Марына Нечай: «Больш цікава менавіта там, дзе складана, бо праблемы я звычайна ўспрымаю як магчымасці»

- 10:12Главная, Образование

Шчырая ўсмешка, мілагучны голас, лёгкая паходка — нібы школьніца, паўстала перада мной у першыя хвіліны знаёмства Марына Нечай, дырэктар сярэдняй школы № 1 Дзятлава і ўдзельніца заключнага этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют”.

Аднак падчас інтэрв’ю з маладым кіраўніком стала зразумела, што гэта моцная асоба, якая ўмее канцэнтравацца на галоўным і хутка вырашаць справы.

Марына Міхайлаўна хоць і не з настаўніцкай сям’і, але выбрала лёс педагога. І не пашкадавала. Яна выпускніца Лявонаўскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна. Скончыла філалагічны факультэт Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і магістратуру. Вярнулася на малую радзіму: па размеркаванні трапіла ў Раклевіцкую базавую школу. Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, але хутка заняла пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.

— Ад таго, як цябе сустрэлі на першым месцы работы, залежыць вельмі многае, — адзначае Марына Міхайлаўна. — Калі б не дапамога і падтрымка старэйшых калег, магчыма, я і не стала б кіраўніком. Але на маім шляху сустракаліся людзі, якія былі сапраўднымі прафесіяналамі ў сваёй справе, маглі заціка­віць, падахвоціць, падтрымаць у цяжкай сітуацыі, накіра­ваць.

Наступная прыступка ў прафесійнай біяграфіі Марыны Нечай — дырэктарская. Спачатку яна ўзначаліла Хвінявіцкую ся­рэднюю школу, а праз год — ся­рэднюю школу № 1 Дзятлава.

Марына Міхайлаўна прыгадала, як 1 верасня мінулага года пераступіла парог дзятлаўскай школы ў якасці дырэктара. Каб хутчэй пазнаёміцца з калектывам, прымацавала на пінжак бэйдж. Гэта ёй дапамагло, бо першыя часы некаторыя прымалі яе за старшакласніцу.

— Безумоўна, у райцэнтры педагагічны калектыў большы, як і колькасць дзяцей, іх бацькоў, таму праблем і пытанняў дастаткова, — гаворыць дырэктар. — Але, як па мне, больш цікава менавіта там, дзе складана, бо праблемы я звычайна ўспрымаю як магчымасці, вітаю канструктыўную крытыку. Што для іншых мінус, для мяне — плюс, бо заўсёды можна зрабіць лепш. Дырэктар павінен умець знаходзіць правільныя рашэнні, абыходзіць перашкоды, не стукацца, як кажуць, ілбом аб сценку, быць стрэсаўстойлівым. Калі вам не адчынілі дзверы ў адным месцы, значыць адчы­няць у іншым. І яшчэ — рабіць вялікую справу паспяхова можна толькі з любоўю.

***

Для маладога кіраўніка Марыны Нечай больш вопытныя калегі — гэта і надзейнае плячо, і пэўнае выпрабаванне.

— У сувязі з гэтым успамінаюцца словы: “Калі хочаце адчуць сябе значным, дайце адчуць іншаму сваю значнасць”, — разважае Марына Міхайлаўна. — Кіраўнік павінен, перш за ўсё, дапамагаць раскрыць патэнцыял сваім калегам. А калі прад’яўляць патрабаванні, то і самому паказваць прыклад, валодаць неабходнай інфарма­цыяй, сучаснымі тэхналогіямі. Тандэм маладосці і вопыту ў калектыве робяць нашу школу паспяховай.

Трымаць руку на пульсе Марыне Нечай дапамагаюць актыўная грамадская работа ў якасці намесніка старшыні Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, удзел у грамадскіх аб’яднаннях (БРСМ, “Белая Русь”), у школе пачынаючага кіраўніка. Да таго ж Марына Міхайлаўна з’яўляецца ўдзельнікам абласно­га клуба “Перспектыва” для кіраў­нікоў са стажам да трох гадоў Гро­дзенскага абласнога ІРА.

Сапраўдная аддушына для Марыны Нечай — работа з вучнямі, у якіх яна выкладае беларускую мову і літаратуру. Каб падтрымліваць аўтарытэт сярод дзяцей, умець даносіць да іх веды, педагог пастаянна павышае свой метадычны ўзровень.

Марына Нечай не толькі працуе актыўна, але і ў вольны час не ся­дзіць склаўшы рукі. Яна любіць вырошчваць дома кветкі, даглядаць сад. У маладога кіраўніка шмат сіл, энергіі і здаровых амбіцый.

— Здаецца часам, што горы звярну, — усміхаецца дырэктар. — Але дакладна ведаю, што не буду скакаць вышэй за сваю галаву. Ісці па прыступках куды больш зручней.

***

Кадравы патэнцыял сярэдняй школы № 1 Дзятлава — адно з асноўных пытанняў для кіраўніка Марыны Нечай. Як замацаваць маладых спецыялістаў, каб яны заставаліся ў школе? Сёння школа на сто працэнтаў укамплектавана кадрамі, але гэта не значыць, што дырэктару можна расслабіцца. Важна ствараць камфортныя ўмовы, замацоўваць за маладымі педагогамі больш вопытных калег. Натхняльным для пачынаючых настаўнікаў з’яўляецца і прыклад дырэктара школы: кар’ерны рост у такім маладым узросце магчымы!

Вельмі важнае значэнне мае папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы: аснашчэнне сучаснай тэхнікай, стварэнне бяспечнага асяроддзя.

— З гэтай мэтай наладжваю сувязі з соцыумам, спонсарамі, каб у патрэбны момант мець ад іх маральную і матэрыяльную падтрымку, — гаворыць Марына Міхайлаўна. — Пасільную дапамогу школе аказваюць бацькі вучняў, якія ахвотна ўдзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах і акцыях. І, канечне, каб установа адукацыі развівалася, павінны рэалізоўвацца інавацыйныя праекты, каб педагогі ўвесь час удасканальвалі сваё прафмайстэрства, а дзеці прымалі ўдзел у алімпіядах і конкурсах.

У сярэдняй школе № 1 Дзятлава працуе рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні вучняў. Яго кіраўнік настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Міхайлаўна Старыкава ў 2022 годзе была ўзнагароджана памятным медалём Беларускай Праваслаўнай Царквы да 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях. Ва ўстанове рэалізуюцца два інавацыйныя праекты па духоўна-маральным выхаванні, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай падтрымцы вучняў. Ёсць поспехі ў алімпіядным руху (у мінулым навучальным го­дзе школьнікі атрымалі 26 дыпломаў), а таксама на абласных этапах конкурсаў і фестываляў.

У школе функцыянуе музей “Гісторыя Дзятлаўшчыны”. Яго кіраўнік Аліна Сяргееўна Макарэвіч сумесна з Вольгай Міхайлаў­най Старыкавай рэалізуюць анлайн-праекты “Землякі”, “Час вымяраецца памяццю”, “Не хлебам адзіным жывы чалавек”. У 2021 годзе педагогі былі адзначаны прэміяй імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, “За высокі ўзровень арганізацыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі”.

У цеснай узаемасувязі з раён­ным аддзелам МНС вядзецца навучанне ў класе адпаведнага профілю. Працуе школьная бізнес-кампанія АrtBiz па пашыве ручнікоў, ранераў, сувенірнай прадукцыі.

У студзені 2023 года ва ўстанове было створана навуковае аб’яднанне “Экамысленне” сумесна з Дзятлаўскім лясгасам. У яго скла­дзе знаходзіцца Вензавецкае лясніцтва, пры ўдзеле якога на базе школы для вучняў 8 класа 1 верасня гэтага года было адкрыта школьнае лясніцтва “ЛесКам+”. Пры падтрымцы лясгаса на тэрыторыі ўстановы высаджана алея туй.

Таксама з мэтай экалагічнага і працоўнага выхавання моладзі на тэрыторыі школы закладзены малады сад з 52 саджанцаў яблыні. На абласным фестывалі “Саракі”, які праводзіць абласны эколага-­біялагічны цэнтр дзяцей і мола­дзі, вучні 1-й школы атрымалі дыплом II ступені.

***

Марына Нечай прыгадала ўрокі, якія ў адной з прытчаў настаўнік даў сваім вучням. Гэтыя ўрокі кіраўнік адаптавала пад сябе.

Урок першы — “Захоўвай як зрэнку вока тое, за што ўзяўся адказваць”. Я стараюся несці адказнасць за калектыў, умею арганізаваць сваю работу, прымаць лепшае, прыдатнае толькі для сваёй школы рашэнне.

Урок другі — “Усяму свой час, свой тэрмін. Нічога не рабі раней за неабходнае”. Я выкарыстоўваю ў адукацыйным працэсе сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, бо нішто не можа ажыццяўляцца без новых ведаў. Я разумею, як важна і зручна карыстацца ў рабоце сучаснымі тэхналогіямі.

Урок трэці — “Разбудзі насенне, падрыхтуй да росту і толькі затым высявай”. Лічу, што для паспяховага развіцця школы трэба ствараць належныя матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы.

Урок чацвёрты — “Што пасееш, тое і пажнеш”. Высокі ўзровень кампетэнтнасці і адукаванасці калектыву прыводзіць да стабільных станоўчых вынікаў.

Урок пяты — “Усё павінна мець свае карані”. Гэта значыць, што ўкараненне новых методык адбываецца пры захаванні школьных традыцый.

Урок шосты — “Нішто не можа быць без падпіткі”. Упэўнена, што павінна прымяняцца сістэма стымулявання.

Урок сёмы — “Не слухай тых, хто не ведае”. Не стварай сабе куміра, нічога не бяры на веру, не давярай слепа таму, што бачыш.

Урок восьмы — “Што было добра ўчора, не заўсёды добра сёння”. Неабходна валодаць стратэгічным мысленнем, ісці ў нагу з часам.

Урок дзявяты — “Не чакай пладоў без плённай глебы”. Я ствараю ўмовы для рабо- ты, якія патрабуюць новых відаў дзейнасці, прыцягваю калектыў да прафесійнага росту, і ад гэтага будуць залежаць вынікі работы.

Урок дзясяты я дапішу потым, калі збяру добры ўраджай па ўсіх кірунках дзейнасці ўстановы адукацыі. Прытрымліваюся парад свайго куратара — дырэктара са шматгадовым стажам Вензавецкай сярэдняй школы Ганны Іванаўны Франюк. Бо, каб кагосьці нечаму навучыць, трэба гэтую справу самому вельмі добра ведаць. І нават перасягнуць свайго куратара, праявіць творчасць, стаць настаўнікам для яго. Ёсць свежыя ідэі — значыць будуць і свежыя плады!

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара