Маладая настаўніца пачатковых класаў Нясяцкай сярэдняй школы Клічаўскага раёна Настасся Гумінская атрымала адразу дзве прафесійныя ўзнагароды. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Гэта дыплом ІІ ступені на рэспубліканскім этапе конкурсу “Лепшы выхавальнік аздараўленчага лагера” і Ганаровая грамата галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.
— Але галоўная мая ўзнагарода — магчымасць выкладаць у малодшых класах: гэта была мара дзяцінства, якая ажыццявілася, — заўважае настаўніца. — Заўсёды ведала, што хачу вучыць дзяцей, і ішла да сваёй мэты. Сама я з Клічава, адразу пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова прыйшла працаваць у Нясяцкую сярэднюю школу і планую звязаць з ёй прафесійнае жыццё.
— У школе маладой настаўніцы вельмі дапамагае яе шматгадовы вопыт работы ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Ольса”, — адзначае дырэктар Нясяцкай школы Аляксей Шумскі. — Яна хутка знаходзіць да дзяцей падыход, вучні яе вельмі любяць.
— Аднойчы прыехала ў аздараўленчы лагер на практыку, думала, толькі на адну змену, але вось ужо восьмае лета праводжу там, — расказвае Настасся Гумінская. — Спачатку была выхавальніцай, потым педагогам-арганізатарам, зараз я старшы выхавальнік. У “Ольсе” пазнаёмілася і са сваім мужам, які на той момант быў настаўнікам фізкультуры. Мая галоўная мэта як педагога — каб дзецям было нясумна, каб у іх вочы гарэлі. Перспектыўны план мерапрыемстваў на канікулы пачынаю распрацоўваць яшчэ ў студзені. Сама прыдумваю гульні, конкурсы. Напрыклад, арганізоўваем Дзень бізнесу — дзеці ў лесе збіраюць шышкі, потым здаюць іх і зарабляюць “ольсікі”, на якія могуць нешта “набыць” на нашым аўкцыёне. Скажам, цукеркі ці цацкі. Гэтую гульню выхаванцы вельмі любяць і чакаюць. Як і “Зялёную пятку” — гэта рухавая гульня, калі трэба знайсці ў лагеры чалавека, у якого пятка пафарбавана ў зялёны колер. Нават ладзім зімовыя святы летам! Новы год, Каляды. Пры гэтым стараюся, каб дзіцячы адпачынак быў менавіта здаровым.
Школьнікі, з якімі працуе Настасся Вітальеўна, рознага ўзросту — ад 6 да 18 гадоў, але да кожнага яна ўмее знайсці падыход. Гаворыць, што для сваіх выхаванцаў яна і маці, і сябар. Маленькіх, здараецца, трэба абняць, супакоіць. Са старэйшымі паразмаўляць па-сяброўску, заваяваць іх давер.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлена суразмоўніцай