Магія пераўвасаблення

- 11:02Адукацыйная прастора, Рознае

Сям’я і школа павінны быць адным цэлым. У гэтым перакананы, напэўна, усе педагогі, якія працуюць сёння ў школах нашай краіны. І кожная навучальная ўстанова вядзе сваю, асаблівую, работу па аб’яднанні педагагічнай і бацькоўскай супольнасці. Цікавым і карысным у гэтым плане з’яўляецца вопыт гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Полацка, дзе гэты навучальны год стане трэцім у практыцы бацькоўскага самакіравання.

Ідэя арганізацыі дня бацькоўскага самакіравання належыць дырэктару гімназіі Ларысе Сяргееўне Уласевіч. “Ідэя ў маёй галаве нарадзілася тры гады назад, а рэалізаваць яе мы здолелі толькі праз год пасля задумы. Першы дзень бацькоўскага самакіравання быў праведзены ў дзень нараджэння гімназіі. Ён у нас заўсёды адзначаецца вялікай колькасцю самых розных мерапрыемстваў, якія праходзяць на працягу тыдня. І вось на адным са сходаў бацькоўскага камітэта я прапанавала завяршыць святочны тыдзень днём бацькоўскага самакіравання, каб нашы бацькі работу педагогаў змаглі ўбачыць знутры і адчуць жыццё гімназіі. Для гэтага ім прапаноўвалася пабыць у ролі настаўнікаў-прадметнікаў, класных кіраўнікоў, намеснікаў дырэктара і ўласна дырэктара.

Першым бацькам было вельмі страшна, таму, пагадзіўшыся на новую прапанову, яны сапраўды здзейснілі подзвіг. Тут хачу адзначыць, што найперш вітаўся ўдзел тых бацькоў, якія прафесійна не звязаны з педагогікай, і першы склад дня бацькоўскага самакіравання на працэнтаў 60 складаўся не з педагогаў. Бацькам мы прапанавалі правесці прафесійныя ўрокі. У выніку нехта даваў урок падзякі, нехта праводзіў заняткі па самаабароне, расказваў пра сваю прафесію. Прычым рабілі гэта настолькі ярка і прыгожа, што дзеці прыходзілі ў захапленне. Бацькі давалі тое, што не могуць даць настаўнікі”, — расказала Ларыса Сяргееўна.

Першым дырэктарам-дублёрам быў бацька, які, канечне, не адразу пагадзіўся, бо і ў жыцці кіруе фірмай. Пасля таго як усё ж пабыў дырэктарам гімназіі, быў вельмі ўражаны і сказаў, што настаўнікам трэба помнік ставіць. За тры гадзіны ў гімназіі ён перажыў столькі, колькі не змог за дзесяць гадоў свайго кіраўніцтва фірмай.

“Перад днём бацькоўскага самакіравання мы праводзім установачны педсавет, на якім я расказваю бацькам пра іх службовыя абавязкі, пра адказнасць, якая на іх кладзецца. Далей уручаю ім бэйджы, дзе пазначана, што яны дублёры настаўнікаў, намеснікаў дырэктара і дырэктара, аддаю ключы, пячатку — і на тры гадзіны кіраванне гімназіяй пераходзіць у іх рукі. Затым адбываецца выніковы педсавет, на якім сваімі ўражаннямі дзеляцца ўдзельнікі дня самакіравання. Наш першы дырэктар-дублёр ухваліў гэтую ініцыятыву, бо яна дае магчымасць і гімназію, і дзяцей убачыць з іншага боку. Бацькі змаглі на сабе адчуць, што такое адказнасць за жыццё і здароўе вучнёўскага калектыву.

Галоўнай мэтай правядзення дня бацькоўскага самакіравання было зблізіць педагогаў і бацькоў. Нам гэта ўдалося. І мы, і бацькі паглядзелі адно на аднаго іншымі вачыма. У прыватнасці, мы ўбачылі, што нашы бацькі вельмі таленавітыя і творчыя людзі, а яны зусім па-іншаму адчулі адказнасць настаўнікаў.

Калі гаварыць пра больш глабальныя высновы, то такога кшталту мерапрыемствы сапраўды разбураюць межы ў адносінах паміж бацькамі і настаўнікамі. Нярэдка паміж гэтымі супольнасцямі ўзнікаюць непаразуменні, таму практычная ўцягнутасць бацькоў у школьны свет — гэта адзін са шляхоў да ўзаемаразумення”, — адзначыла Ларыса Сяргееўна Уласевіч.

***

Свае гадзіны на пасадзе дырэктара гімназіі Валянціна Васільеўна Багатырова памятае па сённяшні дзень, хоць было гэта ўжо ў мінулым годзе. Нягледзячы на тое, што Валянціна Васільеўна сама мае дачыненне да адукацыі (працуе ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, з’яўляецца загадчыцай кафедры, доктарам навук, прафесарам), такая перамена роляў падштурхнула яе да пераасэнсавання ролі і значнасці школьнага настаўніка.

У 1-й гімназіі Полацка вучыцца яе дачка Мілана, і, канечне, на такі эксперымент мама пагадзілася найперш дзеля дачкі. Кожны тата ці мама падчас свайго працоўнага дня задае сабе безліч пытанняў: “Як там маё дзіця?”, “Якую адзнаку атрымала?”, “Ці паела?”, “Як сябе паводзіць?”. І калі Валянціне Васільеўне надарылася магчымасць убачыць усё гэта на ўласныя вочы, ды яшчэ і нейкім чынам паўплываць на ход працэсу, яна адразу пагадзілася.

“На прапанову пабыць дырэктарам гімназіі пагадзілася адразу. Люблю ўсё новае і эксперыменты. І мне вельмі спадабалася тое, што мяне не абмяжоўвалі. Мяне пасадзілі ў дырэктарскае крэсла, і я магла рабіць тое, што задумала. Было вельмі цікава. Асабліва наколькі людзі, якія ніяк не звязаны з адукацыяй і педагогікай, могуць стаць настаўнікамі ці намеснікамі дырэктара.

На гэтую ідэю адгукнуліся шматлікія бацькі, таму асабліва ўгаворваць нікога не прыйшлося. За адведзены нам час мы паспелі многае. Правялі флэш-моб “Я люблю маю гімназію”, калі абсалютна ўсе гімназісты, узяўшыся за рукі, сталі ў калідорах з трэцяга па першы паверх і некалькі разоў гучна сказалі: “Я люблю маю гімназію!” Было здорава. Усіх перапаўнялі эмоцыі.

Другім важным момантам майго кіраўніцтва стала арганізацыя сустрэчы дэканаў Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта з выпускнымі класамі гімназіі. Дзецям вельмі спадабалася гэтая сустрэча, бо яны задалі ўсе пытанні, якія хацелі. Таксама мы арганізавалі анкетаванне ўсіх дзяцей, падчас якога высветлілі, што яны любяць у сваёй гімназіі, а што хацелі б змяніць (гэта тычылася і мерапрыемстваў, і ўрокаў, і ўзаемаадносін). Апытанне дазволіла выявіць асноўныя тэндэнцыі.

Для педагагічнага калектыву гімназіі быў арганізаваны круглы стол па Балонскім працэсе. Цяпер гэта актуальна, таму гутарка атрымалася змястоўнай. Многія бацькі ў дзень бацькоўскага самакіравання вялі ўрокі. Урокі былі проста выдатныя. Праводзіліся віктарыны, арганізоўваліся прагляды мульцікаў, матэматычныя гульні, да дзяцей прыходзілі пераапранутыя героі.

У выніку для мяне прымерванне ролі дырэктара гімназіі стала вопытам пазнання педагагічных будняў. Было вельмі карысна паглядзець, што робіцца на ўроку фізічнай культуры, як праводзяцца ўрокі па іншых прадметах. Як маці я зразумела, што дзеці патрабуюць шмат увагі, ім неабходны індывідуальны падыход. Дзеці матываваныя на вучобу, задаюць процьму пытанняў. Я зразумела, наколькі важным для вучняў з’яўляецца псіхалагічны клімат у класе і ў гімназіі. І яшчэ я зразумела, што дзеці ганарацца сваімі бацькамі і любяць, чакаюць сваіх настаўнікаў. Яны вельмі важныя людзі ў іх жыцці і маю ць высокі сацыяльны статус. Для дзецей меркаванне іх настаўнікаў мае вялікую сілу”, — падзялілася Валянціна Васільеўна.

Аддаючы сваю Мілану ў гімназію, Валянціна Васільеўна найперш хацела, каб яе дачка атрымала добрую адукацыю. Пры гэтым яна заўважыла, што любяць тое месца, дзе любяць вас. Ёй было важна, каб у гімназіі быў неабходны клімат, перш за ўсё псіхалагічны, дзе быць добрым вітаецца, а лідар у класе той, хто добра вучыцца. Яна хацела, каб яе дачцэ там было камфортна як эмацыянальна, так і фізічна. Вельмі многа для стварэння такой атмасферы зрабіла першая настаўніца Міланы.

“Святлана Аляксандраўна Шабаршова — выдатны педагог. Калі нашы дзеці перайшлі ў 5 клас, то адразу заўважылі, што вучыцца ім лёгка, бо першая настаўніца заклала выдатную базу. І пры ўсёй строгасці Святлана Аляксандраўна вельмі справядлівы, добры і спагадлівы чалавек. Дзеці па сённяшні дзень віншуюць яе з усімі святамі, захоўваючы цёплыя ўспаміны пра шматлікія экскурсіі і святы, якія вельмі часта праходзілі ў класе. Святлана Аляксандраўна здолела аб’яднаць клас, які і сёння застаецца адзіным цэлым, — працягвае Валянціна Васільеўна. — У старэйшай школе нам таксама пашчасціла з педагогамі. Асобна хочацца сказаць пра нашага матэматыка. Станіслаў Анатольевіч Буланаў — малады педагог. Спачатку яго маладосць і нявопытнасць нас насцярожылі, але ён здолеў так захапіць дзяцей, што цяпер яны ад яго проста ў захапленні. Я таксама задаволена тым, што майму дзіцяці камфортна, што педагогі пры навучанні і выхаванні расстаўляюць правільныя акцэнты. За гэта ім вельмі ўдзячна. І, канечне ж, віншую з Днём настаўніка!”

Вольга БАРЫСЕВІЧ.