“Маладзёжнай ініцыятыве — так!” — дружна сказалі ўдзельнікі аднайменнага свята ў НДЦ “Зубраня”. “Зубраняты”, як і ўсе маладыя людзі нашай краіны, адзначылі Дзень моладзі. Адзначылі па-зубраняцку: весела, дружна, крэатыўна.
Гасцямі свята ў “Зубраняці” сталі міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў і яго намеснік Віктар Віктаравіч Якжык. Пачаў свята праект “Нашы малюнкі для любімай краіны”: удзельнікі змены ў НДЦ “Зубраня” і выхавальнікі цэнтра малявалі палотны, прысвечаныя міру, краіне, сям’і, школе, дзяцінству. Гатовыя палотны былі складзены ў адзін вялізны яркі малюнак. Потым госці наведалі маладзёжны вернісаж “Ведае кожны беларус: маладосць трымае верны курс!”. Выстаўляліся на вернісажы не карціны, а цікавыя ідэі. Працавалі спецыяльна абсталяваныя вулічныя пляцоўкі па асноўных напрамках маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь: “Моладзь — за дружбу паміж народамі”, “Моладзь — за здаровы лад жыцця”, “Моладзь — за беражлівыя адносіны да прыроды”, “Моладзь — за развіццё творчых здольнасцей”, “Моладзь — за актыўную жыццёвую пазіцыю” і шмат іншых. На пляцоўках хлопцы і дзяўчаты прапаноўвалі распрацаваныя праекты па азначанай тэматыцы і абмяркоўвалі іх падчас дыскусіі. Далей дзейства перамясцілася ў канферэнц-залу, дзе адбыўся круглы стол “Дыялог з моладдзю пра галоўнае”. На размову былі запрошаны, акрамя міністра адукацыі і яго намесніка, галоўны спецыяліст упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Сергей Пятровіч Рукан, дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева, а таксама шмат актыўных маладых людзей: прадстаўнікі Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета і валанцёрскага педагагічнага атрада “Крылы”, удзельнікі ХІ Міжнароднага маладзёжнага форуму “Сяброўства без межаў”, які праходзіць у “Зубраняці”, і маладыя педагогі НДЦ. Госці з Расіі цікавіліся, ці будзе калі-небудзь у расійскіх студэнтаў магчымасць паступаць у беларускія УВА па выніках Адзінага дзяржэкзамену, а маладыя людзі з Прыбалтыкі — якія праграмы па абмене студэнтамі існуюць у Беларусі. Таксама замежныя госці пыталіся, якія найбольш актуальныя праблемы існуюць у сістэме адукацыі нашай краіны. Нашы ж суайчыннікі — удзельнікі круглага стала — хацелі даведацца аб перспектывах, якія адкрывае перад навучэнцамі далучэнне нашай краіны да Балонскага працэсу, якія меры плануе прымаць міністэрства для папулярызацыі беларускай мовы і як міністр адукацыі ставіцца да сучасных гаджэтаў і іх выкарыстання падчас вучобы. На ўсе пытанні былі дадзены разгорнутыя і поўныя адказы. Кульмінацыяй мерапрыемстваў стала мастацка-спартыўнае свята “Сэрца юнацтва б’ецца ў грудзях!”. Супертэмп і неверагодны настрой задалі ансамбль мажарэтак “Дэжавю” Клецкай дзіцячай школы мастацтваў, шоу барабаншчыкаў і экстрэмальнае выступленне ўдзельнікаў школы спартыўнага чырлідынгу “Фенікс”. Адкрыў канцэрт Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, звярнуўшыся да хлопцаў і дзяўчат, якія сабраліся на стадыёне: “Я віншую вас з Днём моладзі! Моладзь — гэта наша будучыня, будучыня нашай краіны. У Беларусі моладзі ўдзяляецца многа ўвагі. Усё ў нашай краіне робіцца на карысць чалавека, дзеля вас. Таму жывіце, тварыце, атрымлівайце асалоду! Шукайце і знаходзьце сябе ў розных карысных справах”.
Спартсмены, танцоры, выканаўцы з розных куткоў краіны стварылі яркае і незабыўнае шоу, якое расквеціла стадыён мільёнамі фарбаў. А завяршыўся Дзень моладзі ў “Зубраняці” самай гарачай ва ўсіх сэнсах сустрэчай — сяброўскай сустрэчай ля кастра.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.