Сёння ў гасцях праекта “Мая школа” ўдзельніца “залатога” складу каманды КВЗ БДУ, тэлевядучая і мнагадзетная мама Марына Грыцук.
— Марына, раскажыце, калі ласка, пра вашы дзіцячыя гады.
— У Брэсце прайшло ўсё маё дзяцінства і юнацтва — перыяд жыцця да таго моманту, як я стала гуляць у КВЗ.
З дзяцінства, безумоўна, успамінаў шмат: і дрэвы былі вялікія, і, магчыма, дні праляталі хутчэй. Веласіпед, гульні, сябры, будоўлі, па якіх мы лазілі з сябрамі. Вельмі запомніліся снежныя зімы. Памятаю ў бабулі ў вёсцы бясконцыя грады з бульбай, якую трэба было палоць ці збіраць з яе каларадскіх жукоў.
Гэта былі 80-я і 90-я, таму ўсе мы раслі і выхоўваліся ў двары, бо менавіта там праводзілі большую частку вольнага часу: бацькі ў тыя складаныя часы былі вельмі занятыя і шмат працавалі, каб неяк нас пракарміць. Тата Георгій Аляксеевіч служыў экспертам-крыміналістам, і дома мы яго бачылі рэдка. Мама Лілія Іванаўна па адукацыі фізік (яны з татам разам вучыліся ў БДУ), але ўсё працоўнае жыццё аддала рабоце з дзецьмі. Працавала спачатку выхавальніцай у дзіцячым садку, потым настаўніцай пачатковых класаў, а затым зноў вярнулася ў дашкольную адукацыю, каб больш часу ўдзяляць нам з братам. Менавіта беручы яе ў прыклад, я заўсёды стараюся рабіць так, каб дзеці не былі абдзелены ўвагай. Для кожнага я знаходжу час, каб паразмаўляць, даведацца пра тое, што адбылося за дзень, — для дзіцяці гэта вельмі важна.
Менавіта бацькі заклалі нам разуменне прапісных ісцін — што добра, а што дрэнна, якія я зараз транслірую сваім дзецям.
— Ці падтрымліваеце сувязі з сябрамі дзяцінства?
— Справа ў тым, што татавы бацькі і браты жылі прыблізна ў адным раёне, таму ў асноўным мы гулялі са стрыечнымі братамі і сёстрамі. Бясспрэчна, былі і іншыя сябры, але мы з імі пагубляліся, таму што некалькі разоў мянялі месца жыхарства, а пры пераездзе ў іншы раён, няхай і ў тым жа горадзе, сувязі страчваліся.
— Што найбольш запомнілася з першых гадоў школьнага жыцця?
— На жаль, памяць не захавала выразных успамінаў пра першы школьны год. Калі мне прыйшоў час ісці ў школу, мой старэйшы брат Валерый ужо быў школьнікам. І я, як і ўсе, таксама хацела ранец і школьную форму. Але першы год мы вучыліся ў дзіцячым садку, таму з большай нецярплівасцю я чакала другога класа, таму што ў той год гэта была сапраўдная школа: мы вучыліся ў будынку школы, не трэба было спаць днём, ды і ежа ў агульнай школьнай сталоўцы, як мне здавалася, была смачнейшай. Але найбольш чакала лінейку, калі ўсе прыгожыя, з беласнежнымі стужкамі і бантамі, з яркімі букетамі з бабуліных градак. Гэтая лінейка, відаць, і запомнілася мне больш за ўсё за час навучання ў пачатковай школе.
— Хто з вамі падзяліў радасць таго свята?
— Наколькі я памятаю, мяне суправаджаў толькі брат. Ён на два гады старэйшы за мяне і заўсёды пра мяне клапаціўся. Нават з садка ён мяне забіраў: выходзіў са старшай групы, заходзіў за мной у малодшую, і мы разам ішлі дадому. Ён да гэтага часу ўспамінае, што, зайшоўшы за мной у групу, гаварыў: “Грыцука Марыну, калі ласка, паклічце. Мы ідзём дадому!” (чамусьці ўжываючы прозвішча менавіта ў мужчынскім варыянце). Садок быў блізка ад дома, і выхавальнікі нас адпускалі — гэта былі тыя часы, калі мы не замыкалі дамы, дзеці спакойна хадзілі па вуліцах без тэлефонаў, а бацькі ім давяралі.
— Ці адчувалі абароненасць ад таго, што брат вучыўся побач з вамі?
— Найперш скажу: я не была пяшчотнай кветачкай, якую трэба было ад нечага абараняць (смяецца). А вось вучобе гэта дапамагала: калі была неабходнасць, карысталася яго сшыткамі і канспектамі, а калі ўзнікалі нейкія цяжкасці, ён заўсёды мог патлумачыць ці дапамагчы знайсці рашэнне. Мне тады здавалася, што ён, сапраўды, намнога больш ведае, чым я.
— Якім школьным прадметам аддавалі перавагу?
— Я вучылася ў 2-й гімназіі Брэста ў класе з фізіка-матэматычным профілем. Наша настаўніца матэматыкі Тамара Цітаўна Гагалінская так заразіла нас сваім прадметам, што мы нават на перапынках спаборнічалі, хто хутчэй “возьме” лагарыфм ці рэшыць ураўненне. Таксама хочацца ўспомніць настаўніцу рускай мовы і літаратуры Валянціну Іванаўну Лютаву, якая прывіла нам любоў да чытання і саманавучання. На ўроках літаратуры яна вельмі цікава расказвала пра літаратурныя творы і звычайна спынялася на самым цікавым месцы, падштурхоўваючы нас самастойна прачытаць фінал твора. І мы з задавальненнем дачытвалі, каб даведацца, што адбылося з героямі далей.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Віктар Сяргеевіч вельмі аддана ставіўся да сваёй прафесіі, і мы любілі беларускую мову і літаратуру. На жаль, для большасці дзяцей (і маіх таксама) сёння беларуская мова стала ледзь не замежнай, а для нас гэта не было праблемай. Мала таго, на выпускных экзаменах большая частка маіх аднакласнікаў выбрала пісьмовы экзамен менавіта па беларускай мове.
Вельмі цікавымі былі ўрокі замежнай мовы. Раіса Сяргееўна настолькі захоплена расказвала пра Лондан, магчыма, ніводнага разу там не пабываўшы, што мы былі ўлюбёныя ў Вялікабрытанію. Настолькі, што маглі праводзіць віртуальныя экскурсіі па Лондане, памятаючы, дзе і на якой вуліцы знаходзіцца тая ці іншая славутасць (смяецца). І, як аказалася, веды па англійскай мове спатрэбіліся больш, чым лагарыфмы.
— Ці былі прадметы, якія “не ішлі”?
— Я скончыла школу з залатым медалём. І, сказаць па праўдзе, такіх прадметаў, што былі непадуладныя, не было. Адзінае, што ў мяне ніяк не атрымлівалася, гэта кідаць мяч у цэль.
— Ці здаралася, што выклікалі да дырэктара?
— У школе (ды і па-за школай) я паводзіла сябе добра, таму ў гэтым не было неабходнасці — нават сумна неяк (смяецца).
— Відаць, бацькі таксама праяўлялі цікавасць да вашых школьных поспехаў, у нечым дапамагалі?
— Вы можаце здзівіцца, але ніхто ніколі мяне не кантраляваў і ўрокі не правяраў. Пару разоў нават праводзілі невялікія дамашнія эксперыменты: запытваліся ў таты, у якім класе я вучуся. І правільны адказ атрымлівалі не заўсёды. Мы былі дзецьмі, якія вельмі любілі вучыцца.
Адной з прычын, магчыма, стала тое, што дома ў нас заўсёды было шмат кніг. Яны нават ужо не змяшчаліся на паліцах і ляжалі ўсюды: пад ложкамі, на падаконніках…
Неяк мама даручыла мне прыбраць у кватэры. Я падрыхтавала ўсё неабходнае “абсталяванне” і пайшла. Праз некаторы час маці зайшла ў пакой і застукала мяне. Я нічога не прыбрала. Пасярод пакоя стаяла вядро з анучай, а я сядзела і… чытала (смяецца). Натыкнулася на нейкую кніжку, і, як кажуць зараз, “заліпла”. І такое здаралася неаднойчы. Бацькі (уявіце сабе!) сварыліся на нас з братам, што мы вельмі шмат чытаем і папросту выганялі пагуляць на вуліцу. Таму, я ўпэўнена, мы з братам любілі вучыцца, пазнаваць нешта новае.
— Што любілі чытаць?
— Усё без разбору і ўсё, што бачыла. Нават калі ў поле зроку трапляў кавалак газеты, мне трэба было яго таксама прачытаць (смяецца).
— Ці падтрымліваеце зносіны з аднакласнікамі?
— З тымі, з кім вучылася ў старшых класах, час ад часу перапісваемся ў сацыяльных сетках, але, на жаль, ні на адзін з вечароў сустрэчы не трапіла з-за недахопу часу. Пасля школы я паступіла ва ўніверсітэт і стала гуляць у КВЗ. З прычыны гэтага жыццё завіравала так, што вольнага часу не засталося зусім. Маё студэнцтва было настолькі яркім, насычаным, непадобным на школьнае жыццё, што яно фактычна перакрэсліла эмацыянальныя ўспаміны пра школу. Новыя людзі, новыя сябры, новыя цікавасці, сярод якіх — і мне крыху шкада гэтага — не знайшлося месца зносінам з аднакласнікамі.
— Наколькі мне вядома са свайго вопыту, выдатнікам вельмі цяжка бывае вызначыцца, якую прафесію выбраць і куды паступаць: нібыта ўсё добра атрымліваецца. Як вы выбралі УВА?
— Найперш, як мне здаецца, у 16—17 гадоў увогуле маладому чалавеку вельмі цяжка выбраць тое, што ў будучыні стане яго прафесіяй. Я паступала туды, куды ішлі ўсе. У той час было модна атрымаць адукацыю юрыста ці эканаміста, і я пайшла па слядах брата, паступіўшы ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на тую самую спецыяльнасць — “Камерцыйная дзейнасць у будаўніцтве”.
— Ці ўдалося прымяніць свае веды на практыцы?
— Не давялося, бо ў маё жыццё раптоўна ўварваўся КВЗ. Універсітэт я скончыла з чырвоным дыпломам. У нас вельмі шмат хто працуе не па спецыяльнасці, але ўсё роўна, на маю думку, вышэйшая адукацыя павінна быць у жыцці таго, хто выбірае сур’ёзную працу. А можа, яшчэ і спатрэбіцца — жыццё ж не скончылася. Можа, што і пабудую ці, на крайні выпадак, палічу (смяецца). А вось Валера стаў працаваць па спецыяльнасці і працуе інжынерам да гэтага часу.
— Раскажыце, калі ласка, пра тое, як сталі гуляць у КВЗ.
— КВЗ зацікавіў мяне абсалютна нечакана. Я і тэлевізар амаль не глядзела: у большасці чытала, прычым паралельна некалькі кніг (гэтая звычка і зараз захавалася). Неяк я апынулася на адной з гульняў КВЗ у нашым універсітэце і адразу адчула неадольную цягу да таго, што я павінна быць на тым баку — на сцэне. Я проста стала хадзіць на рэпетыцыі каманды “Аддзел кадраў” і глядзець з залы. У нейкі момант знайшлася нейкая жаночая роля, і мяне запрасілі выйсці на сцэну. І літаральна праз 2—3 гады я ўжо была ў Вышэйшай лізе ў Аляксандра Васільевіча Маслякова ў складзе каманды КВЗ БДУ. Менавіта таму многія лічаць (нават некаторыя СМІ так пісалі), што я скончыла Белдзяржуніверсітэт, але я атрымала вышэйшую адукацыю менавіта ў родным Брэсце. Аднак я была б не супраць стаць студэнткай галоўнай ВНУ краіны — наперадзе шмат часу, і, хто ведае, можа, мне захочацца атрымаць другую вышэйшую адукацыю (смяецца).
— Што вам як асобе даў удзел у КВЗ?
— У падлеткавы перыяд я была вельмі сарамлівай: чырванела з прычыны і без, саромелася нешта спытаць — увогуле баялася людзей (смяецца). Любыя зносіны былі для мяне стрэсам. Даходзіла да таго, што ў аўтобусе саромелася спытаць, ці выходзяць людзі на патрэбным мне прыпынку. Замест гэтага ехала яшчэ некалькі прыпынкаў, каб людзі самі павыходзілі, толькі каб нічога ні ў кога не запытвацца.
У адзін момант я зразумела, што з гэтым трэба нешта рабіць, бо потым занадта доўга прыходзілася ісці дадому (смяецца). І я стала рабіць сабе невялікія чэленджы: на вуліцы падыходзіла да людзей і запытвалася пра ўсё, што толькі можна было, размаўляла з прадаўцамі ў магазінах. Потым стала прымаць удзел у конкурсах чытальнікаў, якія напачатку здаваліся абсалютна недасягальнымі. Паціху навучылася не баяцца публічных выступленняў.
Прыйшоўшы ў КВЗ, я ўсё яшчэ крыху баялася такой публічнасці, але ўсё вельмі хутка згладзілася. Бо, акрамя ўсяго іншага, трэба было яшчэ быць смешнай. Так, маленькімі крокамі памянялася стаўленне да сябе: аказваецца, я нешта магу і нечага вартая.
— З кім з калег з таго часу сябруеце зараз?
— Абсалютна з усімі. З удзельнікамі ўсіх каманд, дзе я сур’ёзна гуляла (зборнай БДУ і зборнай СССР), вельмі цёплыя і сяброўскія адносіны. Іншыя адносіны паміж людзьмі, якія разам прайшлі праз столькі выпрабаванняў і прыгод і разам з’елі столькі пудоў солі, немагчымыя. Сёння я вельмі ганаруся, што разам з камандамі, у якіх я гуляла (зборнай XXI стагоддзя, зборнай чэмпіёнаў, зборнай СНД), акрамя чэмпіёнскага, атрымала ўсе найвышэйшыя тытулы КВЗ: вялікі “КиВиН в золотом” фестывалю “Голосящий КиВиН в Юрмале” і Летні кубак у Сочы.
Самы цікавы і самы вясёлы час — гульні ў Вышэйшай лізе. І, бясспрэчна, моманты, калі мы разам станавіліся чэмпіёнамі, з’ядналі нас назаўсёды. Менавіта тады прыходзіла разуменне таго, што мы робім адзіную справу, што ад кожнага з нас нешта залежыць і што гэта зладжаная работа прыносіць чаканы вынік.
— Многія аматары КВЗ памятаюць вашу зорную ролю вядучай “Хамовники ТВ”.
— Менавіта адтуль хвастом за мной цягнецца фраза, якая стала ледзь не культавай. Нягледзячы на тое, што з таго часу прайшло каля 20 гадоў, я і зараз часам у спіну чую пра “пацанов из Юго-Запада” (смяецца).
— Удзел ва ўкраінскім праекце “Дызель-шоу” для вас асабіста — гэта працяг КВЗ?
— І так, і не. Так, таму што там працуюць людзі, якія выйшлі з КВЗ і сталі вядомымі дзякуючы яму. Не, таму што “Дызель-шоу” мае ўсё ж іншы фармат: мы ні з кім не спаборнічаем і робім тое, што лічым патрэбным і смешным. Улілася ў калектыў я вельмі лёгка і натуральна, бо шмат каго ведала, хаця, скажу шчыра, напачатку была крыху здзіўлена запрашэннем.
— Менавіта ў гэты час вы сталі працаваць і на тэлебачанні?
— Трансляцыі гульняў КВЗ з маім удзелам храналагічна супалі з пошукам беларускім тэлебачаннем новых твараў, якія былі б пазнавальнымі і цікавымі для гледачоў. І я атрымала прапанову паспрабаваць сябе ў якасці тэлевядучай. На той момант гэта для мяне быў, безумоўна, і дадатковы заробак, і неацэнны вопыт. Да таго ж гэта было цікава і весела. А далей закруцілася так, што тэлебачанне стала маёй асноўнай прафесіяй.
— Сёння шмат хто хоча праўдамі і няпраўдамі трапіць “у тэлевізар”. Чаму, на вашу думку, людзі так імкнуцца туды?
— Людзі хочуць быць папулярнымі, хочуць, каб іх пазнавалі. Усе лічаць, што, як толькі ты трапляеш на тэлебачанне, пачынаецца прыгожае жыццё: шыкоўныя катэджы, прыгожыя машыны і іншыя даброты… А на самай справе пераважная большасць супрацоўнікаў тэлебачання — звычайныя людзі. Бывала, ідзеш па рынку з сеткай бульбы ў руцэ і туалетнай паперай пад пахай і чуеш здзіўленыя рэплікі: “А вы што, таксама ходзіце на рынак?” — “Як бачыце, хаджу!”
Неяк рабочыя, якія рабілі ў нас рамонт, звярнуліся да мяне: “Нешта твар ваш нам вельмі знаёмы. Вы вельмі падобная на адну тэлевядучую!” — “Ну дык гэта я і ёсць”. — “Ну што вы хлусіце, — адказалі мне. — Яны ўсе ў палацах жывуць, і не трэба расказваць, што гэта вы” (смяецца).
Большасці падаецца, што гэта ўсё вельмі проста: што там такога — выйшаў і прамовіў некалькі сказаў, прачытаў тэкст. Магу сказаць: нават вядзенне канцэрта і работа ў эфіры ў студыі — гэта абсалютна розныя рэчы.
На тэлебачанні Марына Грыцук працуе з 2004 года, з’яўляецца вядучай такіх праектаў канала “ОНТ”, як “Серебряный граммофон”, “Фактор смеха”, “Наше утро”, “Родителей в школу!”.
— Ці памятаеце ваш першы эфір?
— Звычайна над праграмай, якая пойдзе ў запісе, працаваць прасцей. Любы “касяк” можна перапісаць, зрабіўшы яшчэ адзін дубль. У прамым эфіры такога быць не можа. Таму нездарма вядзенне прамога эфіру параўноўваюць з палётам у адкрыты космас. Адрэналін зашкальвае, бо спробы перарабіць не будзе. Некаторыя калегі, якія рэгулярна вядуць прамыя эфіры, расказваюць, што іх арганізм падстройваецца пад іх рабочы графік, выкідваючы адрэналін у пэўны час нават падчас адпачынку.
— Вы — мнагадзетная мама. Наколькі ваш стыль выхавання сыноў адрозніваецца ад таго, як выхоўвалі вас?
— Ацаніць гэта вельмі складана, бо заўсёды здаецца, што, як рабілі твае бацькі, ты сам ніколі не зробіш ці, наадварот, будзеш рабіць менавіта так. Нейкіх радыкальных змен няма. Бывае па-ўсякаму. Нешта скажу і разумею, што гэтыя словы чула ў дзяцінстве і мне яны былі непрыемныя. Часам паспяваю прыкусіць язык, а часам і не…
Ды і за сабой як за маці збоку і не паназіраеш асабліва. Гэта ідзе ад душы. Ты проста жывеш з гэтымі дзецьмі…
Кожны чалавек асаблівы, і да кожнага з сыноў патрэбны асаблівы падыход. Ва ўсіх свой характар, і тое, што спрацоўвае на адным, не заўсёды працуе з іншымі. Важна адчуць прыроду чалавека і даваць тое, што яму будзе спрыяльным. У мяне з дзецьмі поўнае разуменне. І мае галоўныя прынцыпы ў выхаванні — мінімум строгасці, разуменне, дабрыня і любоў.
Марына Грыцук замужам за салістам вакальнай групы “Чысты голас” Акімам Тышко, выхоўвае чатырох сыноў: Данілу, Усевалада, Акіма і Марка. Самаму старэйшаму — амаль 14 гадоў, самаму малодшаму хутка будзе 3.
Дарэчы, работа ў праграме “Родителей в школу!” таксама дала мне шмат разумення. Стаўшы на бок дзіцяці, часта разумела, якія бываюць адносіны да дзяцей. Ніхто нас не вучыў, як іх выхоўваць, як і нашых бацькоў таксама ніхто гэтаму не вучыў. І калі б такі прадмет дзе-небудзь выкладалі, я абавязкова пайшла б туды вучыцца.
— Вы з мужам публічныя асобы, часта ў раз’ездах. Хто вам дапамагае ў такіх выпадках?
— Сапраўды, Акім часта на гастролях, ды і я павінна некуды выязджаць па рабоце. Звычайна імкнёмся планаваць так, каб я ці ён былі дома. У складаных выпадках нам дапамагаюць бабулі. Увогуле, мы не змаглі б паспяхова гадаваць дзяцей і адначасова развіваць кар’еру без нашых любімых бабуль. У складанай сітуацыі кідаем кліч — і тады з Брэста прыязджае мая мама або свякроў Алена Дзмітрыеўна, якая жыве ў Мінску. Дарэчы, менавіта дзякуючы настойлівасці і строгасці Алены Дзмітрыеўны, дзеці займаюцца музыкай. Мы вельмі ўдзячны нашым любімым бабулям, і пра гэта я гатова гаварыць усім і ўсюды!
Мая маці, маючы савецкую педагагічную закалку, прытрымліваецца крыху іншага падыходу да навучання ўнукаў. Калі ў нашым дзяцінстве ў некага дрэнна ішла фізіка ці матэматыка, але добра, напрыклад, англійская мова, над вучнем бралі шэфства і “падцягвалі” непаспяховыя прадметы. Яна таксама спрабуе ўдзяліць асаблівую ўвагу прадметам, якія не ідуць. А я прытрымліваюся іншага падыходу: калі нешта не атрымліваецца, то на гэта не варта траціць столькі сіл і намаганняў, а лепш развівацца ў спрыяльным напрамку. І ў гэтым у нас з мамай вечная спрэчка.
— У чым яшчэ не паспрабавалі сябе? Ці ёсць у вас хобі?
— Я не хачу ныраць з аквалангам, не хачу больш скакаць з парашутам. Хочацца спакою і размеранасці ў жыцці. Сёння я не ўвязвалася б ні ў што новае: асвоіць бы тое, што ёсць. Найперш — разабрацца з чатырма дзіцячымі арганізмамі і даць ім правільны напрамак, выхаваўшы ў іх чыстае і светлае. А далей яны самі зоймуцца тым, што ім па душы.
Сёння маё хобі — гэта карміць маіх мужчын і весці хатнюю гаспадарку (смяецца). На іншае часу застаецца мала. Але, як і ў дзяцінстве, вельмі люблю чытаць. Таксама люблю падарожнічаць.
— У якім месцы свету хацелі б пабываць?
— Такіх месцаў яшчэ вельмі многа. Адназначна магу сказаць, што гэта найперш самыя экзатычныя і далёкія краіны.
— Якая сфера вашага жыцця найбольш значная і важная для вас?
— Я ўвогуле не змешвала б паміж сабой тое, чым я зараз займаюся. Кожная сфера своеасаблівая, і ў кожнай з іх трэба праяўляць сябе па-рознаму. Бясспрэчна, што работа і сям’я — гэта тыя зоны жыцця, у якіх ты павінен выкладвацца па максімуме. Калі гаварыць пра сям’ю, то ёй напоўніцу трэба аддаваць любоў і цеплыню. Калі гаварыць пра работу, то на тваім прафесіяналізме не павінна сказвацца твая вялікая сям’я і тое, наколькі ты стаміўся і колькі гадзін паспаў.
— Калі б вас запрасілі зараз на выкладчыцкую работу, пагадзіліся б?
— А што я ўмею? Я проста жыву! Але калі б паклікалі, магчыма, і пагадзілася б. Думаю, у мяне б гэта атрымалася. Мне здаецца, што я ўмею запаліць агеньчык і ў сэрцах, і ў вачах (смяецца).
— Ці ўсе вашы дзіцячыя мары спраўдзіліся?
— У дзяцінстве ў мяне была мара сабраць усіх сяброў на вялікі карабель і адправіцца ў плаванне. Вось яна пакуль не спраўдзілася, а астатнія рэалізаваліся: і сям’я, і работа, якая падабаецца. Засталося дом пабудаваць і пару дрэў пасадзіць, але пра гэта няхай ужо думаюць мае мужчыны.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва Марыны Грыцук.