Мабільны рэсурсны пакой абсталявалі ў Віцебскім ЦКРНіР дзякуючы падтрымцы ЮНІСЕФ

- 13:00Новости

Новы крок зроблены ў рэалізацыі гуманітарнага праекта «Папярэджанне інстытуцыяналізацыі і дэінстытуцыяналізацыі дзяцей ранняга ўзросту і дзяцей з інваліднасцю ў Віцебскай вобласці». Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Як паведаміла дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Марынэ Фёдарава, праект прадстаўлены Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), разлічаны на два гады і заснаваны на міжведамасным узаемадзеянні. У паўночным рэгіёне яго ажыццяўляюць з 8 лістапада мінулага года галоўныя ўпраўленні па адукацыі і ахове здароўя, камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама. У праекце задзейнічаны Віцебск, Наваполацк, Докшыцкі, Лепельскі, Аршанскі, Полацкі, Сенненскі раёны і непасрэдна Віцебскі абласны спецыялізаваны дом дзіцяці, Багушэўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, Дзіцячы дом горада Віцебска і Бягомльская спецыяльная школа-інтэрнат Докшыцкага раёна.

Да мэтавай групы праекта адносяцца сем’і дзяцей, якія пражываюць у гэтых інтэрнатных установах, а таксама біялагічныя і замяшчальныя сем’і, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей ранняга ўзросту, у тым ліку з фактарамі рызыкі ўзнікнення парушэнняў развіцця. Праграма праекта «Сям’я кожнаму дзіцяці» накіравана на паўнавартасную інтэграцыю дзяцей-інвалідаў у соцыум, у тым ліку на садзеянне і дапамогу ў аднаўленні кантакту з біялагічнымі бацькамі або пошук новай сям’і, развіццё альтэрнатыўных форм уладкавання (усынаўленне, апека і папячыцельства, прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу). Акрамя названых інтэрнатных устаноў, на сёння праграма ахоплівае каля 700 сем’яў. Маштабная ініцыятыва рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Прыёрбанка, «Райфайзен-Лізінга» і за кошт дабрачынных ахвяраванняў.

— Мы сёння шукаем новыя падыходы, прыёмы, формы работы з выкарыстаннем сучаснага абсталявання для больш якаснай ацэнкі сітуацыі і аказання дапамогі сем’ям, у якіх ёсць дзеці-інваліды, — расказала М. Фёдарава, якая з’яўляецца каардынатарам праекта. — Падчас работы ўзнікла ідэя мабільнага рэсурснага пакоя як дадатковага сродку вырашэння задачы прафілактыкі інстытуцыяналізацыі дзяцей ранняга ўзросту. Дзякуючы сацыяльнаму партнёрству задума была ажыццёўлена. Сума інвестыцый у асістыўнае і рэабілітацыйнае абсталяванне склала 50 тыс. рублёў.

Перадача сертыфіката адбылася ў абласным ЦКРНіР. Новае абсталяванне ўключае камунікатары, лупы, трэнажоры, вертыкалізатары і гульнявыя наборы і комплексы, лагапедычнае люстэрка, дапаможныя планшэты, лячэбныя касцюмы. Па словах суразмоўніцы, арганізацыя работы новага рэсурснага пакоя значна пашырае спектр аказання комплекснай дапамогі дзецям рэгіёна, якія маюць 3-ю і 4-ю ступень страты здароўя. Сярод важных асаблівасцей рэсурснага пакоя трэба вылучыць яго мабільнасць. Гэта значыць, што з’явіліся новыя эфектыўныя шляхі падтрымкі спецыялістаў і законных прадстаўнікоў непаўналетніх з невялікіх гарадоў, райцэнтраў і вёсак. А галоўнае, дзеці атрымалі дадатковыя магчымасці для развіцця і навучання, каб у выніку максімальна інтэгравацца ў грамадства.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным ЦКРНіР