Настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства Сянькоўшчынскай сярэдняй школы Слонімскага раёна Яніну Уладзіміраўну Рачкову не толькі паважаюць у калектыве, які стаў для яе першым у прафесійным жыцці, — у бягучым навучальным годзе яна стала пераможцай раённага конкурсу “Лепшы малады спецыяліст”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Алена Баравік адзначыла, што Яніна Уладзіміраўна — кампетэнтны і адказны педагог. Яна вельмі добра валодае методыкай выкладанння прадмета, выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі, цікава падае матэрыял. Шмат увагі ўдзяляе прафесійнаму ўдасканаленню, прымае ўдзел у шматлікіх конкурсах, як з вучнямі, так і сама. І заўсёды дасягае тых мэт, якія перад сабой ставіць. Ува ўсім яе падтрымлівае мама Іна Анатольеўна, таксама педагог.
Яніна Рачкова расказала, што рашэнне стаць настаўніцай прыйшло яшчэ ў школьныя гады. Калі ў 10 класе перайшла ў Слонімскі раённы ліцэй, профільнымі прадметамі выбрала гісторыю і грамадазнаўства, любоў да якіх ёй прывіла настаўніца Алена Іванаўна Борыс. Тады і ўзнікла жаданне стаць гісторыкам. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на гістарычны факультэт. Падчас вучобы думала звязаць сваё жыццё з турызмам, але на 4 курсе на педагагічную практыку трапіла ў гімназію № 20 Мінска. Дзяўчыне запомніўся першы ўрок, калі дзеці, убачыўшы маладога педагога, спрабавалі праверыць прафесійнае майстэрства, задавалі шмат пытанняў. Яніна Уладзіміраўна справілася. І калі дзевяцікласнікі зразумелі, што яе веды вельмі глыбокія і яна можа многаму іх навучыць, прынялі настаўніцу.
Работа ў школе так захапіла, што студэнтка вырашыла сумяшчаць вучобу з работай і стала весці ўрокі ў сталічнай школе № 143. Калі надышоў час размеркавання, сумненняў у правільнасці выбранага шляху не засталося. Так Сянькоўшчынская сярэдняя школа атрымала маладога спецыяліста, а дзяўчына
апынулася ў родным для сябе асяроддзі.
— Спачатку я вельмі хвалявалася, не ведала, як мяне ўспрыме калектыў, — прызналася Яніна Рачкова. — Але пазнаёмілася з намеснікам дырэктара Аленай Канстанцінаўнай Баравік і літаральна на першай сустрэчы зразумела, што трапіла ў цудоўную школу. Калегі адносяцца да мяне добра, да каго ні звернешся — абавязкова дапамогуць.
Малады педагог змагла знайсці падыход да вучняў. Як ні дзіўна, наладзіць узаемаадносіны са старшакласнікамі аказалася прасцей, чым падтрымліваць дысцыпліну ў 5—6 класах. Метады, якім аддаюць перавагу вопытныя педагогі, для маладой дзяўчыны не заўсёды падыходзяць, таму яна стараецца рабіць крыху інакш, часам пераводзіць гутарку на жарт.
— Магчыма, таму, што я не так даўно сама скончыла школу, разумею, чаго хочуць сучасныя дзеці, — падзялілася Яніна Рачкова. — Ім больш падабаецца ўспрымаць інфармацыю праз гульню, чым у фармаце лекцый. А яшчэ лепш, калі гэтая гульня праводзіцца з дапамогай смартфона, калі выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі. Таму актыўна прымяняю такі падыход падчас праверкі дамашняга задання і замацавання матэрыялу. На экран выводжу пытанні, а дзеці адказваюць на іх з дапамогай спецыяльнага дадатку ў сваіх тэлефонах. Адказы выводзяцца на экран, так што адразу можна іх ацаніць. І цэлы клас заняты, і я адразу атрымліваю вынікі. Актыўна выкарыстоўваю на ўроках гісторыі сацыяльныя сеткі. Напрыклад, мы вывучалі Герояў Беларусі і Савецкага Саюза. Замест задання падрыхтаваць рэферат пра гістарычную асобу дзеці павінны былі зрабіць старонку героя ў сацыяльнай сетцы. Было цікава: яны выкарыстоўвалі фотаздымкі, музыку, нават стараліся весці “гістарычную” перапіску. Мая асноўная методыка — укараненне інфармацыйных тэхналогій у навучанне.
Цікавым для настаўніцы стаў вопыт удзелу ў раённым конкурсе “Лепшы малады спецыяліст”. Перамагчы ў ім дапамаглі ў тым ліку веды, атрыманыя ў раённай школе маладога педагога. Асабліва запомніўся конкурс прамоўніцкага майстэрства “Мая прафесія — гарантыя будучыні”.
— Некаторыя лічаць, што ў будучыні настаўніка заменіць штучны інтэлект — робат. Я даказвала ў сваім выступленні, што гэта немагчыма. Робат можа даць веды, але настаўнікі ў школе не толькі вучаць дзяцей, але і выхоўваюць асобу, патрыёта, узаемадзейнічаюць з бацькамі ў пытаннях выхавання ў дзяцей маральных якасцей. Мая прафесія — гарантыя будучыні любой краіны, у тым ліку і Беларусі. Менавіта ад настаўнікаў залежыць, колькі ў нас будзе аграномаў, інжынераў, работнікаў іншых сфер, — расказала Яніна Рачкова.
Педагог ганарыцца поспехамі і перамогамі на конкурсах сваіх выхаванцаў. Кацярына Скок заваявала дыплом I ступені на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Мая сям’я ў гады вайны”, дзе расказала пра сваю прабабулю, якая стала ахвярай фашысцкіх акупантаў і выжыла. У сваёй рабоце дзесяцікласніца з дапамогай педагога не толькі адлюстравала гісторыю сям’і, але і раскрыла тэму акупацыйнай палітыкі на тэрыторыі Слонімскага раёна, зрабіла інтэрактыўную карту помнікаў раёна. Іван Ткаліч атрымаў перамогу на раённым этапе конкурсу “Патрыёт.by”. Вучні пад кіраўніцтвам маладой настаўніцы атрымалі перамогі ў рэспубліканскай маладзёжнай гадзіне памяці — пісьмовым уроку “Любоў і подзвіг” (дыплом I ступені сярод устаноў адукацыі Слонімскага раёна), у абласным віквізе “Чытаем гісторыю па ёлачных упрыгажэннях” (дыплом II ступені).
Сярод асабістых перамог — дыпломы на Каложскіх адкрытых абласных чытаннях, раённым конкурсе метадычных распрацовак “Выхаваўчы патэнцыял урока” (дыплом II ступені), раённым этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” (дыплом II ступені).
Яніна Рачкова — удзельніца Х Міжнароднай навукова-практычнай анлайн-канферэнцыі “Педагагічная адукацыя ва ўмовах трансфармацыйных працэсаў: рэсурсы і механізмы забеспячэння ўстойлівага развіцця грамадства” і навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба. Адукацыя. Грамадства”, фестывалю лепшых адукацыйных практык “Творчасць маладых сучаснай школы”.
Яніна Уладзіміраўна з’яўляецца кіраўніком школьнага музея. Сабрана шмат матэрыялаў па энталогіі, гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Некаторыя экспанаты знойдзены на раскопках удзельнікамі пошукавага атрада “Нашчадкі”. Педагог упэўнена, што дзецям трэба толькі прапанаваць, крыху падштурхнуць, і яны з задавальненнем уключаюцца ў пошукавую дзейнасць. Дарэчы, каб трапіць у пошукавы атрад, трэба добра вучыцца.
І ўсё ж галоўнае, на думку Яніны Рачковай, настаўнік павінен любіць сваіх вучняў: “Без любові да дзяцей немагчыма працаваць у школе. Як інакш?”
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара