Маладыя настаўнікі селі за парты

- 13:41Адукацыйная прастора

Раніца ў гэтай школе пачыналася з зарадкі. 52 настаўнікі з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці, якія працуюць у школе не больш за два гады, так пачыналі кожны дзень навучання ў школе маладых педагогаў. Трэці год запар школу “Прызванне — педагог” арганізоўвае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі, Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, клуб “Крыштальны журавель”.

Галоўная мэта арганізатараў школы — падтрымка тых, хто сваім прызваннем лічыць педагогіку, работу з дзецьмі. Як расказала рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка, праведзенае анкетаванне паказала, што 92% удзельнікаў школы плануюць застацца ў прафесіі, 8% збіраюцца вызначыцца з гэтым пасля яшчэ аднаго года працы ў сістэме адукацыі.

— Некалькі гадоў назад, аналізуючы сітуацыю з замацаваннем маладых спецыялістаў, прыйшлі да высновы, што трэба шукаць новыя падыходы да гэтага, — гаворыць першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская. — Падтрымаць пачынаючых настаўнікаў атрыманнем новых ведаў, зносінамі з педагогамі і азнаямленнем з іх вопытам. Так узнікла ідэя правядзення фестывалю педагагічных ідэй, дзе на адной пляцоўцы збіраліся маладыя і вопытныя педагогі і які сёння выйшаў на рэспубліканскі ўзровень, а таксама ідэя арганізацыі шматлікіх навучальных курсаў і семінараў у інстытуце развіцця адукацыі, жнівеньскай школы маладога педагога.

Для маладых настаўнікаў была падрыхтавана разнастайная праграма. Так, па словах старшага выкладчыка кафедры адукацыйных тэхналогій ГрАІРА Ірыны Мякені, удзельнікі засвойвалі сучасныя адукацыйныя тэхналогіі: перавернуты ўрок, змешанае навучанне, крэатыўная платформа. Выкарыстоўваліся розныя формы навучання: лекцыі-дыялогі, гульнявыя праекты, дзелавыя гульні, трэнінгі, майстар-класы, якія былі накіраваны на павышэнне матывацыі да прафесійнага станаўлення, самаразвіццё і самарэалізацыю маладога педагога. Тэмамі заняткаў былі: “Эфектыўны тайм-менеджмент у рабоце маладога педагога”, “Выхаваўчы патэнцыял урока”, “Сучасныя формы работы з дзецьмі і сем’ямі, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы”, “Самарэалізацыя асобы маладога педагога”, “Прафесійнае станаўленне маладога педагога”. Працавалі з маладымі настаўнікамі выкладчыкі ГрАІРА, 12 членаў клуба “Крыштальны журавель” з розных рэгіёнаў Беларусі.

Намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 1 Ваўкавыска Алена Аскірка адзначае матываванасць удзельнікаў школы да педагагічнай дзейнасці. Алена Мікалаеўна азнаёміла слухачоў з сеткавай супольнасцю “Маладыя педагогі Гродзеншчыны”, дзе яны змогуць не толькі абменьвацца інфармацыяй, але і атрымліваць метадычную падтрымку. А настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні Ірына Клявец дадае, што работа з маладымі настаўнікамі — гэта работа на перспектыву, што яны зацікаўлены ў азнаямленні з аўтарскімі распрацоўкамі вопытных педагогаў, уважлівыя да іх рэкамендацый.

Абмяняцца думкамі, унесці прапановы па ўдасканаленні работы школы педагогі змаглі падчас круглага стала “Прафесійнае станаўленне маладога педагога”, удзел у якім прынялі першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская, начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Святлана Кавалеўская, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка, рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка. Маладыя педагогі прапанавалі ўнесці ў праграму заняткі па рабоце з адоранымі навучэнцамі і падрыхтоўцы іх да алімпіяд і навуковых конкурсаў, па класным кіраўніцтве.

Алёна Кезік, якая працуе настаўніцай пачатковых класаў у Жодзішкаўскім яслях-садзе — сярэдняй школе Смаргонскага раёна, вельмі важным лічыць атрыманне ў школе маладога педагога новых ведаў па сучасных тэхналогіях правядзення ўрока. Жанчына за нядоўгі час працы чацвёрты раз удзельнічае ў розных формах навучання: двойчы станавілася слухачом курсаў у ГрАІРА, была ўдзельніцай фестывалю педагагічных ідэй, а зараз — школы маладых педагогаў. Алёне Мікалаеўне таксама вельмі спадабалася наведванне Гродзенскага інстытута развіцця адукацыі і Цэнтра пясочнай тэрапіі, экскурсія па Гродне.

І хоць заняткі праводзіліся да 19 гадзін, час на цікавы і актыўны адпачынак маладыя настаўнікі таксама знаходзілі. Школа была арганізавана ў прыгожым месцы — на базе Парэцкай санаторнай школы-інтэрната. Педагогам былі прадастаўлены добрыя ўмовы для заняткаў спортам і для адпачынку: праводзіліся і малыя алімпійскія гульні, і ўрок начной астраноміі ад настаўніка фізікі сярэдняй школы № 1 Ашмян Марыны Дудойць, была арганізавана цікавая паездка на Аўгустоўскі канал. Як адзначыла настаўніца замежнай мовы гімназіі № 1 імя Кастуся Каліноўскага Свіслачы Настасся Шыт, у школе “Прызванне — педагог” яны атрымалі не толькі багаж ведаў, але і станоўчыя эмоцыі. А без іх таксама цяжка працаваць. Акрамя таго, удзельнікам школы ўручылі сертыфікаты аб яе заканчэнні і пасведчанні аб павышэнні кваліфікацыі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.