Мабільныя дадаткі, буктрэйлеры і віртуальныя 3D-панарамы ствараюць юныя міратворцы з Наваельні

- 11:00Образование

Адной са значных падзей 2023 г. у Дзятлаўскім раёне стала прысваенне Новаяльнянскай сярэдняй школе звання «Школа міру», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Юныя міратворцы даказваюць прыхільнасць ідэям міру, здаровага ладу жыцця, актыўнай жыццёвай пазіцыі. Асноўныя напрамкі работы ў рамках гэтага праекта — памяць, клопат і міласэрнасць, народная дыпламатыя, — гаворыць дырэктар школы Алена Круглова. — Усіх актыўных, творчых, здольных вучняў аб’ядноўваюць навуковыя таварыствы «Веста» і «Эўрыка». Юныя даследчыкі ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, відэаканферэнцыях, рыхтуюць публікацыі.

За апошнія два гады вучні Новаяльнянскай школы заваявалі 16 дыпломаў на абласным узроўні і тры — на рэспубліканскім. Два дыпломы І ступені на VI Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцяча-маладзёжнай творчасці і педагагічных інавацый атрымаў Арцём Валуевіч. Аляксандр Баковіч і Ягор Пікта сталі лаўрэатамі прэміі імя Аляксандра Дубко. Аляксандр да таго ж узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і прэміяй фонду міру.

Школьнікі ствараюць інфармацыйныя прадукты па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, вывучаюць гісторыю сваёй сям’і, малой радзімы, поспехі і дасягненні краіны.

У ходзе рэалізацыі праекта «Патриот.by» дзеці вывучалі гісторыю малой радзімы ў гады Вялікай Айчыннай. Вынікам работы сталі экспазіцыі «Ваенная гісторыя пасёлка Наваельня», «Узнагароды Вялікай Айчыннай вайны», а таксама мабільны дадатак «Помнікі і абеліскі Дзятлаўскага раёна», — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Баковіч. — Даследаваны баявы шлях 46-га гвардзейскага Таманскага Чырванасцяжнага ордэна Суворава 3-й ступені начнога бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка, які ў гады вайны пэўны час размяшчаўся на ўзлётнай паласе недалёка ад пасёлка Наваельня. Па матэрыялах пошукава-даследчай работы створаны буктрэйлер «Начныя рэйды савецкіх лётчыц», які прыцягвае ўвагу да аднайменнай кнігі пра баявы шлях 46-га жаночага авіяцыйнага палка «Начныя ведзьмы».

У рамках міратворчага праекта «Памяць» арганізаваны экспазіцыі «Галерэя славы ветэранаў — жыхароў пасёлка Наваельня», «Кніга памяці», экспазіцыя «Генацыд на Дзятлаўшчыне». Вучні сталі сведкамі раскопак на месцах гібелі ахвяр генацыду на тэрыторыі пасёлка і працэсу перапахавання астанкаў.

Падчас рэалізацыі праекта «Генацыд — наша памяць і боль» зняты відэаролік «Дарогі дзяцей Камінтэрна», які размешчаны на сайце Музея Перамогі ў Маскве. Таксама вядзецца аднаўленне спіса загінуўшых жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці ў г.п. Наваельня. Створана віртуальная 3D-панарама, якая дазваляе дэталёва азнаёміцца з гістарычнымі фактамі, дакументамі, падзеямі, паглыбіцца ў гісторыю ваеннага часу. Прымяненне акуляраў віртуальнай рэальнасці дае магчымасць праводзіць заняткі не толькі ў музеі, але і за яго межамі.

Творчая група педагогаў і вучняў праводзіць віртуальныя экскурсіі па спаленых вёсках раёна, месцах прымусовага ўтрымання і масавага знішчэння людзей, расказвае пра зверствы фашыстаў на тэрыторыі рэгіёна. Школьнікі таксама распрацавалі тэатралізаваную музычную і персаніфікаваную экскурсію з выкарыстаннем фрагментаў дакументальнага фільма «Чужыя дзеці», які раскрывае жахі ваеннага дзяцінства. Валанцёрскія і цімураўскія атрады школы займаюцца навядзеннем парадку на месцах воінскіх пахаванняў, аказваюць дапамогу ветэранам, вязням канцлагераў, адзінокім і састарэлым людзям.

У 2022 г. у школе адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная выпускніку воіну-інтэрнацыяналісту Аляксандру Шылаву. Штогод ва ўстанове праходзіць валейбольны турнір імя А. Шылава сярод вучняў і каманд арганізацый Наваельні.

Народны гісторыка-краязнаўчы музей школы «Дзеці ліхалецця» стаў партнёрам Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гг. (Музей Перамогі, Масква), — расказала кіраўнік музея Тамара Крывеня. — Наладжана супрацоўніцтва з Міжнароднай школай «Інтэрдом» імя А.Д. Стасавай. — У работу музея ўкаранёны высокія тэхналогіі: экспанаты і экспазіцыі, якія суправаджаюцца QR-кодамі, створана 3D-панарама музея. Віртуальная экскурсія знаёміць з матэрыяламі ў інтэрактыўнай форме. Для таго каб пагрузіцца ў ваеннае дзяцінства герояў экспазіцыі, у панараме ёсць відэаролікі, для замежных грамадзян уключана тэатралізаваная відэаэкскурсія на англійскай мове. Зараз вядзецца работа над стварэннем аўдыягіда.

У школе таксама рэалізаваны праект «Дарогаю дабра», распрацаваны электронны рэсурс «Благодарю» па духоўна-маральным выхаванні, інтэрактыўныя карты храмаў Дзятлаўскага, Карэліцкага, Слонімскага, Навагрудскага благачынняў.

У рамках інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі семантызацыі духоўна-маральных паняццяў і катэгорый на аснове традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа» ў супрацоўніцтве з нядзельнай школай працуе клуб «Гармонія», праводзяцца дабрачынныя акцыі для дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў і інш., — адзначыла А. Баковіч. — Штогод мы з’яўляемся пераможцамі рэспубліканскага конкурсу «Святло праваслаўя», міжнародных конкурсаў «Святло Рускай Поўначы», «Прыгажосць Божага свету», епархіяльнай алімпіяды. Праводзіцца работа па адраджэнні нацыянальнай культуры, народных свят і абрадаў, арганізуюцца сустрэчы з майстрамі-ўмельцамі.

Статус Школы міру натхняе вучняў і іх бацькоў на яркія поспехі і неабходнасць шанаваць і прапагандаваць мір як найважнейшую чалавечую каштоўнасць.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва школы