Магчымасць расказаць пра багатую і цікавую культурную спадчыну краіны

- 11:33Інфармацыйная гадзіна

Арганізатары цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў удзеляць увагу гісторыі і культуры Беларусі. Аб гэтым расказаў начальнік упраўлення па цырымоніі і культурнай праграме фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Сяргей Хоміч.

“У ходзе маляўнічага шоу на стадыёне “Дынама” запланавана каля 8 мастацкіх блокаў. Кожны з іх прысвечаны якой-небудзь тэме, напрыклад, паданням і легендам, сярэдневяковаму мінуламу Беларусі. У сцэнарыі шоу ўдзяляецца ўвага творчасці беларускіх літаратараў, сярод якіх Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Ян Баршчэўскі, а таксама дзейнасці Ефрасінні Полацкай, Усяслава Чарадзея, Францыска Скарыны. У ходзе шоу будуць раскрыты яркія і слаўныя старонкі беларускай гісторыі. Для нас цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў — шанс расказаць пра багатую культурную спадчыну краіны”, — паведаміў Сяргей Хоміч.

Ён таксама адзначыў, што над правядзеннем цырымоніі працуе міжнародная рэжысёрская група. Яе ўдзельнікі змаглі шмат у чым арыгінальна паглядзець на гістарычныя падзеі ў сучасным стылі. Гледачы таксама пры дапамозе спецыяльнага дадатку Opening Ceremony AR Minsk 2019 могуць убачыць шоу з эфектамі дапоўненай рэальнасці.

Генеральная рэпетыцыя шоу пройдзе на мінскім стадыёне “Дынама” 19 чэрвеня, а цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў — 21-га.
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. У спаборніцтвах прыме ўдзел больш за 4 тысячы спартсменаў з 50 дзяржаў. Яны будуць спаборнічаць у 15 відах спорту. Упершыню Еўрапейскія гульні прайшлі ў чэрвені 2015 года ў сталіцы Азербайджана Баку.