Маларыцкія барацінкі

- 10:52Навіны рэгіёнаў

Краязнаўчы музей “Спадчына” ў Маларыцкай раённай гімназіі быў адкрыты ў 1999 годзе.
За час існавання ў ім пабывала не адна сотня наведвальнікаў, праведзена шмат урокаў і пазакласных мерапрыемстваў. Тут ёсць на што паглядзець: у 9 музейных экспазіцыях сабраны цікавыя матэрыялы з духоўнай і матэрыяльнай спадчыны Маларытчыны.

— Асаблівую цікавасць выклікае раздзел “Нумізматыка”, — гаворыць дзесяцікласнік Кірыл Крэйдзіч, член пошукавай групы, якая не адзін год існуе пры музеі. — У ім знаходзіцца шмат манет і папяровых купюр розных гадоў выпуску. У час экскурсіі вучні ўважліва слухаюць і пра барацінкі, якія можна нават патрымаць у руках.
— У музейнай калекцыі знаходзіцца 4 барацінкі, — дадае дзесяцікласніца-экскурсавод Ганна Сярдзюк. — Барацінка — неафіцыйная назва медных шэлегаў (солідаў) Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага, якія чаканіліся ў 1659—1668 гадах. Барацінка з’яўляецца сведкай таварнай вытворчасці, рамяства, мясцовых і міжнародных эканамічных сувязей.З энцыклапедычнай і даведачнай літаратуры вядома, што ў 1659 годзе з мэтай паляпшэння фінансавага становішча Рэчы Паспалітай за кошт даходаў манетных двароў у грашовае абарачэнне ўпершыню былі ўведзены медныя соліды, якія ішлі па курсе 3 соліды за 1 грош. Тагачасны загадчык кракаўскага манетнага двара Ціт Лівій Бараціні прапанаваў выпуск новых крэдытных грошай, накіраваных на пакрыццё даўгоў. У 1663 годзе было прынята рашэнне аб новай эмісіі меднай манеты.
— У дакументах другой паловы ХVІІ стагоддзя медны солід называўся шэлегам, часам з удакладненнем “грубы” з-за адносна тоўстага манетнага кружка або “чырвоны” з-за колеру манетнага металу, — расказвае Кірыл Крэйдзіч. — Зрэдку сустракаецца яшчэ і назва барацінчык. У Беларусі барацінкі выпускаў Брэсцкі манетны двор.
Барацінкі ў музейнай калекцыі гімназіі з’явіліся яшчэ ў 2012 годзе. Манеты, знойдзеныя на тэрыторыі Маларыты, — асабліва каштоўныя экспанаты. Тры манеты, памерам паўтара сантыметра, датаваны 1666 годам, адна — 1661. На іх аверсе змешчана выява Яна Казіміра Вазы, на рэверсе — “Пагоня”.
Вядома, што ў Сярэднявеччы людзі кідалі барацінкі за спіну і загадвалі добрае надвор’е. На Вялікдзень сяляне гэтыя манеты раскідвалі ў паўднёвай частцы поля, каб быў вялікі ўраджай.

Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.