Беларуская моладзь на ХIХ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы прарэкламуе Еўрагульні-2019 і чэмпіянат свету па хакеі 2021 года, паведаміў першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Сяргей Клішэвіч.
У час фестывалю плануецца арганізаваць маштабную выстаўку, на якой будуць прэзентаваны дасягненні Беларусі ў розных галінах — ад прамысловасці, адукацыі да культуры. Акцэнт у экспазіцыі будзе зроблены таксама на падтрымцы моладзі, яе ўдзеле ў грамадскім жыцці, турыстычным патэнцыяле краіны. “Нашы юнакі і дзяўчаты запросяць сваіх равеснікаў з іншых дзяржаў наведаць Беларусь, у тым ліку па бязвізавым рэжыме. Мы хочам, каб як мага больш маладых людзей з розных куткоў свету ўбачылі ўнікальныя аб’екты культурна-гістарычнай спадчыны, шмат даведаліся пра беларусаў, пабывалі ў Мінску на II Еўрапейскіх гульнях — 2019, чэмпіянаце свету па хакеі, які Беларусь у 2021 годзе будзе прымаць разам з Латвіяй. Для гэтага мы вязём з сабой у Сочы сувеніры, рыхтуем разнастайныя акцыі”, — расказаў Сяргей Клішэвіч. У БРСМ разлічваюць прыцягнуць увагу вялікай колькасці ўдзельнікаў фестывалю — паводле папярэдніх даных, у Сочы з’едзецца больш як 20 тысяч маладых людзей са 150 краін свету.
Праграма фестывалю абяцае быць насычанай. Беларуская моладзь прыме актыўны ўдзел у дыскусійных, культурных, спартыўных і іншых мерапрыемствах. Кожны дзень у адпаведнасці з традыцыямі фестывальнага руху будзе прысвечаны аднаму з макрарэгіёнаў планеты, яго спецыфіцы і ключавым сферам. Кожнаму дню будзе прысвоена скразная тэма, якая аб’яднае панэльныя дыскусіі, канферэнцыі і семінары. Сярод такіх тэм — культурнае ўзаемадзеянне, міжнародная бяспека, адукацыя, навука і навакольнае асяроддзе, ІТ. Будуць закранацца таксама пытанні, звязаныя з занятасцю моладзі, праблемамі экалогіі. Сяргей Клішэвіч падкрэсліў, што беларускія дэлегаты прадставяць айчынны вопыт у вырашэнні гэтых і іншых пытанняў. “Мы прэзентуем Беларусь як краіну міру, стабільнасці, добрасуседства, адкрытую для дружбы і стасункаў ва ўсім дыяпазоне шматвектарнасці міжнародных адносін. Гэта самая галоўная наша задача. У гэтым дапаможа і выстаўка, і нефармальныя сустрэчы з удзельнікамі фестывалю з іншых краін”, — дадаў ён.
Першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ выказаў упэўненасць, што ўдзел у фестывалі стане таксама фундаментам для далейшага канструктыўнага супрацоўніцтва Беларусі з іншымі краінамі, паслужыць развіццю дружалюбнага дыялогу моладзі свету.
Для ўдзелу ў маладзёжным форуме сфарміравана нацыянальная дэлегацыя з 300 чалавек, якую ўзначальвае міністр адукацыі Ігар Карпенка. У Сочы Беларусь будзе прадстаўляць адораная і таленавітая моладзь, маладыя парламентарыі, вучоныя, прадстаўнікі ІТ-сферы, спартсмены. Што датычыцца БРСМ, то ў склад дэлегацыі ўвойдуць актывісты з усіх рэгіёнаў краіны — удзельнікі студэнцкіх атрадаў, валанцёрскага руху “Добрае сэрца”, члены маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў “100 ідэй для Беларусі”, “Каралева Вясна”, “Студэнт года”, а яшчэ прадстаўнікі моладзі, якая працуе на МАЗе, ЗАТ “Атлант”, на “Амкадоры”, Беларускай чыгунцы і г. д.
ХIХ Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў пройдзе 14—22 кастрычніка. Галоўная задача форуму — кансалідацыя моладзі свету і ўмацаванне міжнародных сувязей.