Мастацтва народных майстроў — дзецям: расказваем пра праект «Гадуем маленькіх патрыётаў»

- 14:06Образование

Праблема грамадзянска-­патрыятычнага выхавання ў цяперашні час асабліва актуальная і мае вялікае значэнне ў станаўленні асобы дзіцяці. Выхаваннем неабходна займацца пастаянна: на занятках, мерапрыемс­твах, гульнях, святах, у побыце. Менавіта таму тэмай майго праекта стала “Гадуем маленькіх патрыётаў”. Яго мэтай з’яўляецца далучэнне дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту да беларускай культуры і нацыянальных каштоўнасцей.

Адна з задач праекта — фарміраванне ў дзяцей першапачатковых уяўленняў аб відах народных промыслаў, асаблівас­цях ганчарнай справы, лозапляценні, саломапляценні, вышыўцы і ткацтве.

Работа над праектам пачалася са стварэння развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя ў групе. Бацькі дапамаглі сабраць прадметы ўжытку (ступка, прас, кошык, карыта, ручнікі і іншыя), сувеніры з гліны, дрэва і саломы. Усё ўвайшло ў пастаянна дзеючую выставу “Кола гісторыі”. Акрамя таго, у групе была праведзена сюжэтна-ролевая гульня “Сувенірная крама”, што дазволіла азнаёміць дзяцей з беларускім побытам і народнымі рамёствамі.

Уся работа праходзіла праз спецыяльна арганізаваную дзейнасць, гульні, гутаркі, чытанне мастацкай літаратуры, віртуальныя экскурсіі і ўдзел дзяцей у майстар-класах, для правядзення якіх былі запрошаны народныя ўмельцы.

З асаблівасцямі ганчарнай справы азнаёміў патомны ганчар Сяргей Шэлест. Захопленыя працэсам, дзеці глядзе­лі, як з бясформеннага кавалка гліны атрымліваліся непаўторныя шэдэўры ў выглядзе збаноў, ваз і сувеніраў. Выхаванцы, якія прынялі ўдзел у майстар-класе, адчулі сябе сапраўднымі ганчарамі. Вынікі іх працы ўвайшлі ў калекцыю створанай сюжэтна-ролевай гульні “Сувенірная крама”. Дзецям настолькі цікава ляпіць з гліны, што яны працягваюць гэты пра­цэс дома з бацькамі.

Рамяство пляцення з дубцоў вярбы (лозапляценне) — адно з самых старажытных. Людзі пачалі плесці з прыродных матэрыялаў, калі ў іх яшчэ не было інструментаў і абсталявання для стварэння складаных гаспадарчых прадметаў.

Майстар-клас па лозапляценні правёў рамеснік Дзмітрый Паўлючык, які расказаў пра гісторыю лозапляцення, пра гатункі лазы, інструменты для працы, а таксама правёў майстар-клас па вырабе кошыка. Мерапрыемства атрымалася цікавым і зай­мальным. Дзеці з захапленнем глядзелі на працэс лозапляцення, а самае галоўнае, яны самі змаглі паспрабаваць сплесці з лазы агароджу. А кошык, падораны Дзмітрыем Уладзіміравічам, ужо заняў сваё месца ў сюжэтна-ролевай гульні “Сувенірная крама”. Сваё ўменне ў тэхніцы лозапляцення хлопчыкі і дзяўчынкі змаг­лі прымяніць у пляценні агародчыкаў для афармлення кутка “Агарод на акенцы”.

Не менш цікавым аказаўся майстар-клас па вышыванні крыжыкам і інкрустацыі саломкай па дрэве, які для дзяцей правялі работнікі Пінскага раённага дома рамёстваў. Тут дзеці паспрабавалі сябе ў якасці вышывальшчыкаў, дзе кожны вышыў свой першы крыжык. А ў майстар-класе па інкрустацыі саломкай дзеці з дапамогай майстра Ірыны Хвесюковіч навучыліся разгладжваць саломку і складаць розныя геаметрычныя ўзоры з яе.

Наступны этап у межах работы над праектам — знаёмства з адным са старажытных рамёстваў — ткацтвам, дзе галоўным інструментам з’яўляецца ткацкі станок. У планах — экскурсія ў народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа, Пінкавіцкі дом культуры “Беларуская хата”. Вынікам работы над праектам будзе стварэнне фотаальбома “Маё знаёмства з беларускім рамяством”. У працэсе знаёмства з народным мастацтвам адбываецца ўзбагачэнне душы дзіцяці, фарміруецца любоў да свайго краю. Мастацтва народных майстроў дапамагае раск­рыць дзецям свет прыгожага, развіваць у іх мастацкі густ.

Валянціна ЛАПШАВА,
выхавальніца дашкольнай адукацыі
Пінкавіцкага дзіцячага сада Пінскага раёна