Марыць у “Перспектыве”

- 9:55Адукацыйная прастора

На падставе рашэння ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта з 2016 года ў вобласці рэалізоўваецца праект па арганізацыі дадатковых аздараўленчых лагераў на базе сельскіх школ, размешчаных у маляўнічых, экалагічна чыстых месцах. Такі лагер другі год запар збірае дзяцей у Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе Бераставіцкага раёна.

У ліпені аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем “Перспектыва” зноў адчыніў свае дзверы для 20 хлопчыкаў і дзяўчынак. У гэтым годзе ў аздараўленчым лагеры рэалізоўваўся праект пад назвай “Выключэнне з правілаў”, мэтай якога было зрабіць адпачынак дзяцей больш займальным, насычаным, карысным для фізічнага і духоўнага здароўя, а самае галоўнае — паказаць сучасным школьнікам, што адпачынак без тэлефона і камп’ютара можа стаць часам адкрыццяў і прыгод, часам дакранання да цуду, часам пазнання новага, часам сустрэч з цікавымі людзьмі.

Кожны з дзевяці дзён быў па-свойму добры і незвычайны, таму што дзяцей чакалі разнастайныя мерапрыемствы, большасць з якіх праходзіла на свежым паветры. Абавязковым элементам адкрыцця лагера з’яўляецца вогнішча сяброўства “Дарогаю дабра”, дзе дзеці прадстаўлялі свае атрады. “Дзень традыцый” мы прымеркавалі да народнага свята Купалле. А што за Купалле без абрадаў?.. Народныя песні, гульні і танцы ля вогнішча, захапляючы конкурс на лепшае пудзіла, пляценне вянкоў, квест “На Івана, на Купалу…” з пошукам кветкі папараці. “Дзень падарожжаў” не прымусіў сядзець на месцы. Па папярэдняй дамоўленасці з супрацоўнікамі Бераставіцкага аддзела ДАІ, дзеці сумесна з выхавальнікамі здзейснілі велапрабег у аграгарадок Гудзевічы, дзе яны наведалі літаратурна-краязнаўчы музей. Дзяўчынкі змаглі паспрабаваць сябе ў ткацкай справе. Таксама дзеці мелі магчымасць набыць сатканыя закладкі са сваім імем. Работнікі музея сумесна з Домам культуры арганізавалі забаўляльную праграму “У гасцях у Сымоніхі і Лявоніхі”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем гулялі ў беларускія народныя гульні, танцавалі і спявалі беларускія народныя песні. У “Дзень Беларусі” дзеці наведалі Гродна. Насычаная праграма: экскурсія ў Свята-Барыса-Глебскую (Каложскую) царкву (адзіны храм ХІІ стагоддзя, які захаваўся ў Гродне) і ў музей гісторыі пажарнай службы, забавы ў парку атракцыёнаў, прагляд 3D-фільма дазволілі цікава і з карысцю правесці час.

Шмат мерапрыемстваў праводзілася ў рамках рэспубліканскіх праектаў “Лета — час адкрыццяў”, “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. З энтузіязмам і радасцю дзеці рэалізоўвалі мерапрыемствы раённага праекта “Вясёлка лета”: спаборніцтвы па піянерболе, дартсе, міні-футболе, інтэлектуальныя турніры і конкурсы. Хлопчыкам і дзяўчынкам асабліва ў час лагернай змены спадабаліся караоке-шоу “Мы разам — BY”, дзе яны спявалі песні пра Беларусь, беларускія народныя песні, конкурс на лепшую дапоўненую рэальнасць “Мы такія розныя…”, міні-кінафестываль “КінаФЭСТ” (дзеці дэманстравалі фільмы пра сваё жыццё ў лагеры), спартыўная гульня на мясцовасці “ФордБаярд” і інш.

“Агароджа шчырасці” і “Экран настрою” дазволіў выхавальнікам своечасова ўносіць карэкціроўкі ў выхаваўчы працэс, накіроўваць нястрымны энтузіязм выхаванцаў у правільнае рэчышча.

Дзевяць дзён, маляўнічая знаёмая мясцовасць, утульныя памяшканні роднай школы, арганізаваны рухавы адпачынак, цікавыя экскурсіі і займальны вольны час дапамаглі дзецям набыць новы сацыяльны вопыт, далі магчымасць мець зносіны адно з адным на новым узроўні, навучыцца адказнасці і самастойнасці.

Святлана КУЛІКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, дырэктар лагера “Перспектыва” Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.