Магістратура павінна рыхтаваць да навуковай і выкладчыцкай дзейнасці

- 11:22Інфармацыйная гадзіна

Універсітэцкія і школьныя праграмы трэба рэанімаваць і прывесці ў нармальны выгляд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, узгадняючы назначэнне Міхаіла Лусцянкова рэктарам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

“Універсітэцкія і школьныя праграмы трэба рэанімаваць і прывесці ў нармальны выгляд. У нас часам ужо ў 8—9 класе вывучаюць тое, што мы раней вывучалі ў ВНУ. Няўжо так жыццё паскорылася? Няўжо ўсіх іх матэматыкамі рыхтуем? Таму трэба вельмі сур’ёзна заняцца адукацыяй. Калі міністр гэтага не зразумеў, значыць, ён не міністр”, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы спытаў, як наладжаны вучэбныя працэсы ў Беларуска-Расійскім універсітэце, колькі там вучыцца студэнтаў і ў чым асаблівасці адукацыйных праграм. Паводле слоў Міхаіла Лусцянкова, сёння ва ўніверсітэце звыш 4,8 тысячы беларускіх студэнтаў і каля 430 расійскіх. “У асноўным бакалаўрыят. Магістратура адкрыта нядаўна — 6 на дзённым, 6 на завочным”, — удакладніў ён.

Прэзідэнт пацікавіўся, як адрозніваецца падрыхтоўка бакалаўраў і магістрантаў у Беларусі і Расіі. Міхаіл Лусцянкоў растлумачыў, што ў Расіі бакалаўрыят разглядаецца як першая ступень вышэйшай адукацыі, а магістратура стала другой. Такі падыход, на яго погляд, нерацыянальны, таму што затрачваецца больш часу на падрыхтоўку спецыяліста. “Першая ступень — чатыры гады. Там, па сутнасці, спецыяліст (бакалаўр) падрыхтаваны на ўзроўні тэхнікума, — дадаў ён. — У нас сістэма больш аптымальная. У нашай ВНУ, напрыклад, магістратура разглядаецца як падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі”.

Аляксандр Лукашэнка адобрыў гэты падыход і падкрэсліў, што менавіта па такім прынцыпе і павінны рыхтаваць магістрантаў у беларускіх ВНУ. “Глядзіце, каб ні ў якім разе мы не ўзялі вось гэты вопыт, які пераняла Расія, і цяпер не ведае, што з ім рабіць, — сказаў ён. — У магістратуру павінны ісці выключна людзі, якія будуць займацца навукай і выкладаннем. Усіх туды гуртам пасылаць не трэба. Добра, мы прысвоім званне бакалаўра пасля заканчэння ВНУ, каб дыпломы падыходзілі, але будзем лічыць, што гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй”.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, нярэдкія выпадкі, калі маладыя людзі паступаюць у магістратуру без асаблівых на тое прычын, у выніку марна трацячы час. “І не дай бог мы праверым, і гэта пацвердзіцца, — папярэдзіў прэзідэнт. — Там (у магістратуры. — Заўвага БелТА.) павінна быць асаблівая праграма. І гэта таксама трэба праверыць: якія праграмы ў магістратуры. У некаторых ВНУ (я ўжо атрымаў інфармацыю і займаюся гэтым) нейкая шліфоўка старой праграмы, якую яны прайшлі ў ВНУ. Гэта значыць, цэлы год ідзе паўтарэнне таго, што яны ўжо вывучылі. У лепшым выпадку паглыбленае паўтарэнне. Гэтага быць не павінна. Павінна быць асаблівая праграма ў кожнай ВНУ, накіраваная на падрыхтоўку спецыялістаў высокай кваліфікацыі, якія будуць займацца навукай і выкладаннем”.