“Маленькі Тайланд” на беразе Чыгірынскага вадасховішча

- 12:25Адукацыйная прастора

Юныя магілёўскія спартсмены актыўна трэніруюцца не толькі падчас навучальнага года, але і ў перыяд летніх канікул. Яны адточваюць свае навыкі і ўменні пад кіраўніцтвам сваіх жа трэнераў, аднак у больш свабоднай і нязмушанай абстаноўцы — на базе дзіцячых спартыўна-аздараўленчых лагераў.

— Такія лагеры арганізаваны ўсімі навучальна-спартыўнымі ўстановамі Магілёўскага абласнога спартклуба “Спартак” Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, — расказаў дырэктар клуба сярэбраны прызёр зімовых Алімпійскіх гульняў 2010 года ў Ванкуверы па біятлоне Сяргей Новікаў. — У нашым падпарадкаванні 14 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і школ алімпійскага рэзерву, у якіх культывуецца 21 від спорту. У гэтых установах вучыцца больш як 6,5 тысячы чалавек. Амаль палова — каля 3,1 тысячы навучэнцаў — пройдзе аздараўленне ў нашых лагерах. На гэтыя мэты з рэспубліканскага бюджэту выдаткавана амаль 280 тысяч беларускіх рублёў.

Дзяўчынкі і хлопчыкі ў вольны ад заняткаў час наведваюць 18-дзённыя спартыўна-аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем, а таксама жывуць у 9- і 18-дзённых з кругласутачным знаходжаннем. Два такія лагеры размясцілі свае летнія навучальна-трэніровачныя базы па суседстве — на беразе Чыгірынскага вадасховішча, у вёсцы Чачэвічы Быхаўскага раёна.

— У лагеры абласной ДЮСШ прафсаюзаў “Спарта” па дзюдо і вольнай барацьбе за дзевяцідзённую змену ў сярэднім адпачываюць і праходзяць спартыўную падрыхтоўку 70 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў, — адзначыў трэнер-выкладчык дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Сяргей Ларчанка. — У асноўным гэта хлопцы. Дзяўчат мала — да 5—7 чалавек. Для дзяцей такі лагер — выдатная магчымасць пазнаёміцца бліжэй, пажыць на свежым паветры, без тэлевізара і інтэрнэту, праявіць самастойнасць і, што вельмі важна для кожнага спартсмена, працягнуць трэніроўкі.

Па словах Сяргея Віктаравіча, пад’ём у дзяцей ранні — у 8 гадзін. Яшчэ да пачатку снедання — 20-хвілінная зарадка, далей — прыём ежы, прыбіранне тэрыторыі і жылых памяшканняў. У 11 раніцы ўсе прыступаюць да паўнавартаснай трэніроўкі з абавязковым кросам у 1,5—2 кіламетра, а таксама прысяданнямі, адцісканнямі, скачкамі, практыкаваннямі на прэс і г.д. Нагрузкі кантралююцца ў залежнасці ад ступені падрыхтоўкі і самаадчування выхаванца. Пасля — вольны час, абед, заняткі па інтарэсах і вячэра. Вечаровая праграма напоўнена мерапрыемствамі, што дазваляе дзецям пасябраваць і праявіць сябе.

Жыццё ў лагеры арганізавана своеасаблівым чынам: дзеці старэйшага ўзросту (па ўзгадненні з бацькамі) жывуць у палатках, малодшыя — у драўляных хатках. Санітарна-бытавыя ўмовы наладжаны добра. У кожным стацыянарным памяшканні ёсць душ і санвузел, на вуліцы таксама абсталяваны прыбіральні, падключаныя да цэнтральнай каналізацыі. Ёсць лазня і агульная сталовая, дзе працуюць прафесійныя кухары. Умовы створаны добрыя, таму нараканняў з боку дзяцей і іх бацькоў няма.

Разам з тым жыхары лагера могуць спакойна пасядзець каля вогнішча, схадзіць на рыбалку, пакупацца, пагуляць у футбол ці валейбол — словам, юнацкай рамантыкі і разумнай свабоды хапае. Адзінае абмежаванне — гэта інтэрнэт і мабільная сувязь. Кропкі доступу Wi-Fі ёсць, але кіраўніцтва лагера гэтага не вітае: дзевяць дзён — не такі ўжо вялікі тэрмін, каб марнаваць час на модныя гаджэты, сацыяльныя сеткі і камп’ютарныя гульні.

— Вядома, дзецям, асабліва малодшага ўзросту, не проста адаптавацца ў новых умовах, — растлумачыў Сяргей Ларчанка, — таму мы прыкладаем усе намаганні, каб стварыць у лагеры добразычлівую атмасферу, арыентуем старэйшых на апякунскія адносіны да малодшых. Гэта дазваляе развіваць камандны дух і пачуццё ўзаемадапамогі, важныя як у спорце, так і ў штодзённым жыцці. Больш за тое, нават за такі кароткі тэрмін выяўляюцца лідарскія якасці дзяцей, ацэньваецца іх псіхалагічная ўстойлівасць, што дазваляе далей праводзіць індывідуальную работу.

Васьмікласнік Аляксей Раманаў з сярэдняй школы № 15, шасцікласнік гімназіі № 2 Дзмітрый Тарасаў і дзевяцікласнік абласнога ліцэя № 2 Ілья Слабодчыкаў прыехалі ў лагер па новыя ўражанні. У распараджэнні хлопцаў невялікая трохмесная палатка з дыванкамі і спальнікамі. Месца нямнога, затое ўсё пад рукой. Сябры, якія жывуць у адным раёне і разам трэніруюцца, рады пабыць некалькі дзён асобна ад бацькоў.

— У лагеры я ўжо трэці сезон. Кожны раз жыву ў палатцы — мне гэта даспадобы, за гэтым сюды і езджу, — кажа Аляксей Раманаў. — Тут усё цікава, вельмі адрозніваецца ад жыцця ў гарадской кватэры. А тое, што няма камп’ютара, нават добра: ёсць час і магчымасць пагутарыць з аднагодкамі, адпачыць і працягнуць заняткі спортам. А яшчэ знайшоўся час для рыбалкі. Мы прывезлі з сабой снасці і спадзяёмся на добры ўлоў.
Магчымасцю правесці летні час на свежым паветры скарысталася і 13-гадовая магіляўчанка Настасся Зязюліна. Яна адзіная дзяўчынка ў першай змене спартыўна-аздараўленчага лагера аддзялення тайландскага бокса абласной СДЮШАР прафсаюзаў “Спартак-35”. Яе не палохаюць складаныя штодзённыя трэніроўкі, марш-кідкі і хлапечы калектыў. Насця марыць звязаць сваю будучыню са спортам вышэйшых дасягненняў, таму яе жыццё зараз складаецца з пастаянных фізічных заняткаў.

— У такім лагеры я ўпершыню, але ўжо праз тыдзень знаходжання тут даведалася шмат новага і цікавага як на спартыўную тэматыку, так і для агульнага развіцця, — па-дзялілася ўражаннямі сямікласніца магілёўскай сярэдняй школы № 33. — Дзіўна, але за ўсю лагерную змену тут не было ніводнага дня, які б паўтарыўся. Штораз праходзяць новыя цікавыя мерапрыемствы. Кампанія таксама падабралася дружная і вясёлая. Я не адчуваю няёмкасці з-за таго, што, акрамя мяне, тут больш няма дзяўчынак. Наадварот, усе падтрымліваюць і дапамагаюць, а са сваімі новымі сябрамі я магу абмеркаваць любую тэму ці праблему, яны абавязкова выслухаюць і што-небудзь параяць. У наступным годзе вярнуся сюды яшчэ раз — не хачу ў звычайны лагер.

Па словах трэнера-выкладчыка аддзялення тайландскага бокса СДЮШАР прафсаюзаў “Спартак- 35” Дзмітрыя Мельнікава, спартыўна-аздараўленчы лагер “Маленькі Тайланд” сёлета праводзіць юбілейны, дзясяты, сезон. Дзеці тут не толькі трэніруюцца, але і вучацца быць сабранымі і самастойнымі. Са сваімі важатымі яны ўсюды: і на трэніроўках, і ў бытавых справах — гатуюць ежу, прыбіраюць тэрыторыю, нарыхтоўваюць дровы для вогнішча.

— За 18-дзённую змену ў лагеры знаходзіцца да 40 выхаванцаў нашага аддзялення ва ўзросце ад 9 да 17 гадоў, — адзначае Дзмітрый Мельнікаў. — Мы робім упор на трэніроўкі для дасягнення высокіх вынікаў. Частыя госці спартыўна-трэніровачнай базы — вопытныя спартсмены, якія рыхтуюцца да сур’ёзных міжнародных спаборніцтваў. Гэта дае дзецям магчымасць пазнаёміцца з заслужанымі майстрамі спорту, пераняць іх вопыт, паглядзець, як яны трэніруюцца. Напрыклад, у гэтую змену лагер наведае неаднаразовая пераможца і прызёр рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па кікбоксінгу і тайландскім боксе, чэмпіёнка Еўропы і двухразовая ўладальніца кубка свету Людміла Чыслова.

Каб падрыхтаваць тэрыторыю для засялення дзяцей, трэнерам разам са старэйшымі дзецьмі давялося правесці вялікую работу. За тыдзень да адкрыцця лагера яны прывезлі патрэбнае абсталяванне, пабудавалі паходную кухню, вызначылі месцы для пражывання дзяцей і захавання прадуктаў, арганізавалі санітарна-бытавыя зоны, нацягнулі тэнты, усталявалі трэніровачны рэквізіт — баксёрскія грушы. Цэнтральнай пляцоўкай у лагеры стаў сапраўдны рынг з нацягнутымі канатамі, які днём выкарыстоўваецца для спартыўных заняткаў, а ўвечары выконвае функцыю сцэны.

Распарадак дня ў лагеры — разумны баланс паміж адпачынкам і спартыўнымі нагрузкамі. Першая трэніроўка, 40-хвілінная размінка, пачынаецца ў 9 гадзін раніцы. Пасля снедання дзеці выконваюць работу па лагеры, якая складаецца з падрыхтоўкі пляцовак для заняткаў спортам. Акрамя таго, малодшыя адказваюць за збор сухога галля, а старэйшыя — за нарыхтоўку дроў. Пасля гадзіны інтэнсіўнай працы па гаспадарцы — фізічны адпачынак: усе рыхтуюцца да абавязковай конкурснай праграмы.

На працягу дня запланаваны яшчэ дзве трэніроўкі — даабедзенная і вечаровая. У штодзённым раскладзе таксама купанне, ціхая гадзіна і пазнавальна-забаўляльныя мерапрыемствы. Дзеці прымаюць удзел у віктарынах на тэму Вялікай Айчыннай вайны і гісторыі беларускага спорту, загадваюць і адгадваюць загадкі, складаюць лепшы расклад дня, спяваюць песні, удзельнічаюць у спаборніцтвах “Майстар камуфляжу”. Асабліва цікавым для выхаванцаў лагера і іх бацькоў, якіх запрашаюць на суботняе шоу, з’яўляецца конкурс традыцыйнага цырыманіяльнага танца рам муай, які байцы выконваюць перад паядынкам.

— У Тайландзе такія танцы ёсць у кожнага клуба, і старэйшыя дзеці, якія ўжо знаёмы з гэтай культурай, вучаць малодшых, — расказвае трэнер. — Рам муай — гэта не проста набор прыгожых рухаў, а дэманстрацыя ўшаноўвання бацькоў і настаўнікаў, выказванне падзякі за іх клопат. Акрамя таго, танец уяўляе сабой спецыяльную фізічную размінку, а таксама псіхалагічнае настройванне на бой.

Па словах Дзмітрыя Мельнікава, дзеці таксама прымаюць удзел у спартыўных, музычных і нават тэатральных конкурсах. Так, у творчым спаборніцтве “Калізей” яны інсцэніруюць бітву гладыятараў, папярэдне робячы сабе сапраўдныя баявыя касцюмы з падручных матэрыялаў. Так што за два з паловай тыдні сумаваць жыхарам лагера не даводзіцца, а час, праведзены ў паходных умовах разам з аднагодкамі, запомніцца надоўга.

— Я заўсёды з цеплынёй і ўсмешкай успамінаю дні, праведзеныя ў дзіцячых спартыўных лагерах, — падсумоўвае дырэктар абласнога спартклуба Сяргей Новікаў. — Мой бацька быў трэнерам. Дзякуючы яго працы, я аб’ездзіў шмат навучальна-трэніровачных баз як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. Для мяне, як і для большасці гэтых дзяцей, такія спецыялізаваныя лагеры сталі вялікім стымулам для самаўдасканальвання. Упэўнены, многія з гэтых дзяўчат і хлопцаў абавязкова стануць годнымі спартсменамі.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.