Мастацтва быць жанчынай

- 12:06Адукацыйная прастора

Стыльная прычоска, прафесійны макіяж, дзелавы касцюм, пастаянны недахоп часу, тэлефон, які ні на хвіліну не змаўкае, — вось некалькі прыкмет з партрэта сучаснай жанчыны. “Слабы пол” упэўнена заяўляе пра сябе, рухаецца па кар’ернай лесвіцы, дасягае значных поспехаў. У далікатнай жанчыне вялікая сіла. Яна можа ўсё: быць мяккай, добрай, клапатлівай матуляй, цудоўнай жонкай, мудрым кіраўніком, таленавітым творцам. Прыгожыя і абаяльныя, паспяховыя і ўпэўненыя, моцныя і запатрабаваныя, ласкавыя і летуценныя, яны плённа працуюць у сістэме адукацыі. Што вядзе іх да прафесійнага поспеху? Як у нашым імклівым свеце з яго тэмпам і канкурэнцыяй зрабіць так, каб удача была добразычлівай і ўсміхалася кожны дзень? Як умела сумяшчаць прафесійныя абавязкі з сямейнымі? Што дазваляе пазбавіцца стрэсаў і разняволіцца? Пра гэта і не толькі напярэдадні 8 Сакавіка расказваюць нашы гераіні.

Таццяна Сяргееўна ПРАЛІСКА, начальнік Цэнтра інавацыйнага развіцця адукацыйнай практыкі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі:

— Да поспеху вядуць праца і любоў, любоў да выбранай справы, да сваёй прафесіі. Зусім няважна, вялікую справу вы робіце ці зусім ня­значную, трэба абавязкова даво­дзіць яе да канца і рабіць так, быццам гэта самая галоўная справа ў вашым жыцці. Трэба пастаянна праца­ваць над сабой. Ніколі нельга ска­заць, што поспех — гэта поспех аднаго чалавека. Гэта заўсёды поспех каманды. І асабліва важна, якія людзі вас акружаюць. Я працую ў выдатнай камандзе і вельмі ўдзячна лю­дзям, якія былі і ёсць у маім жыцці, — у іх я вучылася і вучуся.

На мой погляд, сёння найбольш запатрабаваныя такія асобасныя і прафесійныя якасці паспяховай жанчыны, як добрасумленнае стаўленне да справы, прыстойнасць, умераная камунікабельнасць, на­дзейнасць, уменне слухаць і чуць тых, хто побач, уменне ісці ў нагу з часам, быць пазітыўнай.

Жанчыну жанчынай робіць любоў: каханне мужчыны, калі жанчыну кахаюць і яна кахае, любоў родных і блізкіх. Для жанчыны, як, напэўна, для любога чалавека, важнае прызнанне блізкіх людзей. Калі адчуваеш сябе прыгожай і прывабнай, тады з’яўляецца ўпэўненасць у сабе, у сваіх сілах. Сафі Ларэн неяк адзначыла: “Навучыцеся выкарыстоўваць свае мазгі гэтак жа спрытна, як і вашу пудраніцу, і тады, магчыма, пудраніца вам ужо і не спатрэбіцца”.

Як я сумяшчаю работу і дамашнія справы? Як усё паспяваю? Нічога я не паспяваю. Не паспяваю прачытаць новую кнігу, не паспяваю пагля­дзець захаваныя нататкі, не заўсёды хапае часу на зносіны з сябрамі. Стараюся планаваць і рацыянальна выкарыстоўваць час. Пакуль знаходжуся ў транспарце, чытаю навіны, адказваю на лісты. Рассоў­ваць межы часу мне дапамагае мая сям’я, падтрымку родных я адчуваю заўсёды.

Як справіцца са стрэсам і разняволіцца? Часам трэба проста нічога не рабіць, ухутацца ў плед і паглядзець добры фільм. Самы лепшы адпачынак — гэта адпачынак разам з сям’ёй. Люблю нашы сямейныя прагляды мастацкіх фільмаў. А ўжо калі ёсць вольны час, то гатаваць што-небудзь смачнае, рабіць нешта сваімі рукамі, вязаць, ствараць новы дэкупаж талеркі.

Для мяне 8 Сакавіка — дзень, калі настрой выдатны, калі ведаеш, што будуць побач тыя, каго любіш. Вядома, кветкі! Люблю, калі дораць уражанні, калі падарунак зроблены сваімі рукамі — ён нясе цяпло і любоў. Самы прыемны і дзівосны падарунак для мяне — гэта фотакалаж ад маёй сям’і.

Пажадаць нашым мілым жанчынам хочацца кахання, здароўя, аптымізму, смаку да жыцця. Марце, і няхай ваша мара становіцца мэтай, пазнавайце новае і рабіце штосьці новае! Сакрэт поспеху знакамітай заканадаўцы моды Како Шанэль: “Ёсць час працаваць, і ёсць час ка­хаць. Ніякага іншага часу не застаецца”.

Ганна Казіміраўна ЧАРНЯК, дырэктар Іўеўскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці:

— Для мяне як для дырэктара прафесійны поспех заключаецца ў ідэальным кіраванні — калі кіравання няма, а яго функцыі выконваюцца. Кожны ведае, што яму трэба рабіць. І кожны робіць, таму што хоча гэтага. А яшчэ гэта поспех маіх вучняў, педагогаў, іх вынікі, перамогі ў алімпіядным руху, інтэлектуальных і творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. І ўсё гэта пры падтрымцы і разуменні бацькоў. Да прафесійнага поспеху вядзе мэтанакіраваная праца.

На мой погляд, якасці любога паспяховага чалавека, а тым больш жанчыны, — гэта прафесіяналізм, сумленнасць, выканальніцкая дысцыпліна.

Паспяховай жанчыне вельмі важна быць прыгожай. Гэта дапамагае ў вырашэнні многіх пытанняў, дадае ўпэўненасці ў сабе, павышае самаацэнку. А робіць жанчыну жанчынай, вядома, мужчына.

У мяне настаўніцкая, а яшчэ дырэктарская сям’я (муж — ды­рэктар суседняй установы адукацыі) — усё дзелім пароўну, усе справы робім разам.

Стрэсы ў нашым жыцці сталі з’яўляцца часта, але стараюся іх не калекцыяніраваць. Тэлефаную сябрам, узаемадзейнічаю з імі, а падчас адпачынку выбіраю маршрут для падарожжа, экскурсіі.

Для мяне 8 Сакавіка — першае свята вясны, першыя кветкі, цёплы ветрык. Усё гэта радуе, дорыць добры настрой, натхняе на цудоўныя пачынанні. У мяне ёсць хобі: збіраю званочкі. На свята 8 Сакавіка блізкія до­раць мне іх. Самы дзівосны прэзент — дзівосны сам па сабе, таму што гэта памяць.

Сваім калегам жадаю здароўя, прафесійнага поспеху, добрага настрою. Няхай вясновы капеж і птушыныя спевы абудзяць вясну ў вашых душах, няхай кожны дзень будзе непаўторным і выдатным цудам, а мужчыны будуць вернымі і высакароднымі рыцарамі! Тады і мы будзем увасабленнем прыгажосці і юнацкасці.

Ірына Віктараўна ЯЎСЕЕНКА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Рэчыцкага раённага ліцэя Гомельскай вобласці:

— Поспех — гэта лесвіца, кожная прыступка якой — маленькая ці вялікая мэта. Дасягаючы сваёй мэты, крок за крокам мы набліжаемся да поспеху. Па-сапраўднаму паспяховымі могуць быць толькі тыя людзі, якія займаюцца любімай справай. Я думаю, што ніхто з маіх калег не скажа, што ён задаволены сабой, кожным сваім днём у вучэбнай дзейнасці. Бываюць і памылкі, але без іх немагчымы рух наперад, не будзе прафесійнага развіцця.

Для мяне прафесійны поспех — гэта не толькі добрыя вынікі здачы навучэнцамі цэнтралізаванага тэсціравання, перамогі ў прадметнай алімпіядзе, навукова-практычных канферэнцыях, гэта цікавасць маіх вучняў да роднай мовы, неабыякавасць да роднага слова.

Існуе вялікая ісціна: каб быць добрым настаўнікам, трэба перш за ўсё любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш. Безумоўна, трэба любіць дзяцей і свой прадмет. Урокі павінны быць цікавымі і насычанымі. Неабходна бачыць у кожным вучні перш за ўсё асобу і паспрабаваць зразумець, наколькі цікавы і неабходны яму ваш прадмет. Настаўнік павінен быць “гнуткім” — тады яму будуць верыць, за ім пойдуць, у яго будуць вучыцца.

Настаўнік не павінен спыняцца на калісьці здабытых ім ведах у педагогіцы, бо чалавек, які прыходзіць вучыць дзяцей, павінен увесь час павышаць сваю кваліфікацыю, знахо­дзіць новыя адукацыйныя прыёмы і метады, вучыцца ў сваіх калег і эксперыментаваць на сваіх уроках.

Сакрэт поспеху заключаецца ў стварэнні такіх умоў навучання, каб кожны з маіх вучняў паверыў у свае магчымасці, здольнасці, талент. Для гэтага трэба зацікавіць прадметам, заахвоціць, выклікаць у вучня жаданне больш даведацца па прадмеце і праявіць сябе як асобу. Не адна ўзнагарода не заменіць слоў удзячнасці ад вучняў і іх бацькоў!

Гавораць, што паспяховая жанчына — гэта тая, якая ўсё паспявае: і на рабоце, і дома. А яшчэ яна ўпэўненая ў сабе, мэтанакіраваная, працавітая. Паспяховая жанчына павінна планаваць і дасягаць мэты, любіць новае. Яна гатова мяняцца, бо перамагае той, хто хутчэй рэагуе на змены. Таксама неабходны ўпэўненасць, крэатыў, творчыя навыкі, адказнасць і цярпенне. Часам трэба крыху пачакаць, перш чым атрымаюцца добрыя вынікі. І, безумоўна, паспяховая жанчына памятае, што яна жанчына.

Непрыгожых жанчын проста не існуе. Галоўнае — прыга­жосць не знешняя, а ўнутраная. Нехта з вядомых сказаў: “Нарадзіцца жанчынай — дар. Быць жанчынай — мастацтва”. І я лічу, што жанчыну робіць жанчынай не толькі прычоска, добры макіяж і манікюр, але і ўнутраная прыга­жосць, эмацыя­нальны стан, любоў да дзяцей і да самой сябе. Са­праўдная жанчына робіць свет вакол сябе лепшым, пазітыўным. Яна жыве дэвізам: “Шукай сябе! Знайдзі сябе! Будзь сабой! Не перашкаджай сабе жыць!”

Я імкнуся паспяваць усё, бо люблю ўставаць рана. А з раніцы работа ідзе спарней. Дома ў мяне багата памочнікаў.

Канечне, у наш час пазбягаць стрэсаў даволі складана, але я стараюся. Я шчаслівая жанчына, бо працую ў лепшай навучальнай установе, і для стрэсаў там няма месца: адміністрацыя, калегі, дзеці, якіх я вучу, — гэта падтрымка ва ўсім і задавальненне ад усяго, што ты робіш. А дома справіцца са стрэсам дапамагае каханы муж. Аддушына і ва ўнучках: дзіцячыя вочкі вяртаюць да жыцця, не даюць сумаваць. Яшчэ я вельмі люблю падарожнічаць. Колькі станоўчых эмоцый можна атры­маць, наведваючы прыгожыя куточкі нашай неабсяжнай Беларусі!

Для мяне 8 Сакавіка — любімае свята. Менавіта ў гэты дзень адчуваеш сябе не проста жанчынай, а нават каралевай. Колькі прыемных слоў чуеш у свой адрас, колькі кветак атрымліваеш!

Самы незвычайны падарунак я атрымала ад сваіх навучэнцаў. Пад вокнамі майго кабінета яны вытапталі на снезе словы віншавання са святам. Мне было вельмі прыемна.

Жанчынам-калегам хачу па­жадаць цудоўнага настрою і ўсмешак. Усміхайцеся часцей, сагравайце гэты свет цяплом і любоўю, азарайце яго сваёй прыгажосцю! Няхай кожны дзень у вашы вокны свеціць сонца, няхай радуюць кветкі і здзяйсняюцца мары!

Алена Іванаўна КРУКОЎСКАЯ, старшыня Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі, загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8 Магілёва:

— У кожнай жанчыны-кіраўніка свая гісторыя ўзыхо­джання па кар’ернай лесвіцы і сумяшчэння працоўных абавязкаў з асабістым жыццём. Але, як правіла, жанчына, якая стала паспяховым кіраўніком, упэўненая ў сабе і паспяховая ў іншых сферах жыцця. Чым глыбей спасцігаю навуку кіравання, тым больш пытанняў узнікае перада мной, тым шырэйшае кола пошуку адказаў на іх. Самае цяжкае ў кіраўніцкай рабоце — акрэсліць у думках вобраз жаданай будучыні для ўстановы, якую ўзначальваеш, дэталізаваць яго і вызначыць шляхі дасягнення створанага ідэалу. Уся далейшая дзейнасць — гэта ўжо ўпэўненыя крокі ў выбраным кірунку. На крытыку стараюся рэагаваць спакойна, потым яе пераасэнсоўваю. Здараецца, што згаджаюся з заўвагамі ў мой адрас, прашу прабачэння, выпраўляю памылку.

Ад кіраўніка залежыць фарміраванне міжасобаснай куль туры ўзаемаадносін супрацоўнікаў і знешняга іміджу арганізацыі, а для гэтага патрабуюцца веды па менеджменце і псіхалогіі. Важна выбудоўваць правільныя ўзаемаадносіны з калектывам, ствараць каманду аднадумцаў. Час ад часу неабходна зачароўваць калег новымі ідэямі, даваць ім нагоду для гордасці за сваю ўстанову. У той жа час кожны супрацоўнік павінен адчуваць шчыры клопат і ўвагу да сябе, да сваіх патрэб. Побач са мной сёння педагогі, якія адчуваюць нязменную любоў да дзяцей і адданасць прафесіі, валодаюць творчым і інавацыйным патэнцыя­лам. Радуюся, што ў іх прафесійных дасягненнях ёсць і часцінка маёй працы. Дарэчы, ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці нашай установай адзначалася ў гора­дзе і на абласным узроўні, вопыт работы калектыву прадстаўляўся на рэспубліканскіх мерапрыемствах.

Імкнуся ў роўнай ступені паспяваць і дома, і на рабоце, пры гэтым не забывацца пра свае інтарэсы, не страчваць сувязі з роднымі і блізкімі. У свабодныя хвіліны чытаю мастацкую літаратуру і вышываю. Калі ў соцыуме я магу дазволіць сабе строгасць і патрабавальнасць, рашу­часць і ўпартасць для таго, каб дасягнуць жаданага, то дома, лічу, у большай ступені павінна быць ласкавай, клапатлівай, любячай мамай і жонкай — тады ў сям’і будзе мір і лад. Спраўляцца з цяжкасцямі і нечаканымі перашкодамі мне дапамагаюць блізкія людзі, а таксама “доктар Час”.

Для любой жанчыны свята 8 Сакаві­ка звязана з надыходам вясны, адчуваннем цяпла і прыгажосці. Мілыя жанчыны, ад усёй душы віншую вас з Міжнародным жаночым днём! Якой прафесійнай дзейнасцю вы б ні займаліся, вы жывяце душой і сэрцам, вы ўпрыгожваеце гэты свет, аберагаеце мір, дорыце дабрыню і любоў. Больш усміхайцеся, бо гэтым вы паляпшаеце настрой сваім блізкім. Будзьце шчаслівымі, задаволенымі, а галоўнае — каханымі!

Ала Вячаславаўна ВЕРАЦЕННІКАВА, загадчыца сталічнага спецыяльнага ясляў-сада для дзяцей з парушэннем слыху:

— Роля жанчын значная як у сям’і, так і на рабоце. Але жыццёвы шлях жанчыны, якая сумяшчае шмат абавязкаў, нялёгкі, бо ёй увесь час даводзіцца расстаўляць прыярытэты. Яна старанна плануе свой дзень, аддае шмат здароўя, цярпення і сіл, каб заставацца на ўзроўні. Усё атрымаецца, толькі калі шчыра і адказна ставіцца да кожнай справы.

Самым каштоўным пры выхаванні дзяцей з’яўляецца фарміраванне ў іх самастойнасці, уласнай дакладнай пазіцыі, разумення таго, што добра, а што дрэнна. Дзіця павінна ўсвядоміць, што яму па сілах, а ў чым неабходна дапамога. Такога падыходу прытрымліваюся і ў рабоце з выхаванцамі, і ў сям’і. Як паказвае жыццёвы вопыт, ёсць справы, з якімі дзеці спраўляюцца значна лепш без дапамогі дарослых. Мая надзейная апора па жыцці — муж Ігар Ула­дзіміравіч Вераценнікаў. Дарэчы, ён мой калега, працуе ў АПА старшым выкладчыкам. Раней быў настаўнікам-дэфектолагам у ЦКРНіР, працаваў ва ўмовах надомнага навучання з дзецьмі з цяжкімі і множнымі парушэннямі, выкладаў на факультэце спецыяльнай адукацыі педуніверсітэта. У сям’і мы не дзелім абавязкі на мужчынскія і жаночыя. Дзякуючы ўзаемаразуменню, даверу, імкненню рабіць што-небудзь добрае адно для аднаго, мы паспяваем многае.

Адзначу, што я стрэсаўстойлівы чалавек, не дазваляю ўлада­рыць над сабой адмоўным эмоцыям. Часам не так проста паўплываць на жыццёвую сітуацыю, але згодна з выразам, што шчасце жыве ўнутры нас. На самай справе, кожны з нас здольны падарыць усмешку таму, хто побач, падзяліцца станоўчымі эмоцыямі. Я працую з дзецьмі з парушэннем слыху больш за 20 гадоў і прыйшла да высновы, што самае страшнае — гэта не фізічная, а духоўная глухата, калі людзі з нармальным слыхам не чуюць іншых, не прыходзяць на дапамогу, не ўмеюць радавацца за іх поспехі. Таму вельмі цаню ў людзях шчырасць і дабрыню.

Кожнаму чалавеку неабходна аднаўляць свае сілы. Я, напрыклад, люблю танцаваць. Калі вучылася ў школе, танцавала ў ансамблі “Юнацтва” ў Бабруйску, у студэнцкія гады займалася народнымі танцамі ў ансамблі “Маладзік”. Калі з’явілася сям’я, я не рассталася са сваім захапленнем, пачала наведваць танцавальныя студыі. Зараз, напрыклад, два разы ў тыдзень займаюся танцамі і адзін раз у ты­дзень — плаваннем.

Для мяне 8 Сакавіка — любімае свята. Тэлефон не змаўкае з раніцы да вечара, а ад самых дарагіх мне мужчын — трох сыноў, мужа, бацькі — я чакаю прыемных сюрпрызаў. Гэта могуць быць кветкі, паштоўкі, зробленыя ўручную, біжутэрыя і абавязкова па-святочнаму накрыты стол. Лісток з віншаваннем ад старэйшага сына, якое ён напісаў мне ў тры гады, я захавала і пастаянна нашу з сабой, настолькі цёплымі і шчырымі былі яго словы. 8 Сакавіка — напамін мужчынам пра тое, што не варта хаваць свае пачуцці, трэба гава­рыць жанчынам ласкавыя словы, якія ў бу­дзённай мітусні часта страчваюцца. З узростам пачынаеш цаніць словы-пажаданні здароўя. Таму і я хачу пажа­даць усім дзецям, бацькам, іх блізкім здароўя. Калі чалавек здаровы, ён смялей ідзе па жыцці, строіць планы, ставіць мэты і дасягае іх.

Наталля КАЛЯДЗІЧ,
Надзея ЦЕРАХАВА.