарадах Беларусі, паведаміў дырэктар музея Мікалай Скобелеў.
Цяпер складаецца маршрут выставы, пляцоўкай для стварэння якой стала прастора перасовачнага паўпрычэпа плошчай 30 м2. Час дзеяння экспазіцыі неабмежаваны. Паводле задумы, яе ўбачаць грамадзяне як мага большай колькасці населеных пунктаў Беларусі. Галоўная ідэя праекта — зрабіць музей больш даступным для наведвальнікаў з аддаленых куткоў Беларусі.
Суправаджаць экспазіцыю будуць навуковыя супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Экспазіцыя складаецца з чатырох раздзелаў. Першы і другі прысвечаны пачатковаму этапу вызвалення рэспублікі і стратэгічнай наступальнай аперацыі “Баграціён”.
Трэці раздзел расказвае аб адной з асаблівасцей аперацыі “Баграціён” — узаемадзеянні часцей і злучэнняў Чырвонай Арміі з партызанскімі фарміраваннямі.
Партызанскі парад, які адбыўся 16 ліпеня ў вызваленым Мінску, стаў тэмай чацвёртага раздзела.
Праект экспазіцыі рэалізаваны сумесна з Пасольствам Кітая ў Беларусі. Прэзентацыя адбылася ў Дзень Незалежнасці Беларусі.