У першыя дні лютага ў Рэспубліцы Беларусь праводзяцца Дні культуры Аўтаномнага Рэгіёна Сардзінія (Італія). У рамках гэтай падзеі адбыўся візіт у Мінск італьянскай дэлегацыі, якую ўзначаліў начальнік упраўлення міжнародных сувязей Прэзідыума Рэгіянальнага Урада Сардзініі Марка Сэкі. Разам з Ганаровым консулам Рэспублікі Беларусь у Сардзініі Джузэпэ Карбоні Марка Сэкі наведаў гэтымі днямі Міністэрства адукацыі. Гасцей сустракаў міністр адукацыі С.А.Маскевіч.
Арганізатарамі правядзення Дзён культуры Сардзініі ў Беларусі выступілі Ганаровае консульства Рэспублікі Беларусь у Аўтаномным Рэгіёне Сардзінія, Цэнтр міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі і Італьянска-беларускі цэнтр супрацоўніцтва і адукацыі “Сардзінія”. Візіт італьянскай дэлегацыі быў прымеркаваны да 10-й гадавіны з дня стварэння ў Мінску вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў “Сардзінія Глобал”, які займаецца прафесійным навучаннем беларускіх грамадзян. За час існавання гэтага цэнтра па заказе рэгіянальных службаў занятасці Беларусі прайшлі перападрыхтоўку і навучанне па спецыяльнасцях будаўнічай галіны больш за 3 тысячы чалавек.
— Дазвольце павітаць нашых дарагіх гасцей у сценах Міністэрства адукацыі Беларусі, — адзначыў на пачатку гутаркі з італьянскімі калегамі С.А.Маскевіч. — Кожны ваш прыезд у нашу краіну — гэта чарговая старонка ў гісторыі нашага супрацоўніцтва. На кожнай сустрэчы мы абмяркоўваем новыя крокі ўзаемадзеяння, вырашаем праблемы, якія ўзнікаюць, будуем планы на будучыню. З вышыні 10 гадоў нашых узаемаадносін можна сцвярджаць, што абодва бакі з поспехам выканалі пастаўленыя задачы, і, па сутнасці, сёння выходзім на новы віток зносін, яшчэ больш мацуем нашы сяброўскія і дзелавыя сувязі ў культуры, навуцы, адукацыі.
Міністр назваў вучэбны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў “Сардзінія Глобал” своеасаблівым сімвалам узаемнага супрацоўніцтва паміж краінамі, які станоўча зарэкамендаваў сябе ў Беларусі, стаў папулярным сярод нашых грамадзян і з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай для засваення новых тэхналогій, інструментаў і абсталявання ў будаўнічай галіне.
— Для нас гэты цэнтр знакавы. Мы маем намер падтрымліваць яго ў далейшым і вельмі спадзяёмся, што, дзякуючы нашым узаемаадносінам, гэты пра ект выйдзе на больш значны ўзровень як па колькасці навучэнцаў, так і па зместавым напаўненні вучэбных праграм, — адзначыў С.А.Маскевіч — Магчыма, было б мэтазгодна выйсці за рамкі падрыхтоўкі толькі па будаўнічых прафесіях і стварыць умовы для навучання па прафесіях іншага профілю.
Міністр таксама прапанаваў арганізаваць тэарэтычнае навучанне ў самім цэнтры, а практычную падрыхтоўку праводзіць на базе нашых прафесійна-тэхнічных устаноў.
Сяргей Аляксандравіч расказаў гасцям, што сёння прафесійная адукацыя Беларусі з’яўляецца асаблівым прыярытэтам і скіравана на падрыхтоўку кадраў для эканомікі і сацыяльнай сферы нашай краіны. З мэтай павышэння якасці прафесійнага навучання адбываецца яго пераход на еўрапейскія стандарты. Адным з пацвярджэнняў гэтага з’яўляецца ўступленне Беларусі ў WorldSkills International — унікальную міжнародную арганізацыю, галоўнай місіяй якой лічыцца павышэнне статусу прафесійнай адукацыі і ўзняцце папулярнасці рабочых прафесій. Наперадзе — удзел нашай краіны ў міжнародным конкурсе ў Бразіліі, дзе лепшыя навучэнцы будуць выступаць у розных намінацыях па шэрагу прафесій. С.А.Маскевіч прапанаваў кіраўніцтву цэнтра “Сардзінія Глобал” пачаць сумесную падрыхтоўку да міжнароднага спаборніцтва і аказваць дапамогу ў гэтым працэсе.
На думку міністра, цэнтр можа істотна пашырыць свае функцыі і быць не толькі адукацыйнай структурай, але і культурным цэнтрам, пастаянна дзеючай пляцоўкай для прадстаўніцтва Сардзініі і Італіі ў нашай краіне, месцам, дзе будуць акумулявацца ідэі культурнага, навуковага супрацоўніцтва паміж краінамі.
— Было б карысна для абедзвюх краін ініцыіраваць такі кірунак, як супрацоўніцтва непасрэдна паміж навучальнымі ўстановамі, — заявіў начальнік упраўлення міжнародных сувязей Прэзідыума Рэгіянальнага Урада Сардзініі Марка Сэкі. — На сённяшні дзень мы маем вельмі значны праект, у якім задзейнічаны адзін з універсітэтаў Сардзініі і Парк высокіх тэхналогій Беларусі. Узаемная дзейнасць паміж імі вядзецца ў сферы вывучэння і выкарыстання нанатэхналогій.
Як адзначыў Марка Сэкі, у італьянскага боку ёсць планы на ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі Сардзініі ў навуковай дзейнасці з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, а таксама з навучальнымі ўстановамі як сталіцы, так і рэгіёнаў, у сферы эканомікі, культуры. Італьянскія калегі гатовы прадастаўляць свой вопыт і ў сферы турызму.
— Цэнтр “Сардзінія Глобал” можа стаць своеасаблівым магнітным полюсам, які прыцягвае да сябе ўсё больш і больш нашых грамадзян, разнастайвае інтарэсы, стварае новыя віды дзейнасці, канцэнтруе новыя ідэі, новыя кірункі і можа стаць штуршком да супрацоўніцтва не толькі ў межах Сардзініі, але і ўсёй Італіі, — сказаў Марка Сэкі.
Кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі Беларусі і ўпраўлення міжнародных сувязей Прэзідыума Рэгіянальнага Урада Сардзініі былі прыняты сумесныя рашэнні аб новых кірунках узаемадзеяння.