Марына Нечай — аб тым, як не баяцца браць на сябе адказнасць і што неабходна мець на ўвазе на шляху да поспеху

- 12:16Интервью

Марына Нечай — малады, але вельмі амбіцыйны і паслядоўны дырэктар. Сярэднюю школу № 1 Дзятлава яна ўзначаліла ў 2022 годзе. Яна расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, як не баяцца браць на сябе адказнасць і што неабходна мець на ўвазе на шляху да поспеху.

— Марына Міхайлаўна, як стала, што вы так хутка ад педагагічнай дзейнасці перайшлі да кіраўнічай?

— Напэўна, гэта адбылося таму, што я вельмі цікаўны і актыўны чалавек, прычым з самага дзяцінства. Ужо ў дзіцячым садку мяне захапляла роля выхавальніцы — я заўсёды была гатова дапамагаць іншым, нешта арганізоўваць. Пасля ў групе прадоўжанага дня часта была “за настаўніка”: правярала дамашняе заданне ў малодшых вучняў. І мне гэта вельмі падабалася. Затым, калі перайшла ў старшыя класы (вучылася ў Лявонаўскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна), мяне ўразілі прафесійныя кампетэнцыі і аўтарытэт школьных педагогаў. І я, не раздумваючы, паступіла на філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, пасля вучылася і ў магістратуры. Ва ўніверсітэце была старастай групы, намеснікам старшыні студэнцкага савета.

Я вельмі люблю сваю малую радзіму, таму пасля заканчэння ўніверсітэта з задавальненнем вярнулася і пайшла праца­ваць у Раклевіцкую базавую школу. Спачатку была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, а затым — намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. А ў 2021 го­дзе ўзначаліла Хвінявіцкую сярэднюю школу Дзятлаўскага раёна, праз год перайшла ў Дзятлава.

Марына Нечай — дэлегат Усебеларускага народнага сходу, пераможца абласнога і ўдзельніца заключнага этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют” у намінацыі “Малады дырэктар установы, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”. Намеснік старшыні маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў.

— І як адчуваеце сябе ў ролі дырэктара?

Мне камфортна ў ролі кіраўніка. Гэта маё. Мне падабаецца каардынаваць дзеянні іншых, ставіць мэты і дасягаць іх, удасканальвацца самой і ўдасканальваць іншых.

Канечне, пачынаць было складана. Але на дапамогу прыйшлі вопытныя калегі. Найперш дырэктар Вензавецкай сярэдняй школы Ганна Іванаўна Франюк, якая курыруе раённую школу пачынаючага кіраўніка. Акрамя таго, будучы ў рэзерве кадраў раёна, вучылася на майстар-класах, арганізаваных спецыялістамі аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, дзе расказвалі, як пісаць загады, плана­ваць дзейнасць установы адукацыі. Вялікі вопыт атрымала ў абласным клубе “Перспектыва”, дзе метадысты Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, лепшыя кіраўнікі рэгіёна дзяліліся сваім вопытам, расказвалі пра папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай базы, развіццё новых кірункаў у сваіх установах адукацыі, рэалізацыю інавацыйных праектаў. Цяпер не прапускаю ніводнай “Дырэктарскай серады” — унікальнага праекта ГАІРА для аказання аператыўнай дапамогі кіраўнікам.

— Разам з тым вы — настаўнік. Сумяшчаць, напэўна, няпроста?

— Але вельмі цікава і нават неабходна. Настаўніцтва фарміруе маральна-дзелавыя якасці педагога, якія, дарэчы, з’яўляюцца складнікам яго аўтарытэту. Як і ўменне працаваць з класам, даносіць да яго інфармацыю, імкненне да павышэння свайго прафесійнага ўзроўню, у тым ліку і праз самаадукацыю. Быць метадычна падкаваным, ведаць свой прадмет, умець захапіць ім вучняў, любіць і паважаць дзяцей таксама складнікі педагагічнага аўтарытэту.

Мне падабаецца работа з дзецьмі на ўроку. Гэта натхняе і дапамагае лепш разумець іх вучэбныя патрэбы, а пасля прыводзіць да больш актуальных кіраўніцкіх рашэнняў.

— Дырэктар школы — пасада шматфункцыянальная. Якія яе функцыі, на ваш пог­ляд, з’яўляюцца вызначальнымі?

Я магу вылучыць 3 галоўныя, на мой погляд, функцыі дырэктара. Гэта шырокае планаванне дзейнасці (ад адукацыйнага працэсу да знешняга выгляду ўстановы), дакладная каардынацыя ўсіх працэсаў і своечасовы кантроль (без завершанасці ніяк!). У фокусе дырэктара — гаспадарчая і фінансавая дзей­насць, узаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі, установамі вышэйшай адукацыі, прадпрыемствамі. Вельмі важна ўмець расстаўляць прыярытэты і дэлегаваць паўнамоцтвы. Кожны павінен займацца тым, што ўмее рабіць лепш за ўсё.

— У працяг размовы пра кіраўнічыя кампетэнцыі хачу спытаць пра дакументы. Якія заўсёды на дырэктарскім стале?

У адукацыі ўсе дакументы важныя. Аднак настольнай кнігай з’яўляецца Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Не абысціся ў рабоце і без інструктыўна-метадычных пісем (хоць іх намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце ведаюць на памяць), пастаноў Міністэрства адукацыі (да іх даводзіцца звяртацца неаднаразова, асабліва ў няпростых сітуацыях).

Вядома, для забеспячэння якасці адукацыйнага працэсу працуем з адукацыйнымі стандартамі агульнай сярэдняй адукацыі. Дзяржаўны школьны стандарт дазваляе многія пытанні вырашаць станоўча, бо ўсё дакладна прапісана. Я ніводны агульнашкольны бацькоўскі сход не праводжу без стандарту. Таксама кіруюся Правіламі педагагічных работнікаў. Нічога прыдумваць не трэба. Гэтыя дакументы вельмі спрашчаюць работу пачынаючых кіраўнікоў. Актуальнай з’яўляецца канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь да 2030 года.

Цяпер у мяне на стале дакументы па залічэнні навучэнцаў у 1-ы і 10-ы класы, падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Вельмі зручна, што ўсе нарматыўныя прававыя дакументы можна знайсці на Нацыянальным адукацыйным партале. Гэта дазваляе мабільна імі карыстацца.

— Як лічыце, ці трэба быць ідэйным натхняльнікам для свайго калектыву? Ці з’явіўся ў вас кодэкс правіл для паспяховага кіравання?

Упэўнена, што трэба і важна быць ідэйным натхняльнікам, своеасаблівым гуру! Мне ўдаецца павесці за сабой. Я не спыняюся на дасягнутым і пастаянна ўдасканальваю сваё прафесійнае майстэрства. Неаднаразова прымала ўдзел у конкурсах розных узроўняў. Адным з апошніх і самых запамінальных стаў рэспубліканскі фестываль педагагічнага майстэрства “Педагагічны дэбют”, арганізатарам якога выступіла Міністэрства адукацыі (стала пераможцай у сваёй намінацыі на абласным узроўні і паўдзельнічала на рэспубліцы). Лічу, калі кіраўнік сам ідзе наперад, развіваецца і ўдасканальваецца, то і калегі за ім пойдуць.

Для мяне праблемы — гэта магчымасці, адэкватна ўспрымаю канструктыўную крытыку. Дырэктар павінен умець хутка знаходзіць правільныя рашэнні, абыходзіць перашкоды, быць стрэсаўстойлівым.

І правілы, якімі кіруюся ў сваёй прафесійнай дзейнасці, у мяне ёсць: шчыра любі тое, што робіш (калегі і навучэнцы заўсёды гэта адчуваюць).

Будзь прыкладам ва ўсім. Я зай­маю актыўную жыццёвую пазіцыю, з’яўляюся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, членам абласнога савета працоўнай моладзі, проста шчырым патрыётам сваёй краіны.

Дапамажы таму, каму патрэбна твая дапамога.

Ацэньваю людзей не па словах, а па ўчынках.

Стараюся не прымаць паспешных рашэнняў, не разабраўшыся ў сітуацыі.

Вер у сябе, і ўсё атрымаецца. Метадам проб і памылак можна нечаму навучыцца. Лепш, канечне, вучыцца на чужых памылках, але з уласнага вопыту скажу, што свае памылкі запамінаюцца на ўсё жыццё і маюць куды большы вучэбны і выхаваўчы эфект.

Будзьце спакойныя і пазітыўныя! Спакой і добразычлівасць спрыяюць паразуменню.

— Марына Міхайлаўна, вы патрабавальны кіраўнік? На што найперш нацэльваеце сваіх педагогаў?

Знакамітае “кадры вырашаюць усё” па-ранейшаму актуальнае. У нашай школе прафесійны і зладжаны калектыў. Мы імкнёмся ствараць умовы дзеля максімальнага ўключэння кожнага ў стварэнне бяспечнага, камфортнага і развіццёвага навучання. Кожны настаўнік і кожны навучэнец мае свае здольнасці і таленты. Неабходна толькі стварыць умовы для іх раскрыцця. Над вырашэннем гэтай задачы працуем пастаянна.

У гэтым годзе, як і ў мінулым, да нас прыйшлі 2 маладыя спецыя­лісты. Ініцыятыўныя і энергічныя маладыя людзі. Безумоўна, мы ім дапамагаем адаптавацца і на­быць неабходныя практычныя навыкі. А аддзел адукацыі дапамог вырашыць пытанне з жыллём.

У сярэдняй школе № 1 Дзятлава працуе раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні вучняў. Дзейнічае музей “Гісторыя Дзятлаўшчыны”, рэалізуюцца анлайн-праекты “Памяць сэрца”, “Імя героя”, міні-праект “Гэтых дзён не змоўкне слава”. Працуе школьная бізнес-кампанія АrtBiz па пашыве ручнікоў, ранераў, сувенірнай прадукцыі. Сумесна з Дзятлаўскім лясгасам было створана навуковае аб’яднанне “Экамысленне”, і ў мінулым навучальным годзе запрацавала школьнае лясніцтва “ЛесКам+”.

— Планы на будучыню будуюцца на выніках мінулага. Чым запомніўся мінулы навучальны год?

Мне 2023/2024 навучальны год запомніўся паспяховым удзелам у конкурсе. А таксама дыпломам міжнароднага фестывалю педагагічных ідэй “Прызванне — педагог!”, якім адзначана каманда нашых маладых настаўнікаў са стажам работы да 3 гадоў. У яе склад увайшлі настаўніцы замежнай мовы М.А.Раеўская, К.А.Губко, педагог-псіхолаг Д.А.Паўловіч. У ролі кіраўніка каманды выступала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце А.І.Рынгель. Падзякай архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага адзначаны педагогі В.М.Старыкава, А.С.Макарэвіч за ўдзел у міжнародным конкурсе творчых работ у гонар мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Героя Беларусі, “Філарэтаўскія чытанні”.

Парадавалі і вучні, якія папоўнілі скарбонку дасягненняў установы на абласным узроўні: дыпломам І ступені ў літаратурным інтэрнэт-конкурсе “Чалавек свайго лёсу” да 100-годдзя В.Быкава быў узнагароджаны навучэнец 2 “А” класа Аляксандр Бойка (педагог А.М.Пацыновіч), дыплом ІІІ ступені атрымала навучэнка 10 “Б” класа Валерыя Жалнерчык (педагог М.Т.Паўлючык).

На сямейным конкурсе творчых работ “Сямейны абярэг” вылучыўся навучэнец 2 “А” класа Ілья Абрамчык (педагог А.М.Пацыновіч), а на абласным этапе конкурсу малюнкаў “Я малюю свет” была адзначана навучэнка 8 “А” класа Ульяна Фёдарава (педагог В.В.Аляксеева). Дыплом лаўрэата абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Навука перамагаць” атрымаў навучэнец 9 “А” класа Арцём Калюцік (педагог А.П.Нічыпаровіч). Дыплом І ступені на рэспубліканскім анлайн-конкурсе “Гісторыя маёй краіны” заваявала навучэнка 7 “Б” класа Вікторыя Шупа (педагог Т.І.Бойка).

З першага верасня мінулага года ва ўстанове дзейнічае школьнае лясніцтва “ЛесКам+” (кіраўнік Н.С.Белаус). Дастойным вынікам пачатку работы ў гэтым напрамку сталі дыпломы навучэнцаў. Дыпломам ІІ ступені ў абласным этапе рэспубліканскага юніёрскага конкурсу “Квітней, мой лес!” адзначаны навучэнцы 8 “Б” класа Ганна Лаўрэнцьева, Назар Баканаў (педагог Н.С.Белаус). Акрамя таго, заваявалі дыплом ІІІ ступені ў абласной акцыі “Адновім лясы разам!”.

Сярод выпускнікоў гэтага года — трое скончылі школу з медалямі. І вынікі на ЦЭ ў нас дастойныя. Стабальнікаў, на жаль, няма, але ёсць тыя, хто змог наб­раць 97—98 балаў. 

— Ці існуе для вас паняцце ідэальнай школы?

Існуе. Неабходна ўвесь час імкнуцца да лепшага. Эфектыўнае і якаснае развіццё ўстановы адукацыі магчыма пры ўкараненні новых падыходаў у навучанні, арганізацыі сучаснай адукацыйнай прасторы. Важна стварыць свой, непаўторны імідж, на што і нацэлена дзейнасць нашага педагагічнага і вучнёўскага калектыву.

— Школа заўсёды адметная інавацыямі, якія дапамагаюць рухацца наперад. Якія інавацыйныя праекты рэалізуюцца ў вас? 

— Развівацца без інавацыйнай дзейнасці сапраўды немагчыма. Другі год мы рэалізоўвалі інавацыйны праект духоўна-маральнай накіраванасці. І яго прамежкавымі вынікамі стала стварэнне тэматычнага блога, раённага рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні. Акрамя таго, пры падтрымцы святара іерэя Іаана Кісяля
быў створаны кабінет праваслаўя.

— Як будуеце адносіны з баць­камі?

— З бацькамі будуем дзелавыя, партнёрскія адносіны. Супрацоўніцтва наладжана на аснове павагі, падтрымкі, узаемадапамогі. Актыўна ўзаемадзейнічаем з бацькоўскім камітэтам, папячыцельскім саветам школы. І дзякуючы бацькоўскай падтрымцы, удаецца рэалізоўваць шмат ідэй па добраўпарадкаванні школы.

— І апошняе надзённае пытанне: якія рамонтныя работы ажыццяўляюцца ў школе?

— Рамантуем вучэбныя кабінеты. Асаблівая ўвага — кабінетам беларускай мовы і літаратуры, хіміі, біялогіі, кабінету псіхолага. Актыўна працуем надрэалізацыяй безбар’ернага асяроддзя. Абновім гардэроб, фае на першым паверсе. Плануем абнавіць ландшафны дызайн школьнай тэрыторыі. Карацей, вельмі актыўна працуем, каб нашы вучні 1 верасня прыйшлі ў сучасную, утульную школу.

— Поспехаў і вялікі дзякуй за размову.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва навучальнай установы