Марафон добрых спраў

- 16:35Адукацыйная прастора, Рознае

Магілёў падтрымаў эстафету дабрачыннага марафону “Усе фарбы жыцця — для цябе”, арганізаванага Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.

Як паведаміў першы сакратар абкама БРСМ Павел Алекса, гэты марафон стаў візітнай карткай валанцёрскага маладзёжнага руху “Добрае сэрца”, мэта якога — адраджэнне і развіццё дабрачыннасці ў нашай краіне.

— Комплекс мерапрыемстваў у рамках рэалізацыі марафону праводзіцца ва ўсіх рэгіёнах краіны. Магілёўшчына стала трэцім удзельнікам гэтай патрэбнай акцыі. Наша моладзь заўсёды актыўна адгукаецца на заклік да здзяйснення добрых спраў. На сённяшні дзень у вобласці дзейнічае больш за дзвесце восемдзесят валанцёрскіх атрадаў агульнай колькасцю звыш 3,5 тысячы добраахвотнікаў, — расказаў Павел Аляксандравіч.

У рамках марафону сіламі маладых людзей шмат карыснага было зроблена па аказанні дапамогі пажылым і адзінокім людзям, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы. Плённа папрацавала моладзь на добраўпарадкаванні тэрыторыі гарадоў і райцэнтраў. У ходзе рэалізацыі праекта “Аднаўленне святынь Беларусі” было прыведзена ў парадак звыш 30 культавых аб’ектаў. Таксама быў арганізаваны збор і перадача адраснай матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян.

Заключным акордам Рэспубліканскага марафону “Усе фарбы жыцця — для цябе” ў вобласці стаў Дзень дабра. У гэты дзень магілёўская моладзь паспрабавала здзейсніць як мага больш добрых і патрэбных спраў. У розных кутках рэгіёна прайшлі бязвыплатныя працоўныя і экалагічныя акцыі, былі здзейснены візіты да ветэранаў і пажылых людзей, да дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў і мнагадзетных сем’яў.

— Асаблівым аб’ектам клопату валанцёраў сталі выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Глуска. Усе атрыманыя ў ходзе дабрачыннага марафону сродкі будуць накіраваны на набыццё неабходнага спартыўнага абсталявання і абсталявання сенсорнага пакоя для гэтай установы спецыяльнай адукацыі. А вось у абласным цэнтры быў арганізаваны збор школьных прылад і спартыўнага інвентару для дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, — адзначыў Павел Алекса.

Непасрэдна ў Магілёве моладзь сабралася для адкрытага дыялогу на тэму “Я выбіраю дабро”. У гутарцы прынялі ўдзел кандыдаты і прэтэндэнты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ветэраны, творчая інтэлігенцыя, прадстаўнікі духавенства, абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру”. Размова атрымалася канструктыўнай і зацікаўленай. Маладыя людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй атрымалі магчымасць узняць актуальныя грамадскія праблемы, напрамую звярнуцца да прадстаўнікоў органаў улады з пытаннямі, якія іх хвалююць.

Падчас гутаркі ўдзельнікі мерапрыемства разважалі пра тое, што ж такое дабро, што значаць добрыя ўчынкі для кожнага з іх, як можна займацца дабрачыннасцю.

— Валанцёрскі рух з’яўляецца сёння адным з асноўных у дзейнасці грамадскага аб’яднання “БРСМ”. За час існавання менавіта гэтага дабрачыннага марафону было сабрана больш за 70 тысяч рублёў, якія былі накіраваны на дапамогу тым, хто мае патрэбу ў матэрыяльнай падтрымцы. А што тычыцца значнасці дабра, то ім трэба жыць, бо, здзяйсняючы добрыя ўчынкі, мы робім свет вакол нас лепшым, — падкрэсліла ў ходзе размовы сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Вікторыя Мяннанава.

Адкрыты дыялог скончыўся масавым флэш-мобам “З добрым сэрцам — на добрыя справы”. Удзельнікі дыскусіі запусцілі ў неба дзясяткі паветраных шароў са шчырымі пажаданнямі міру, дабра, здароўя ўсім навокал.

А завяршэннем Дня дабра стала маштабная канцэртная праграма. Атрыманыя ад яе правядзення сродкі пойдуць на дабрачыннасць. Канцэрт аб’яднаў многіх неабыякавых. Акрамя валанцёраў і шматлікіх маладзёжных і дзіцячых творчых калектываў, для магіляўчан выступіла зорка беларускай эстрады Ірына Дарафеева, фіналісты нацыянальнага адборачнага тура “Еўрабачанне-2016” гурт “Navi” і іншыя.

Дзякуючы намаганням ініцыятыўнай магілёўскай моладзі, Дзень дабра стаў не проста акцыяй з прыгожай назвай. Маленькія добрыя справы кожнага з удзельнікаў дабрачыннага марафону ператварыліся ў вялікую дзейсную дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.