“Малыя летнія алімпійскія гульні” ў “Праменьчыку”

- 11:23Адукацыйная прастора, Рознае

Пакуль спартсмены з усяго свету, у тым ліку і нашы землякі, змагаюцца за званне чэмпіёнаў на летніх Алімпійскіх гульнях у Бразіліі, педагогі спрабуюць выхаваць ім годную змену ці проста пазнаёміць з гісторыяй Алімпійскіх гульняў, прывіць цікавасць да фізічнай культуры і спорту.

Так, у гомельскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Праменьчык” правялі “Малыя летнія алімпійскія гульні”.

Як паведаміла намеснік загадчыка дашкольнай установы Вера Конан, правядзенню свята папярэднічала вялікая работа. Педагогі знаёмілі выхаванцаў з гісторыяй узнікнення Алімпійскіх гульняў і алімпійскай атрыбутыкай, у групах праводзіліся гутаркі, а хлопчыкі і дзяўчынкі развучвалі вершы, песні, загадкі, прыказкі і прымаўкі на адпаведную тэму, разглядалі рэпрадукцыі, ілюстрацыі з відамі спорту, альбомы “Знакамітыя спартсмены-землякі”, “Беларусь — спартыўная краіна”. Акрамя таго, супрацоўнікамі цэнтра было арганізавана знаёмства выхаванцаў са спартыўнымі пляцоўкамі, спартыўнымі палацамі і комплексамі нашага горада.

Тэма алімпійскага руху прайшла і праз гульнявую дзейнасць дзяцей. Вялікі ўклад у арганізацыю і правядзенне свята ўнеслі педагогі старшых груп, музычныя кіраўнікі і кіраўнік фізічнага выхавання. Педагогі актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні трэніровачных эстафет і іх элементаў, былі абноўлены і папоўнены матэрыяламі і атрыбутамі спартыўныя куткі груп, а выхаванцы падрыхтавалі матэрыялы для выстаў “Мы са спортам сябруем” і “Алімпійская сімволіка”.

Не засталіся ўбаку і сем’і выхаванцаў. Бацькі ўдзельнічалі ў анкетаванні аб фарміраванні ў сваіх дзяцей станоўчых адносін да фізкультуры і спорту, стваралі з дзецьмі сямейныя газеты. Дзеці старшых груп наведалі разам з бацькамі футбольны матч на адным са стадыёнаў абласнога цэнтра.

Адкрыццё “Малых летніх алімпійскіх гульняў” традыцыйна пачалося з узняцця сцяга і запальвання алімпійскага агню. Героямі свята сталі Лета, Алімпішка і госць з Бразіліі. Тут жа былі і клоўны, якія забаўлялі жартоўнымі конкурсамі балельшчыкаў.

У праграме спартыўнага свята каманды-ўдзельніцы пазмагаліся за ўзнагароды ў эстафетах з алімпійскімі факеламі “Перадача Алімпійскага агню”, абручамі “Алімпійская эмблема”, “Калясніца”, эстафеце “Скачкі з гантэлямі” і інш.

Пасля таго як журы назвала пераможцаў, каманды атрымалі ўзнагароды — медалі і салодкія прызы.
“Малыя летнія алімпійскія гульні” ў “Праменчыку” запомняцца дзецям не толькі спартыўнымі спаборніцтвамі. У завяршэнне свята для іх быў падрыхтаваны дзіўны сюрпрыз. На пляцоўку на сапраўднай пажарнай машыне выехалі роставыя лялькі — заяц Фiлька і ліса Лілька, і пачаліся гульні з вадой.

— Арганізоўваючы такое спартыўнае свята, мы кіраваліся перш за ўсё матывамі здароўезберажэння выхаванцаў, ідэямі навучыць іх працаваць у камандзе і выхаваць пачуццё ўзаемадапамогі, — расказала загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Праменьчык” Ларыса Яськова. — Заняткі спортам прывіваюць дзіцяці такія немалаважныя якасці, як смеласць, мэтанакіраванасць, рашучасць, працавітасць, упартасць. Усё гэта, безумоўна, дапаможа ў жыцці кожнаму дзіцяці, незалежна ад таго, звяжуць яны сваю будучыню са спортам ці не. Таму мы маем намер і далей развіваць ва ўстанове алімпійскія традыцыі.

Наталля ЛУТЧАНКА.