Маленькія крокі да вялікага бізнесу

- 12:53Адукацыйная прастора, Рознае

Хлопчык з Канады па імені Раян Рос пачаў свой першы бізнес, калі яму было тры гады. Пачаў ён з продажу яек, якія неслі куры, што гадаваліся на бацькоўскім падворку. Потым была новая справа, і яшчэ адна… Да свайго першага юбілею Раян амаль што стаў мільянерам. Яго гісторыя выклікае спрэчкі і дыскусіі людзей па ўсім свеце, хлопчыка называюць самым юным мільянерам. Гісторыя Раяна, безумоўна, здзіўляе і шакіруе, але з’яўляецца ўсё больш падобных да яго маладых бізнес-вундэркіндаў. А вось шматлікімі рэйтынгамі маладых паспяховых бізнесменаў, што нярэдка друкуюцца ў спецыялізаваных часопісах, ужо нікога не здзівіш — відавочнай становіцца думка, што быць паспяховым і пачынаць сваю справу ніколі не рана. Вось чаму ўсё часцей мы чуем пра бізнес-інкубатары, стартапы, падтрымку маладых бізнесменаў. Так, у Мінскай вобласці ў 2011 годзе пачалі ствараць навучэнскія бізнес-кампаніі, а нядаўна ўпершыню адбыўся фестываль гэтых кампаній.

Жвавы і дапытлівы юнацкі розум імкнецца да ўсяго актуальнага і сучаснага, таму ініцыятыву па стварэнні бізнес-кампаній навучэнцы ўстаноў адукацыі Міншчыны падхапілі з задавальненнем. Першапачаткова ў 2011 годзе былі арганізаваны 4 кампаніі, а сёння іх ужо 98, і занята ў іх 760 хлопчыкаў і дзяўчынак. Найбольшая колькасць кампаній адкрыта ў Дзяржынскім, Маладзечанскім, Мінскім раёнах. Наспела неабходнасць стварыць пляцоўку для сустрэчы юных бізнесменаў, каб яны маглі пазнаёміцца з ініцыятывамі сваіх аднадумцаў і вопытам іх работы, пашырыць свой кругагляд. Такой пляцоўкай і стаў І Абласны фестываль бізнес-кампаній.

На першы — завочны — этап фестывалю 34 бізнес-кампаніі з 17 раёнаў Мінскай вобласці прадставілі свае бізнес-планы, якія ацаніла экспертная група. 22 кампаніі з 14 раёнаў сталі ўдзельнікамі другога этапу, які адбыўся ў Мінскім абласным ІРА. Работа на гэтым этапе ладзілася ў форме стэндавага прадстаўлення. Удзельнікі бізнес-кампаній расказвалі экспертнай групе пра работу сваёй арганізацыі і вынікі гэтай работы, прадставілі бізнес-планы, штатны расклад, службовыя інструкцыі супрацоўнікаў, распавялі аб фінансавых поспехах. Эксперты звярталі ўвагу на арыгінальнасць назвы кампаніі, крэатыўнасць і актуальнасць, канкурэнтаздольнасць і запатрабаванасць прапанаваных тавараў і паслуг. Дзеці маглі задаць пытанні і атрымаць карысныя парады ад экспертаў.

На фестывалі можна было пазнаёміцца з работай розных кампаній — зусім маладых і даволі вопытных, буйных і маленькіх, з невялікім заробкам і сур’ёзным грашовым абаротам. Разнастайныя і кірункі работы. Так, многія кампаніі займаюцца вырабам сувенірнай і паліграфічнай прадукцыі: календары, магніты, закладкі, шкатулкі, упры-гажэнні і многае іншае сваімі рукамі вырабляюць школьнікі. Папулярны кірунак работы — вырошчванне расады: хатніх раслін, садовых кветак, дрэў і кустоў, агародніны. У школах, дзе працуюць такія кампаніі, дзяцей падтрымліваюць: будуюць цяпліцы для вырошчвання раслін, а мясцовыя жыхары, хутка перадаючы інфармацыю адно аднаму, забяспечваюць добры попыт. Займаюцца бізнес-кампаніі і вытворчасцю тавараў штодзённага попыту. Напрыклад, шыюць спецадзенне, пасцельную бялізну, фартухі, абрусы, сурвэткі. Навучэнцы Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя, дзе працуе кампанія “СтандАрт”, прапаноўваюць спажыўцам вырабы з дрэва — ад шкатулак і качалак да дзвярэй і акон. А некаторыя кампаніі не засяроджваюцца на адным кірунку дзейнасці і развіваюць адразу некалькі. Так, кампанія “Эргана”, што працуе ў Капыльскім дзяржаўным каледжы, аказвае забаўляльныя паслугі, дзеці шыюць, займаюцца пчалярствам, вырабляюць дарожную плітку і металаканструкцыі, вырошчваюць расаду. Да сваёй работы яны падыходзяць творча і прыдумваюць многа новага. Так, напрыклад, распрацавалі плашч-трансформер, куртку-барсетку, флікеры, ушытыя ў кішэні курткі, і інш. Кампанія нават мае некалькі патэнтаў на свае распрацоўкі.

Важнай адметнасцю бізнес-кампаній, якія працуюць ва ўстановах адукацыі, з’яўляецца тое, што працуюць тут толькі дзеці. Зразумела, ёсць дарослы кіраўнік з ліку супрацоўнікаў установы, але гэты чалавек толькі назірае і дапамагае, а ўся работа — ад ідэі і вытворчасці да рэкламы і рэалізацыі тавараў: выконваецца навучэнцамі. Так, напрыклад, дзяўчаты — супрацоўніцы кампаніі “Крыніца”, што дзейнічае ў сярэдняй школе № 4 Дзяржынска, расказалі, што ў іх арганізацыі зладжаная структура і падзел абавязкаў. Кампанія займаецца пашывам, працуюць у ёй 10 чалавек, і непасрэдна вытворчасцю займаецца кожны. А некаторыя супрацоўнікі работу за швейнай машынкай сумяшчаюць з іншымі пасадамі. У кампаніі ёсць кіраўнік, менеджары па персанале, маркетынгу, вытворчасці і камунікацыях.

Пасля таго як са стэндавымі прэзентацыямі пазнаёміліся эксперты, убачыць іх маглі ўсе жадаючыя падчас “Кірмашу бізнес-кампаній”. Хлопцам і дзяўчатам было вельмі цікава паглядзець, якія ідэі рэалізуюць іх калегі ў іншых раёнах, як вядуць да поспеху сваю справу. Карыснымі сталі для іх таксама арганізаваныя бізнес-трэнінгі і лекцыі. На пытанне “Як ставіць мэты, якія хочацца дасягаць?” адказ давала на трэнінгу Тамара Сугакава, трэнер і кіраўнік коўчынгавага цэнтра; майстар-клас “5 залатых правіл PROдажаў” правёў кансультант у галіне продажаў і кіравання рытэйлам бізнес-трэнер Віталь Сафронаў, а майстар-клас “Што такое маркетынг, або Вялікая рыбалка” — дырэктар бізнес-школы Рыта Мядзведзь.

Цікава на мерапрыемстве было і педагогам — кіраўнікам бізнес-кампаній. Яны не толькі пазнаёміліся з калегамі, але і сустрэліся з імі за круглым сталом “Развіццё прадпрымальніцкага патэнцыялу і мыслення моладзі”, каб падзяліцца вопытам і абмеркаваць праблемы, якія ўзнікаюць. Удзел у пасяджэнні круглага стала браў намеснік дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Анатольевіч Красоўскі, якому педагогі маглі адрасаваць свае пытанні і просьбы.

Па выніках работы фестывалю экспертная група вызначыла лепшыя бізнес-кампаніі ў чатырох намінацыях. Так, спецыяльны дыплом у намінацыі “Лепшая бізнес-ідэя” атрымалі кампаніі “БелАрт” Петкавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Дзяржынскага раёна і “Ракаў-трып” Ракаўскай сярэдняй школы Валожынскага раёна. У намінацыі “Лепшая прэзентацыя бізнес-кампаніі” лідарамі сталі кампаніі “Гліняны звон” Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна і “Імпульс-Darillium” гімназіі № 1 Жодзіна. Кампаніі “Эргана”, што працуе ў Капыльскім дзяржаўным каледжы, і Art.biz, якая дзейнічае ў гімназіі-каледжы мастацтваў Маладзечна, перамаглі ў намінацыі “Эфектыўнае прасоўванне вырабленага тавару або аказваемай паслугі”. Спецыяльны дыплом у намінацыі “Якасны бізнес-план” атрымалі бізнес-кампаніі “Зеленград” Драчкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Смалявіцкага раёна і “Школьная кампанія 10+” Бараўлянскай гімназіі Мінскага раёна.

Эксперты высока ацанілі не толькі кожную кампанію, але і наогул ініцыятыву па іх стварэнні.
— Лічу, што такія бізнес-кампаніі выконваюць важную функцыю — развіваюць прадпрымальніцкі патэнцыял дзяцей, выхоўваюць неабходныя кампетэнцыі, — расказвае Радзівон Ігаравіч Марозаў, член экспертнай групы, памочнік дырэктара Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ. — Упэўнены, што фарміраванне гэтых кампетэнцый — доўгі працэс, які павінен пачынацца са школы і заканчвацца падчас дадатковай адукацыі дарослых. Гэта неабходна не толькі для атрымання дзецьмі прыбытку і навучання азам эканомікі, але таксама і для таго, каб падрыхтаваць спецыялістаў і менеджараў для сучаснай мабільнай эканомікі ведаў.

Радзівон Ігаравіч таксама выказаў меркаванне, што зараз існуе праблема — вялікая адлегласць паміж спецыялістамі эканамічных, бізнес-спецыяльнасцей, а таксама іншымі, напрыклад, хімікамі, фізікамі, біёлагамі. Адны ведаюць, як прасоўваць тавар і ідэі, а ў другіх гэтыя ідэі ёсць. Але паміж імі няма звязкі, моста, які злучаў бы гэтыя два бакі. Бізнес-кампаніі якраз дапамогуць у будучым вырашыць гэтае пытанне — нават калі іх удзельнікі не стануць эканамістамі, бізнесменамі, на сваю справу яны будуць глядзець зусім іншым поглядам, поглядам прадпрымальніка, а гэта дасць імпульс любой справе.

Галоўная мэта любога бізнесу — прыбытак. Для хлопцаў і дзяўчат, якія ўдзельнічаюць у бізнес-кампаніях, гэта мае асаблівае значэнне. Яны атрымліваюць не толькі матэрыяльны прыбытак, але таксама прыбытак у ведах, вопыце, творчай і дзелавой актыўнасці. І сваю работу і намаганні яны не проста ўкладваюць у бізнес-кампаніі, а робяць выгадныя інвестыцыі ў сваю будучыню.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.