“Македонія — грэчаская” без ніякай альтэрнатывы?!

- 11:17Інфармацыйная гадзіна

Масавая акцыя пратэсту прайшла ў грэчаскім горадзе Салонікі. Пратэстуючыя выступілі супраць змены назвы суседняй Македоніі.

Як заявілі арганізатары акцыі, мітынг “за Македонію” ў Салоніках сабраў 800 тысяч удзельнікаў. Паводле інфармацыі паліцыі, для ўдзелу ў акцыі сабраліся 90 тысяч грамадзян.

Спрэчка адносна назвы Рэспублікі Македонія доўжыцца ўжо шмат гадоў. Удзельнікі праведзенага 21 студзеня мітынгу заявілі, што выступаюць супраць выкарыстання слова “Македонія” пры любым магчымым вырашэнні дыспуту паміж Афінамі і Скоп’е. Грэкі лічаць, што з’яўленне на карце краіны з абсалютна такой жа назвай, як у іх паўночнай правінцыі, дазволіць суседзям прэтэндаваць на іх тэрыторыю і знішчыць яе шматвяковую гісторыю.

Падобны мітынг пад лозунгам “Македонія — грэчаская” праходзіў у Салоніках і 26 гадоў назад — 14 лютага 1992 года. Як пісалі СМІ, тады ў акцыі пратэсту прынялі ўдзел амаль 1 млн чалавек.

Раней паведамлялася, што ўлады Македоніі паабяцалі правесці ў краіне агульнанацыянальны рэферэндум, на якім будзе прынята новая назва краіны. Гэта дасць магчымасць вырашыць даўнюю спрэчку паміж Грэцыяй і Македоніяй. Пакуль не вядома, сярод якіх найменняў македонцам давядзецца рабіць выбар. Мясцовыя СМІ лічаць, што магчыма як мінімум пяць варыянтаў: Рэспубліка Новая Македонія, Рэспубліка Паўночная Македонія, Рэспубліка Верхняя Македонія, Вардарская Рэспубліка Македонія і Рэспубліка Македонія (Скоп’е).

Спрэчка аб найменні навастворанай дзяржавы ўзнікла ў 1991 годзе пасля распаду Югаславіі. Тады адна з краін выбрала назву Македонія, аднак Грэцыя ўказала, што гэтае гістарычнае імя мае адна з яе абласцей. У 1993 годзе ў ААН новую краіну прынялі пад назвай Былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія. Але і гэта не задаволіла грэкаў, і цяпер яны блакіруюць уступленне краіны ў ЕС і НАТА, патрабуючы перайменавацца. Грэчаскія правыя сілы хочуць, каб слова “Македонія” наогул знікла з назвы суседняй краіны.