Мастацтва палемікі, або Як выхаваць bright people

- 12:09Адукацыйная прастора

“Адна з самых важных якасцей любога сучаснага спецыяліста — быць камунікабельным, — пераканана настаўніца англійскай мовы ліцэя Барысава, нязменны кіраўнік раённага клуба дэбатаў і арганізатар дэбатных турніраў Франчэска Леанідаўна Радзіонава. — На працягу далейшай вучобы і кар’еры маіх выпускнікоў будуць ацэньваць менавіта па эфектыўнасці вусных зносін з навакольнымі. Таму я прыкладаю ўсе намаганні, каб гэтая ацэнка была як мага больш высокай”.

Мова замест гісторыі

Прафесію Франчэска Леанідаўна выбрала дзякуючы ўплыву роднай цёткі — вядомаму на Барысаўшчыне педагогу Галіне Іванаўне Саладар, якая заўсёды з’яўляецца для нашай гераіні прыкладам таго, як павінен выглядаць і арганізоўваць сваю дзейнасць настаўнік, пра якога кажуць “ад Бога”.

“Паступала я на модную ў той час двайную спецыяльнасць — англійская мова і гісторыя. У Савецкім Саюзе мець такую адукацыю было вельмі прэстыжна, таму што гэтая спецыяльнасць давала магчымасць стажыравацца за мяжой. Пасля заканчэння інстытута некаторы час працавала настаўніцай гісторыі, сумяшчала работу з вучобай у аспірантуры. Абараніла дысертацыю на атрыманне вучонай ступені і… ніводнага дня больш у гісторыі не правяла. У ліцэі Барысава, куды трапіла пасля аспірантуры, працую з 1994 года. Можна сказаць, маё прафесійнае жыццё педагога замежнай мовы ішло поруч з жыццём ліцэя, які створаны ў 1993 годзе.

Сёння многа кажуць, што не варта доўга затрымлівацца на адным працоўным месцы, а трэба мяняць яго кожныя шэсць гадоў, каб не страціць сябе як спецыяліста. У мяне таксама былі іншыя варыянты работы: пасля аспірантуры запрашалі выкладаць у ВНУ. Ужо калі працавала ў ліцэі, праводзіла заняткі для педагогаў у МАІРА. Але да нашай навучальнай установы адчуваю нейкае неверагоднае прыцягненне. Між іншым у гэтых адчуваннях я не адна: многа калег, якія затрымаліся тут надоўга”, — разважае Франчэска Леанідаўна.

Камунікатыўнае навучанне

Як заўважае педагог, старшакласнікі, у якіх яна выкладала 10—15 гадоў назад, адрозніваюцца ад сучасных падлеткаў, якія прыходзяць вучыцца ў ліцэй. “Навучанне замежнай мове, чужароднай для нас, яскрава падкрэслівае галоўную праблему сучаснага дзіцяці — пагаршэнне запамінання слоў, канструкцый, тэкстаў. Думаю, праблема хаваецца ў той лавіне інфармацыі, якая выліваецца штодзённа на сучаснага падлетка, і немагчымасці нясталага мозга яе правільна засвоіць. У выніку фарміруецца кліпавае мысленне. Між тым, гаворачы пра цяжкасці, нельга не закрануць моцныя бакі сучаснай моладзі: яна стала больш разняволенай, смялейшай, больш патрабавальнай”, — расказвае настаўніца.

Педагог павінен умець падстроіцца пад сітуацыю. Ф.Л.Радзіонава жартаўліва прызнаецца, што памяць школьнікаў трэніруе згодна з усім вядомай аксіёмай: без паўтарэння няма навучання. Заняткі будуе на камунікатыўных тэхналогіях.

“Самая вялікая група англійскай мовы, з якой даводзіцца працаваць у ліцэі, — 9 чалавек. Гэта дае магчымасць якасна наладжваць групавую, парную работу на ўроку. Пастаянна прымушаю падлеткаў рухацца — перасаджвацца, паварочвацца. І пры гэтым шмат размаўляць адно з адным, — расказвае Ф.Л.Радзіонава. — Многа ўвагі ўдзяляю гаварэнню, аўдзіраванню. Тут стараюся ісці ў нагу з часам дзякуючы сучасным магчымасцям — аўдыя- і відэатэхніцы, якая ёсць у кабінеце англійскай мовы. Праходзім тэму Fashion — дэманструю відэа пра модныя тэндэнцыі, якое дзяўчаты з задавальненнем глядзяць і абмяркоўваюць. Па магчымасці мы з калегамі запрашаем выкладчыкаў — носьбітаў мовы на сустрэчы з ліцэістамі. У мінулым годзе, напрыклад, прыязджала амерыканка — запрошаны выкладчык з Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Яна шмат часу размаўляла з навучэнцамі, а пасля правяла тэст, які паказаў выдатныя вынікі, што падлеткі яе разумелі”.

Дэбаты Карла Попера

Сем гадоў Франчэска Леанідаўна ўзначальвае дэбатны клуб пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна і ліцэйскі гурток “Дэбаты”, рыхтуе старшакласнікаў да дэбатных турніраў. Праца клуба і гуртка накіравана на развіццё ва ўдзельнікаў умення прымяняць любыя набытыя ў школе веды і навыкі ў максімальна разнастайных рэальных жыццёвых умовах, прымаць эфектыўныя рашэнні ў праблемных сітуацыях. Тэмы, якія абмяркоўваюцца падчас дэбатаў, нельга назваць дзіцячымі. Для іх раскрыцця патрабуецца сур’ёзны падыход і аналітычныя ўменні, таму ўдзельнічаць у турнірах пачынаюць з10 класа.

Праграму гуртка педагог распрацоўвала на аснове дэбатнага фармату Карла Попера. Менавіта ў гэтым фармаце праходзяць міжнародныя і рэспубліканскія турніры, у якіх удзельнічаюць каманды Ф.Л.Радзіонавай. “Дэбаты ў фармаце Карла Попера — гульня, у якой дзве каманды па тры спікеры разбіраюць з розных бакоў важныя і цікавыя для старшых школьнікаў тэмы і шукаюць аптымальнае рашэнне. У кожнага спікера — свая функцыя. Адна каманда падтрымлівае заяўленую тэму, а другая, адпаведна, яе адмаўляе. Пасля кожнай прамовы спікеру задаюцца пытанні ад процілеглай каманды. Тэму мы ведаем загадзя, рыхтуемся, — расказвае Франчэска Леанідаўна. — Адзначу, што з мінулага года заўважыла тэндэнцыю: дэбатная дзейнасць у нашай краіне адраджаецца, на рэспубліканскія турніры прыязджае ўсё больш добра падрыхтаваных каманд. У лагеры “Зубраня” з 2016 года распачаліся дэбатныя змены, куды запрашаюцца школьнікі — удзельнікі дэбат-клубаў”.

Напрыканцы снежня ў Барысаве адбыўся Рэспубліканскі турнір па дэбатах для школьнікаў “Мастацтва палемікі”. У ім прынялі ўдзел 28 каманд з Гродна, Мінска, Баранавіч, Віцебска, Барысава і іншых гарадоў. Гэты турнір стаў найбуйнейшым за апошнія 5 гадоў. У якасці запрошаных гасцей моўнае спаборніцтва ацэньвалі суддзі з Італіі, Літвы, Польшчы. Франчэска Леанідаўна Радзіонава выступіла адным з арганізатараў мерапрыемства, а таксама падрыхтавала на турнір дзве каманды. Тэма спаборніцтва аказалася асабліва актуальнай для старшакласнікаў: “Друкаванае слова мёртвае. Адукацыя павінна пераходзіць на электронныя падручнікі”.

Напрыканцы кожнага турніру журы вызначае топ-10 лепшых спікераў. Вучні Франчэскі Леанідаўны 10-класнікі Арсеній Прошын і Віталь Кісель увайшлі ў гэты прэстыжны спіс. Яны навічкі ў дэбатным руху. Займацца ў клубе пачалі, толькі трапіўшы ў ліцэй.

“Калі англійская мова ў школьнікаў не на высокім узроўні, на дэбатах рабіць няма чаго. Падрыхтаваць за некалькі месяцаў удзельніка турніру, з узроўнем замежнай мовы якога ты як педагог толькі-толькі пазнаёміўся, амаль немагчыма. Таму, калі пэўным узроўнем на момант спаборніцтваў не валодаем, прымаем удзел у рускамоўных дэбатах, каб не губляць імпэт. У 11 класе, калі большасць падлеткаў — удзельнікаў клуба ўжо натрэніраваны на англамоўныя спаборніцтвы, калі я дакладна ведаю здольнасці і моцныя бакі кожнага свайго вучня, ліцэісты часам адмаўляюцца ад дэбатаў: падрыхтоўка да турніраў перашкаджае рыхтавацца да паступлення ва УВА. Найбліжэйшая мая мэта — перагледзець фармат і пашырыць дэбатную дзейнасць у раёне: з наступнага года планую набіраць вучняў 7—8 класаў для мэтанакіраванай моўнай падрыхтоўкі спікераў”, — дзеліцца планамі педагог.

Універсальная тэхналогія

Дэбатная педагагічная тэхналогія, якая актыўна развівае ўсе віды маўленчай дзейнасці, цудоўна прымяняецца на звычайных уроках англійскай мовы. Пабудавана яна на аснове загадзя падрыхтаваных выступленняў удзельнікаў — прадстаўнікоў некалькіх процілеглых каманд (адны рыхтуюць аргументы “за”, іншыя — “супраць”).

“Падчас адной з паездак у Літву на міжнародны дэбатны турнір я пазнаёмілася з педагагічнай сістэмай гэтай краіны. Была ўражана тым, што ў літоўскіх навучальных установах дэбаты — адна з галоўных педагагічных тэхналогій, на якой будуюцца заняткі не толькі па замежнай мове, але і па іншых школьных прадметах. Нярэдка і я карыстаюся перавагамі гэтай тэхналогіі на сваіх уроках, — расказвае настаўніца. — Стараюся папярэджваць вучняў пра тэматыку дэбатаў, каб да наступнага ўрока яны маглі падрыхтаваць лексічную базу па абранай тэме, апорныя моўныя канструкцыі, аргументы і .г.д. Але, нягледзячы на падрыхтоўку, заняткі па англійскай мове ў фармаце дэбатаў — выдатная магчымасць развіць у навучэнцаў навыкі спантаннага, непадрыхтаванага маўлення, хуткай прадукцыйнай рэакцыі на выказванні апанента. Дэбаты на ўроку ўнікальныя тым, што адначасова гэта і аўдзіраванне, і маўленне, і нават навучанне пісьму (па правілах, аргументы апанента абавязкова запісваюцца сапернікам). У вучэбнай праграме за 10 клас прапанаваны заданні палемічнага характару па тэмах “Кланіраванне: за і супраць”, “Жыллё: лепш жыць у новым доме ці доме з традыцыямі”. Міні-дэбаты праводжу амаль па кожнай лексічнай тэме. Напрыклад, нядаўна ў дзесяцікласнікаў прайшоў урок у фармаце дэбатаў па тэме “Вышэйшая адукацыя”: навучэнцы прадстаўлялі некалькі ўніверсітэтаў, параўноўвалі іх па розных параметрах і даказвалі, што менавіта ў іх установе вышэйшай адукацыі вучыцца больш прэстыжна”.

Франчэска Леанідаўна пераканана, што падчас падрыхтоўкі і ўдзелу ў дэбатных турнірах яе вучні раскрываюцца, становяцца свабоднымі і камунікабельнымі: “Зараз самая важная функцыя любога спецыяліста — камунікабельнасць. Калі за мяжой для прыёму на працу ў сваім рэзюмэ ты напішаш, што ўваходзіў у топ спікераў на якімсьці прэстыжным дэбатным турніры, гэта будзе мець для работадаўца вялікае значэнне. У англійскай мове ёсць цудоўнае словазлучэнне — bright people. Гучныя, хуткія, дакладныя, упэўненыя ў сабе, харызматычныя — для мяне гэта вучні, выхаваныя на дэбатах”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара і з архіва навучальнай установы.