У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшоў І Рэспубліканскі форум маладых аналітыкаў. Ён быў арганізаваны Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў пры падтрымцы Міністэрства адукацыі ў якасці аднаго з этапаў развіцця маладзёжнага аналітычнага руху “Будучыня Беларусі”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Форум аналітыкаў стаў пляцоўкай для размовы моладзі з экспертамі дзяржаўнага і прыватнага сектараў па пытаннях развіцця Беларусі.
У рамках форуму працавалі пяць экспертных сесій: “IT-краіна 2.0 праз прызму месца і ролі прафесіі айцішніка ў беларускім грамадстве”, “Эканоміка будучай Беларусі вачыма маладых кадраў”, “Асновы беларускага грамадства ў дынаміцы тэхналагічных інавацый”, “Сацсеткі як эфектыўны інструмент узаемадзеяння з грамадствам”, а таксама “Беларусь як адукацыйны хаб”. Менавіта на апошняй секцыі маладыя аналітыкі прапанавалі розныя ідэі для сферы адукацыі.
— Разам з удзельнікамі форуму мы разгледзелі, што неабходна Беларусі для таго, каб у поўным сэнсе адказваць крытэрыям адукацыйнага хаба, а таксама яго плюсы і мінусы. Маладыя спікеры — гэта ўжо не студэнты са звычайнымі пытаннямі, а людзі, якія абазначылі крытычныя моманты і, што самае важнае, прапанавалі свае варыянты іх рашэння, — падкрэсліў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.
Ён дадаў, што ключавыя задачы праекта па развіцці маладзёжнага аналітычнага руху — знайсці моладзь, якая цікавіцца аналітыкай, дазволіць ёй раскрыць свой патэнцыял, стварыць умовы для супрацоўніцтва з БІСД і дапамагчы ёй у напісанні даследчых праектаў.
— Маладыя аналітыкі прапанавалі нямала цікавых ідэй. Адна з іх — спосабы папулярызацыі фізіка-матэматычнай адукацыі, каб маладыя людзі ішлі ў педагогіку па гэтым профілі. Элементарны пасыл — фінансавыя інструменты, гэта значыць, павелічэнне зарплаты ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Таксама важныя псіхалагічныя і прафарыентацыйныя складнікі. Такія падыходы не рэалізуюцца імгненна, але маюць пад сабой аснову для больш дэталёвага абмеркавання, — сказаў А.Кадлубай.
У час пленарнага пасяджэння намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў адзначыў значнасць падрыхтоўкі маладых аналітыкаў:
— Дзясяткі маладых людзей з 27 УВА прадставілі сваё бачанне развіцця нашай краіны, лічбавізацыі, штучнага інтэлекту і сельскай гаспадаркі. Ад таго, як яны бачаць гэтыя сферы, разумеючы выклікі, прадыктаваныя постіндустрыяльным грамадствам, залежыць, якой будзе наша дзяржава. Акрамя таго, наколькі яны патрыятычныя, улюбёныя ў сваю краіну і наколькі яны, прымяняючы найноўшыя тэхналогіі, гатовы выбудоўваць усе сферы нашай эканомікі, настолькі і будзе паспяховай наша краіна.
У сваю чаргу дырэктар БІСД Алег Макараў акцэнтаваў увагу, што аналітык — гэта рэдкая спецыяльнасць. Па сутнасці, у нашай краіне нідзе такіх спецыялістаў не рыхтуюць, хоць аналітыкі вельмі патрэбны.
— Мы стварылі гэты праект, каб аб’яднаць студэнтаў розных універсітэтаў, якім цікава аналітычная дзейнасць. Для нас, арганізатараў, важней за ўсё было знайсці кропку, так бы мовіць, распакоўкі энергіі моладзі, адшукаць праблемы, якія захопяць маладых людзей. І задача БІСД у тым, каб навучыць юнакоў і дзяўчат метадалогіі аналізу, якая складаецца з розных навуковых метадаў. Да таго ж мы бачым узаемную цікавасць рэктараў УВА, выкладчыкаў і службовых асоб. У форуме прынялі ўдзел 20 экспертаў — высокія службовыя асобы. Гэта сведчыць аб тым, што форум будзе жыць, — выказаў упэўненасць А.Макараў.
Гаворачы аб перспектывах развіцця маладзёжнага аналітычнага руху “Будучыня Беларусі”, дырэктар БІСД расказаў, што была пададзена заяўка на прэзідэнцкі грант, каб у гэтага праекта была і фінансавая падтрымка.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота БелТА