Марыя Жукава: “Урок пачынаецца з усмешкі, са стварэння атмасферы супрацоўніцтва”

- 13:00Учитель года

Прадстаўніца педагагічнай дынастыі настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Крываноса Клічава Марыя Жукава пакарае чарговую прафесійную вяршыню — фінал конкурсу “Настаўнік года”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Педагагічная дынастыя сям’і Скараходавых, да якой належыць Марыя Жукава, ахоплівае пяць пакаленняў. Гэта 24 чалавекі, чый агульны прафесійны стаж складае 574 гады. Сярод яркіх прадстаўнікоў дынастыі — родны дзядуля Марыі Ігараўны заслужаны настаўнік БССР Уладзімір Васільевіч Скараходаў. Сёння яго ўнучка пакарае сваю прафесійную вяршыню — фінал конкурсу “Настаўнік года”.

Актыўная, мэтанакіраваная, творчая, з самага дзяцінства Марыя Жукава займалася музыкай і спевамі, удзельнічала ў конкурсах самадзейнасці. І адначасова прымярала на сябе ролю настаўніка. Урэшце, педагогіка перамагла.

— Маё дзяцінства прайшло ў асяроддзі настаўнікаў і іх вучняў. Я чула, бачыла, адчувала, спасцігала вопыт педагагічнай дынастыі маёй сям’і, назірала за ўрокамі мамы, бабулі з задняй парты. Я настаўнік. Я выбрала гэтую прафесію, а можа, прафесія выбрала мяне, — разважае Марыя Ігараўна.

Марыя Жукава з адзнакай скончыла Востраўскую сярэднюю школу Клічаўскага раёна, затым сацыяльна-гуманітарны каледж пры Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў” і БДПУ, дзе асвоіла прафесію псіхолага. Вось ужо 18 гадоў яна працуе на роднай клічаўскай зямлі:

— Кожны дзень, заходзячы ў клас, я, нібы акцёр, выходжу на сцэну перад сваімі вучнямі-гледачамі. А напярэдадні пракручваю ў галаве сцэнарый будучага ўрока. Добра пастаўлены голас, уменне ўпэўнена трымацца на публіцы — гэтыя якасці, якія сфарміраваліся ў мяне дзякуючы заняткам музыкай і спевамі, вельмі спатрэбіліся ў настаўніцкай прафесіі, асабліва для ўдзелу ў конкурсах прафесійнага майс­тэрства.

За час работы ў школе Марыя Ігараўна выпрацавала ўласны пог­ляд на прафесію. Вучыць дзіця — значыць выхоўваць у ім асобу, умець своечасова заўважыць поспехі, дапамагаць раскрыцца, аддаваць вучню не толькі пэўную суму ведаў, але і часцінку душы. І вучні ў адказ зараджаюць педагога энергіяй, пазітывам, ідэямі і фантазіямі.

— З чаго пачынаецца мой урок? У першую чаргу — з усмешкі, са стварэння атмасферы супрацоўніцтва, сітуацыі пос­пеху, што дазваляе далучыць вучняў да працэсу здабывання ведаў, — гаворыць мая суразмоўніца. — І канечне, мне дапамагаюць тэхналогіі візуалізацыі, развіцця крытычнага мыслення, праблемнага навучання, актыўныя і інтэрактыўныя, даследчыя і праектныя метады. Да кожнага вучня патрэбны свой падыход. Камусьці трэба візуальна азнаёміцца з вучэбнай інфармацыяй, хтосьці лепш успрымае матэрыял на слых, а хтосьці імкнецца патрымаць у руках аб’ект вывучэння, змадэляваць пэўны працэс. На ўроках сістэматычна выкарыстоўваю парную і групавую формы работы. Практыкую дынамічную рассадку вучняў у класе, зыходзячы з мэт урока. За адну парту саджу больш моцнага навучэнца з больш слабым, каб паміж імі было карыснае ўзаемадзеянне. Калі гэта ўрок замацавання ведаў, то, наадварот, са­джу моцнага з моцным, каб паміж імі была канкурэнцыя і каб яны не расслабляліся. Бывае, што і слабога вучня са слабым разам са­джу, асабліва на падтрымліваючых занятках, каб яны больш упэўнена сябе адчувалі, верылі ў свой поспех. На кожным радзе падчас урока магу прызначыць памочніка настаўніка, які сочыць за парадкам, правярае правільнасць выканання заданняў.

Вядома, што толькі асоба можа выхаваць асобу.

Каб мець права ву­чыць, трэба пастаянна вучыцца самому, ставіць высокую прафесійную планку, — гаворыць Марыя Ігараўна. — У маёй педагагічнай скарбонцы — перамогі ў абласных конкурсах “Адкрыты ўрок”, “Электронныя адукацыйныя рэсурсы ў адукацыі” (за распрацоўку інтэрактыўнага плаката “Вывучаем час”), конкурсе даследчых работ навучэнцаў (у якасці кіраўніка работ), дыстанцыйнай алімпіядзе для настаўнікаў пачатковых класаў. Я з’яўляюся кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў, дзялюся станоўчым вопытам з калегамі. Але найбольшую значнасць для мяне маюць дасягненні вучняў. Прычым не толькі іх удалыя выступленні на конкурсах і алімпіядах, а нават простае авалоданне навыкамі чытання і пісьма. Асабліва даражу тым, што вучні з жаданнем ідуць у школу, радуюцца сустрэчы са мной.

Вучні Марыі Ігараўны рэгулярна становяцца пераможцамі малышковых алімпіяд, творчых і даследчых конкурсаў. Для пачатковых класаў такія спаборніцтвы праходзяць толькі на ўзроўні раёна. Але наша гераіня працягвае займацца з таленавітымі дзецьмі і ў старшых класах у якасці цьютара.

Вынікам даследчых работ дзяцей заўсёды з’яўляецца пэўны прадукт. Так, з работай, прысвечанай дынастыі Скараходавых, на раённым конкурсе праектаў у межах абласнога праекта “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе” з поспехам выступіў сын Марыі Ігараўны Яраслаў. Юнак стварыў інтэрактыўнае генеалагічнае дрэва дынастыі з інфармацыяй пра ўсіх яе прадстаўнікоў. Лэпбук “Скарбонка родных слоў” стаў вынікам праекта “Незнаёмая родная мова”, з якім пяцікласніца Паліна Аляксеева выступала на абласным этапе конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) вучняў па беларускай мове і атрымала заахвочвальны водзыў.

Сёлета вучні Марыі Ігараўны атрымалі два дыпломы I ступені і дыплом III ступені ў абласным конкурсе “Адзіным духам мы моц­ныя!” у намінацыі “Ганаруся табой, зямля мая!”. Яны з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі абласнога праекта “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе”, часта ходзяць на экскурсіі, здымаюць ролікі (“Вандроўка ў мінулае”, “Мая малая радзіма” і іншыя), у якіх расказваюць пра знакавыя месцы роднага краю і па­дзеі, якія з імі звязаны. Напрыклад, у раёне некалькі гадоў назад пасля рэканструкцыі быў адкрыты мемарыяльны комплекс партызанскай славы “Усакіна”.

Асаблівую ўвагу ў рабоце з дзецьмі педагог удзяляе фарміраванню навыкаў правільнага, асэнсаванага чытання. Ад гэтага залежаць іх поспехі ў вучобе на працягу ўсіх школьных гадоў.

— Далёка не ўсе дзеці, якія прыходзяць у 1 клас, умеюць чытаць. Многія нават не ведаюць літар. Задача настаўніка ў тым, каб кожны асвоіў гэты навык на максімальна магчымым для яго ўзроўні, сфарміраваць пісьменнага чытача, — тлумачыць педагог. — Літаратурнае чытанне — гэта не толькі прадмет навучання, але і сродак выхавання і развіцця. У ідэале дзіця павінна чытаць правільна, выразна, без скажэнняў, пазбягаць замен канчаткаў слоў, паўтораў, пропускаў, дабаўленняў, памылак націску. І, канечне, трэба разумець змест прачытанага.

У канцы першага класа і ў пачатку другога на першым месцы па памылках у дзяцей стаяць паўторы, на другім месцы — замены, на трэцім — пропускі, на чацвёртым — скажэнні гука-літарнага складу (перастаноўкі, устаўкі). У трэцім і чацвёртым класах пераважаюць паўторы і замены, шмат памылак у канчатках слоў. Прычыны гэтага бываюць розныя. Адна з асноўных — маўленчыя парушэнні ў дзяцей, колькасць якіх у апошні час павялічылася.

— Я не магу сказаць вучню “чытай правільна”, не даўшы яму інструмент для гэтага, — адзначае Марыя Ігараўна. — З першага класа мы вядзём індыві­дуальныя папкі “Я вучуся чытаць правільна”, працуем над развіццём маўленчага дыхання, выкарыстоўваем эфектыўныя прыёмы, накіраваныя на развіццё выразнасці вымаўлення, выпрацоўку ўвагі да слова і яго частак, прадухіленне рэгрэсій (вяртання і паўторнага прачытання ўжо прачытанага слова ці спалучэнняў слоў), пашырэнне аператыўнага поля чытання (адрэзка тэксту, які позірк чытача схоплівае аднамаментна), развіццё ў вучняў антыцыпацыі, якая заснавана на прадбачанні, веданні логікі развіцця падзей, што апісаны ў тэксце, і г.д. 

Напрыклад, прыём “Чароўныя пераўтварэнні”. Прачытайце словы. Змяніце толькі націск. Прачытайце новыя словы: проволочка, атлас, хлопок, замок, стрелки.

Або прыём “Хованкі”. Прачытайце спалучэнні літар, знайдзіце словы, якія схаваліся: пирогромайкамыши, народниключаща, листопадождь. Паспрабуйце растлумачыць, што яны абазначаюць.

— На кожным уроку планую слоўнікавую работу, — працягвае настаўніца. — Для гэтага знахо­джу ў тэксце твораў “памылканебяспечныя” словы. Часта дзеці няправільна чыта­юць словы, значэнне якіх не могуць растлумачыць. Мы шукаем іх значэнні ў слоўніку, падбіраем да слоў сінонімы (антонімы), аднакаранёвыя словы і г.д.

Педагог шырока выкарыс­тоўвае нагляднасць, розныя літарныя і складовыя табліцы, запісы на дошцы, матэрыял фальклору, гульні і магчымасці ІКТ (інтэрактыўны плакат “Вучымся чытаць правільна”). Такая работа з’яўляецца падрыхтоўчым этапам да асноўнага віду дзейнасці на ўроку — работы з тэкстам.

— Самым важным у маёй прафесіі лічу магчымасць мяняць свет і людзей да лепшага, — адзначае Марыя Ігараўна. — Так, гэта патрабуе шмат сіл, часу і энергіі, але гэта таго варта. Калі мой вучань перамог сябе ўчарашняга, стаў лепшым — гэта выдатна, я побач, і я радуюся. Бо галоўная перамога — гэта перамога над самім сабой. Хочацца ве­рыць, што сваім прыкладам я натхняю вучняў на перамогі, пераадоленне цяжкасцей. І яшчэ, вельмі хачу, каб мае вучні, сёння і ў будучыні, любілі і ўмелі вучыцца, верылі ў дабрыню, шанавалі прыгожае і рабілі гэты недасканалы свет лепшым. Веру: усё ў маіх руках!

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара