Марафон памяці

- 10:54Выхаванне

Школьнікі Магілёва прымаюць актыўны ўдзел у грамадзянска-патрыятычным марафоне “Аўтацягнік памяці”.

Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Лілія Кавалёва, марафон уключае ў сябе цыкл мерапрыемстваў для навучэнцаў, прысвечаных вывучэнню гісторыі Беларусі ў гады Вялікай А­йчыннай вайны.

— Марафон пачаўся ў сакавіку з правядзення ва ўстановах адукацыі тэматычных заняткаў, конкурсаў, віктарын. Дзеці дэталёва вывучалі знакавыя гістарычныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівая ўвага ўдзялялася таму, што адбывалася ў той час на тэрыторыі Магілёва і вобласці, — расказала Лілія Станіславаўна.

Падчас старту другога этапу марафону для школьнікаў была арганізавана маштабная экскурсія па памятных месцах ваеннай гісторыі. Навучэнцы разам з педагогамі паўдзельнічалі ў мітынгу на плошчы Славы Магілёва. Пасля яны азнаёміліся з Алеяй Герояў у абласным цэнтры, наведалі помнік “Дзецям вайны”, мемарыяльны комплекс “Буйніцкае поле”, камень Канстанціна Сіманава, мемарыял “Боркі” Кіраўскага раёна. Завяршыўся экскурсійны в­ыезд у гістарычна-культурным комплексе “Лінія Сталіна”.

— Усе экскурсіі праходзілі пад кіраўніцтвам вопытных экскурсаводаў з ліку педагогаў і супрацоўнікаў дзяржаўнага тураператара “Магілёўаблтурыст” — нашага партнёра ў арганізацыі марафону. Істотную дапамогу аказалі таксама валанцёры з маладзёжнага парламента пры Магілёўскім гарадскім Савеце дэпутатаў. Дзеці ўскладалі кветкі, мінутай маўчання ўшаноўвалі памяць загінуўшых героя­ў. Пераезды па маршруце таксама праходзілі цікава і пазнавальна. Дзякуючы экскурсаводам, яны нагадвалі своеасаблівыя ўрокі, прысвечаныя Вялікай А­йчыннай вайне. Значна, што ў­дзел у марафоне прымалі таксама дзеці, якія наведваюць у сваіх установах супольнасці блогераў. На працягу ўсяго маршруту яны здымалі відэа, якімі потым дзяліліся ў сацыяль­ных сетках. Пасля мы плануем правесці спецыяльны конкурс і вызначыц­ь лепшы відэаролік, — а­дзначыла Лілія Кавалёва.  

Адметна, што ў рамках грамадзянска-патрыятычнага марафону “Аўтацягнік памяці” ў найбліжэй­шы час будзе арганізаваны яшчэ адзін экскурсійны выезд. Наглядна азнаёміцца з гістарычным мінулым і помнікамі Вялікай Айчыннай вайны змогуць звыш тысячы школьнікаў Магілёва.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Галіны ГАЎРЫЛОВІЧ.