Сучасныя дасягненні навукі і эфектыўны педагагічны вопыт паказваюць, што сёння выкарыстанне тэхналогіі “Дэбаты” як на ўроках, так і ў пазаўрочнай дзейнасці з’яўляецца найбольш мэтазгодным.
Працуючы над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу на аснове сістэмнай арганізацыі ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці” мяне цікавілі розныя пытанні: што хочуць вучні ад вучэбнай дзейнасці, чым дзецям цікава займацца, якія формы і напрамкі работы былі б найбольш мэтазгодны для фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў і інш. Вынікам гэтага даследавання стала ўсведамленне неабходнасці стварэння аб’яднання па інтарэсах “Майстэрства палемікі” (дэбатны клуб на англійскай мове) у нашай гімназіі, дзе пад кантролем настаўніка навучэнцы будуць вучыцца фармуляваць ідэі сучаснага маладога пакалення людзей, аналізаваць розныя бакі жыцця цывілізацыі, дзяржавы і грамадства, а таксама дзейнічаць у залежнасці ад вынікаў аналізу. Гэтая праграма разлічана на паслядоўнае вывучэнне ў 9—11 класах агульнаадукацыйных школ і гімназій на працягу аднаго года і разлічана на 70 гадзін. Пытанні праграмы маюць развіццёвы і выхаваўчы характар, яна накіравана на фарміраванне ў навучэнцаў камунікатыўнай кампетэнцыі, навыкаў даследчай дзейнасці па агульнапалітычных, эканамічных, экалагічных пытаннях і пытаннях здаровага ладу жыцця. Выкарыстанне гэтай праграмы ў вучэбным працэсе спрыяе стварэнню ўстойлівай матывацыі навучання, таму што пры гэтым дасягаецца асобасная значнасць вучэбнага матэрыялу для навучэнцаў.
Падчас даследавання па выбранай мной тэме я прыйшла да высновы, што навучэнцам цікава вывучаць, аналізаваць, знаходзіць рашэнні праблем, якія хвалююць маладое пакаленне. Наяўнасць элемента спаборнасці яшчэ больш стымулюе творчую і пошукавую дзейнасць, а таксама старанную прапрацоўку асноўнага матэрыялу, які вывучаецца.
Выбар тэм і праблем, якія абмяркоўваюцца на занятках дэбатнага клуба, дазваляе фарміраваць навыкі крытычнага мыслення, суадносіць свае погляды з нормамі грамадскай маралі, узнімаць праблемы талерантнасці, праблемы сучаснай сям’і, праблемы нацыянальнай культуры. На маю думку, галоўным вынікам такой работы становіцца набыццё навучэнцамі грамадзянскай ідэнтычнасці.
Педагагічная тэхналогія “Дэбаты” пабудавана на аснове падрыхтаваных выступленняў прадстаўнікоў дзвюх каманд, якія супрацьстаяць і сапернічаюць. Яна базіруецца на наступных прынцыпах: цэласнасць, універсальнасць, варыятыўнасць, арыентацыя на дэмакратызацыю вучэбнага працэсу, асобасная арыентаванасць навучання, арыентацыя на падрыхтоўку навучэнцаў да самаадукацыі, здабывання ведаў. Гэтая тэхналогія па праве належыць да адкрытай педагогікі, у якой вучоба разглядаецца як працэс развіцця здольнасцей, уменняў і асобасных якасцей вучня, а настаўнік выступае як каардынатар гэтага працэсу.
Перш за ўсё дэбаты фарміруюць у навучэнцаў усе чатыры асноўныя моўныя камунікатыўныя ўменні: 1) успрыманне іншамоўнага маўлення на слых; 2) чытанне; 3) гаварэнне; 4) пісьмо. Менавіта гэтыя ўменні ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі неабходна развіваць у сваіх вучняў. Падрыхтоўку да гульняў трэба арганізаваць наступным чынам: спікеры (гульцы) аналізуюць літаратуру, рыхтуюць апорныя канспекты, анатацыі, тэзісы, нататкі, падбіраюць цытаты, сцісла запісваюць структуру прамовы, што развівае чытанне і пісьмо як камунікатыўныя ўменні. Непасрэдна ў час гульні ў дэбаты ўдасканальваюцца ўменні ўспрымання і разумення іншамоўнага маўлення на слых, гаварэння, а раўнды перакрыжаваных пытанняў дазваляюць уключыць у гэты працэс не толькі шасцярых гульцоў, але і ўсю групу.
Для дасягнення станоўчага выніку пры выкарыстанні гэтай тэхналогіі неабходна прытрымлівацца наступных патрабаванняў:
- у перыяд падрыхтоўкі да дэбатаў нагадаць навучэнцам пра іх адказнасць за кожнага з партнёраў, таму што поспех гарантаваны толькі ў выпадку добрага засваення матэрыялу ўсімі членамі групы;
- перамога дасягаецца з улікам як сумесных, так і індывідуальных намаганняў;
- настаўнік выступае ў ролі не толькі памочніка, але і суддзі.
На ўроках замежнай мовы дэбаты мэтазгодна выкарыстоўваць як у мэтах абагульненння, сістэматызацыі і замацавання вучэбнага матэрыялу, так і ў якасці кантролю навыкаў гаварэння. Аднак неабходна ўлічваць, што не кожная тэма можа быць прадметам дыскусіі. Для вызначэння тэм для абмеркавання, якія хвалююць навучэнцаў, эфектыўным будзе стварэнне постара. Навучэнцам прапануюцца часопісы і газеты, пасля аналізу і абмеркавання іх зместу ім неабходна сфармуляваць тэмы для дэбатаў, праілюстраваўшы малюнкамі ці карцінкамі, — гэта значыць стварыць постар. Напрыклад, прааналізаваўшы спартыўныя часопісы, навучэнцамі былі прыдуманы наступныя тэмы для дэбатаў: Women in powerlifting: beauty or ugliness? (“Жанчыны ў паўэрліфтынгу: прыгажосць ці агіднасць”); Sports: to take part or to observe (“Спорт: удзельнічаць ці назіраць?”); Professional sports bring more harm than good (“Прафесійныя віды спорту робяць больш шкоды, чым карысці”); Sports for pleasure or awards? (“Спорт для задавальнення ці ўзнагароды?”); Sports should not be imposed by parents (“Заняткі спортам не павінны навязвацца бацькамі”).
Падрыхтоўка і правядзенне дэбатаў прадугледжваюць арганізацыю работы ў групах (камандах). У сваёй практыцы я выкарыстоўваю наступныя магчымыя прынцыпы размеркавання навучэнцаў па групах: 1) настаўнік можа сам стварыць каманды, размеркаваўшы ролі; 2) навучэнцы ствараюць групы самастойна; 3) ролі размяркоўваюцца па ўзаемнай дамоўленасці ці па жэрабі; 4) перад пачаткам заняткаў правесці тэсціраванне, па выніках якога падзяліць навучэнцаў на тры групы (“моцныя”, “сярэднія”, “слабыя”) і аб’яднаць па адным чалавеку з кожнай групы ў каманду. У групу можна аб’яднаць і суседзяў па партах або па радах. Найбольш эфектыўным метадам дзялення на групы з’яўляецца размеркаванне па ўзаемнай дамоўленасці, таму што ў групе павінна быць псіхалагічна камфортна ўсім.
Перад правядзеннем непасрэдна дэбатаў патрэбна сур’ёзная папярэдняя падрыхтоўка навучэнцаў. На гэтай стадыі выкарыстоўваю метады, якія дазваляюць стымуляваць крытычнае мысленне школьнікаў, такія як “Мазгавы штурм”, “Карты памяці”, “Структураванне праблем”, “Лагічны ланцужок”, “Шэсць капелюшоў”, “635”.
Метад “Мазгавы штурм” эфектыўны на стадыі генерыравання і выбару ідэй. Гэты метад прадугледжвае выкананне шэрага прынцыпаў. Перш за ўсё дакладна фармулююцца мэты, задачы і абмежаванні. Удзельнікам абмеркавання забяспечваецца максімальная свабода: даванне слова кожнаму, а таксама поўная свабода меркаванняў, падтрымка “шалёных” ідэй і аналогій. Абмеркаванне вядзецца іерархічна: спачатку — максімальна “ўшырыню”, потым — ацэнка перспектыўнасці варыянтаў і адбор найлепшых, потым зноў “ушырыню”. Пры выкарыстанні мазгавога штурму важны ролі вядучага, які кантралюе ход абмеркавання, і фіксатара ідэй. Аднак, нягледзячы на прадукцыйнасць метаду, яго вынікі вельмі моцна залежаць ад падрыхтоўкі і правядзення.
Больш фармалізаваным варыянтам мазгавога штурму з’яўляецца метад “635”. Шэсць чалавек выказваюць па тры ідэі па зададзеным пытанні за пяць мінут. Потым лісткі з думкамі перадаюцца, напрыклад, па гадзіннікавай стрэлцы. За наступныя пяць мінут кожны ўдзельнік павінен азнаёміцца з усімі прапановамі свайго суседа і дэталізаваць іх. Так робяць да таго часу, пакуль кожны не папрацаваў над усімі ідэямі групы. Праз паўгадзіны як максімум гатова 18 распрацаваных прапаноў. Наступныя паўгадзіны даюцца на іх абмеркаванне, дапаўненне і выбар найлепшых варыянтаў.
Для навучання навучэнцаў логіцы выкарыстоўваецца метад “Карта памяці” (Mind Mapping). Галоўная ідэя метаду — адмаўленне ад звычайных запісаў і фіксацыя інфармацыі ў графічнай форме ў выглядзе кроны дрэва, якая разгаліноўваецца, з выкарыстаннем ілюстрацый, сімвалаў і асацыяцый.
У падрыхтоўчы перыяд для трэніроўкі элементаў дэбатаў выкарыстоўваю мадыфікаваныя дэбаты, у якія ўнесены некаторыя змены правіл, што дазваляе ўцягнуць у работу ўсю групу. У мадыфікаваных дэбатах магчыма змяненне рэгламенту, павелічэнне колькасці гульцоў у камандах, дапускаюцца пытанні з аўдыторыі, арганізоўваюцца групы падтрымкі, абмеркаванне праблемы працягваецца пасля гульні.
Прадукцыйныя пры навучанні замежнай мове і іншыя фарматы дэбатаў: экспрэс-дэбаты, дэбаты як форма работы з пісьмовым ці вусным тэкстам, скорасныя дэбаты.
Экспрэс-дэбаты — гэта дэбаты, падрыхтоўка да якіх зведзена да мінімуму. Яны праводзяцца на аснове матэрыялу падручніка або раздатачнага матэрыялу і цесна перасякаюцца з дэбатамі як формай работы з тэкстам. Прыкладам можа служыць абмеркаванне тэмы Sport damages our health (“Спорт шкодзіць здароўю”) пасля прачытання тэматычнага тэксту.
Дэбаты з’яўляюцца сродкам фармалізацыі дыскусіі. Гэта асабліва важна ў працэсе вывучэння замежнай мовы, таму што размоўныя тэмы часцей, чым на іншых прадметах, закранаюць асобу вучня. Навучэнцы часта маюць цяжкасці ў сітуацыі, калі неабходна выказаць класу сваё меркаванне па такіх праблемах у нефармалізаваным і нефарматаваным абмеркаванні. Сродкам пераадолення гэтай сітуацыі становіцца фармалізацыя дыскусіі — перавод яе ў рэчышча дэбатаў. Акрамя таго, дэбаты прывучаюць школьнікаў да адэкватнага выкарыстання моўных клішэ ў публічных выступленнях. Навучэнцам рэкамендавана выкарыстоўваць наступныя выказванні:
Let us consider — разгледзім.
Let us start by considering the facts — пачнём з рагляду фактаў.
It is generally agreed that… — агульна прызнана, што.
To begin with — пачнём з таго, што…
You can — вы можаце (можна).
Firstly / secondly / finally — па–першае / па–другое / нарэшце.
One argument in support of — адзін з аргументаў у падтрымку.
The first thing that needs to be said is — перш за ўсё трэба сказаць, што.
First and foremost — у першую чаргу.
It is true that / clear that / noticeable that — гэта праўда, што / зразумела, што / цікава, што.
One should note here that — тут трэба адзначыць, што.
Another good thing about… is that — яшчэ адзін станоўчы момант заключаецца ў ( тым, што).
It is often said that — часта гавораць, што.
It is undeniable that — нельга адмаўляць, што.
It is a well-known fact that — добра вядома, што.
First of all, let us try to understand — перш за ўсё давайце паспрабуем зразумець.
The public in general tend to believe that — грамадскасць у цэлым схільна меркаваць, што.
What is more — больш за тое.
Besides /because it is — акрамя таго / таму што.
Doubtless — безумоўна.
One cannot deny that — нельга адмаўляць, што.
It is (very) clear from these observations that — з гэтых назіранняў (абсалютна) зразумела, што.
On the other hand, we can observe that — з іншага боку, мы можам назіраць, што.
The other side of the coin is, however, that — аднак, з іншага боку.
Another way of looking at this question is to — каб зірнуць на гэтую праблему з іншага боку, трэба.
One should, however, not forget that — тым не менш не трэба забываць, што.
If on the one hand it can be said that … the same is not true for — і калі, з аднаго боку, можна сказаць, што… , тое ж самае нельга сказаць пра.
On the other hand — з іншага боку.
Although — хаця.
Besides — акрамя таго.
Moreover — больш за тое.
Furthermore, one should not forget that — акрамя таго, не трэба забываць, што.
In addition to — акрамя (таго, што).
Nevertheless, one should accept that — тым не менш трэба прызнаць, што.
However, we also agree that — аднак мы таксама згодны з тым, што.
Разуменне навучэнцамі структурных і сюжэтных схем прамовы дэбатаў дазволіць ім у далейшым дакладна скласці план большасці публічных выступленняў.
Найбольш эфектыўным з’яўляецца выкарыстанне гэтай тэхналогіі пры вывучэнні такіх тэм, як Sports, Youth Problems, Ecological problems, Healthy way of life, Education, Means of Communication, Mass Media. Працуючы ў групах, навучэнцы на працягу 15—20 мінут абмяркоўваюць тэму, асноўваючыся на прачытаным ці праслуханым тэксце, складаюць кейс-каманды “за” і “супраць”, а потым гуляюць у дэбаты.
Такім чынам, у сучасных умовах выкарыстанне дэбатаў дазваляе перанесці цэнтр цяжару з вербальных метадаў навучання на метады пошукавай і творчай дзейнасці настаўніка і навучэнцаў; уздзейнічаць на фарміраванне і развіццё камунікатыўных навыкаў навучэнцаў, выхаванне творчай, сацыяльна актыўнай асобы. Гэтая тэхналогія дазваляе індывідуалізаваць працэс навучання, матываваць навучэнцаў да самастойнага вывучэння замежнай мовы і прымянення яе ў розных камунікатыўных сітуацыях.
Валянціна ЛЯЎЧУК,
настаўніца англійскай мовы
гімназіі № 1 Баранавіч Брэсцкай вобласці.