Маці юнага мастака-аўтыста: «Я не магла ўявiць, што аднойчы Дзiма зможа маляваць карцiны»

- 14:02Новости

У Брэсцкай цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэцы праходзiць выстава юнага мастака-­аўтыста Дзiмы Вялава, якi на адкрыццi экспазiцыi сам прадставiў свае работы. Чаго яму каштавала дасягнуць выдатных вынiкаў пры такiм складаным дыягназе, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала мама Дзiмы Людмiла Вялава.

Пра сям’ю

Калiсьцi мы i не марылi аб такiх дасягненнях. Проста па кроку iшлi да сённяшняга дня. Я не магла ўявiць, што аднойчы Дзiма зможа маляваць карцiны, спакойна знаходзiцца сярод дзяцей, адказваць на iх пытаннi, быць у цэнтры ўвагi, — успамінае Людмiла Вiктараўна. — Аўтысты — незвычайныя людзi, якiя iсну­юць на iншай, недаступнай нам глыбiнi. У сына надзвычай абвостраная эмпатыя, ён адчувае любыя эмоцыі іншых людзей, як знешнія, так і глыбінныя, якія сам чалавек не змог асэнсаваць i пражыць. Напрыклад, адчуванне гора, страты. Калі дзеці побач плачуць, Дзіма пачынае пла­каць таксама, бо ён успрымае чужую эмоцыю як сваю, але ў дзясяткі разоў вастрэй. Гэтак жа яму прычыня­юць боль любыя занадта моцныя перажыванні, не толькi сумныя, але i радасныя.

Таму хлопчыку няпроста знаходзiцца сярод дзяцей: маленькiя людзi жывуць на павышаных хуткасцях i кожную падзею перажываюць на максiмальных абаротах. Гэта рабiла праблематычным знаходжанне Дзімы ў дзiцячым калектыве. I ўсё ж спачатку ён развiваўся ў адным тэмпе з равеснiкамi.

— А ў 3 гады нас напаткаў крызiс. Дзiма перастаў размаўляць, то бiўся ў iстэрыках, то застываў са шкляным позiркам. Я спiсвала ўсе яго асаблiвасцi на тое, што Дзiма занадта чуллівы, не па гадах успрымальны. Спачатку я не паверыла ўрачам. Доўга не магла ўнутрана пры­няць, што мой сынок, дзiця з ясным, не па гадах мудрым позiркам, не будзе такiм, як усе. Як i кожная мацi на маiм месцы, прайшла ўсе стадыi перажывання гора: ад адмаўлення да прыняцця, — расказвае Людмiла Вiктараўна.

У сям’i Вялавых, акрамя Дзiмы, яшчэ двое старэйшых дзяцей, i вядома, расцi побач з асаб­лiвым братам для iх таксама стала выпрабаваннем.

 

Амаль уся мая ўвага была накiравана на малодшага сына. Не спала суткамi, асаблiва калi ў Дзiмы збiўся рэжым i ён перастаў спаць ноччу. Я гадзiнамi гуляла з iм па горадзе, каб выпусцiць, перанаправiць яго энергiю, зняць пераўзбуджэнне. Найбольш цяжка было рас­тлумачыць прахожым, чаму такi мiлы, прыгожы хлопчык так дрэнна сябе паводзiць. Людзi ж звычайна думаюць, што вельмi дапамагаюць, калi гразяць дзiцяці адвесцi яго ў мiлiцыю цi даюць урокi педагогiкi “дрэннай мацi i яе разбэшчанаму сыну”, — дзеліцца ўспамінамі маці хлопчыка.

Пра заняткi

З аднаго боку, такiя дзецi, як Дзiма, адчуваюць сенсорны голад: iм патрэбны ўражаннi — колеры, пахi, гукi. Напрыклад, Дзiма вельмi любiць катацца ў аўтобусе, сачыць, як мяняюцца за акном краявiды. Ён пастаянна носiць з сабой яркую цацку: калi патрэбна наталіць сенсорны голад, трымае яе перад вачыма. З другога боку, такiя дзецi хутка стамляюцца, таму што адчуваюць гэты свет не так, як мы. Яны могуць прасачыць палёт кожнай сняжынкi, убачыць кожную кроплю даж­джу. Гэта як для звычайнага чалавека прыйсцi на дыскатэку i знаходзiцца пад цiскам энергiчнай святламузыкi 24/7.

У цяжкiх выпадках, калi дзiця не спраўляецца, урачы выпiсваюць нейралептыкi. Вядома, для мяне гэта было няпроста: кожная мая хвiлiна была падпарадкавана Дзiму. Дапамагалi знiмаць мышачнае напружанне (а расслабленне мышцаў прыно­сiць эмацыянальнае расслабленне) заняткi ў басейне, трохга­дзiнныя ванны, доўгiя прагулкi па лесе, бясконцыя гульнi з фарбамi. Зараз на дапамогу нам прыйшла музычная тэрапiя: з Дзiмам займаецца педагог, які з дапамогай музыкi вучыць яго размаўляць. Плюс скалалажанне, гэта цудоўная нейракарэкцыя. I вядома, масаж, ЛФК (спецыялiсты ў Маскве распрацавалі для Дзiмы сенсорную гiмнастыку). Пэўны час нам вельмi дапамагалi святыя крынiцы. Пад Брэстам ёсць крынiца святога Мiхаiла, куды мы ездзiлi акунацца. Вада там вельмi сцюдзёная, каля 6 градусаў. Пад уздзеяннем экстрэмальна нiзкiх тэмператур адбываецца сцiсканне, а потым глыбокае расслабленне ўсёй мус­кулатуры. Прынамсі, я сама адчуваю менавiта такi эфект: пасля купання ў крынiцы я вельмi доўга застаюся спакойнай i расслабленай. Быў цяжкi перыяд, калi мы ездзiлi да крынiцы кожны тыдзень, потым пачалi навед­ваць яе радзей, — прыгадвае мая сураз­моўнiца.

Пра педагогаў i педагогiку

Людмiла Вiктараўна — педагог у трэцiм пакаленнi. Яе мама з татам, бабуля з дзядулем таксама працавалi ў школе. Сама яна лiчыць сябе настаўнiцай па прызваннi. Атрымала педагагічную адукацыю ў Брэсце і пэўны час працавала настаўніцай пачатковых класаў.

— Калі я зразумела, што не вярнуся ў школу, было цяжка. Яшчэ доўгі час мне сніліся вучні, снілася, што я вяду ўрокі, — успамінае Людмiла Вiктараўна. — Я мама траiх дзяцей — мне было дзе рэалiзаваць свае педагагiчныя здольнасцi. I ўсё ж толькі пасля нараджэння асаблiвага дзiцяцi я на многія рэчы пагля­дзела з iншага боку, увесь мой былы вопыт стаў бескарысным. Настаўнікам аказаўся Дзіма, а не я.

Людмiла Віктараўна ўпершыню на сабе адчула, што кожнае дзіця дакладна адлюстроўвае стан маці, і перш чым патраба­ваць штосьці ад яго, трэба пагля­дзець на сябе: а як ты сама сябе адчуваеш. Дзецi чытаюць бацькоў вельмі глыбока. Калі бацькi роўныя, спакойныя, шчаслівыя, то дзеці шчаслівыя таксама.

Я адчувала, што мой унутраны разлад вельмi моцна ўздзей­нiчае на Дзiму, таму вельмі шмат працавала з псіхолагамі, каб самой стаць ураўнаважанай i гарманiчнай, скiнуць цяжар трывог i няўдач. Хтосьці кансультаваў мяне па тэлефоне, кагосьці я прымала дома, нейкiх спецыялiстаў наведвала разам з Дзімам — неяк выкручвалася, знаходзiла час i магчымасцi, бо мяне вельмі ўражваў вынік. Як толькi я скiдвала чарговы цяжар з душы, без лекаў, урачоў, назначэнняў, Дзіма рабіў велізарны скачок наперад, — дзеліцца мацi хлопчыка.

Людміла Віктараўна лiчыць, што па гэтым жа прынцыпе Дзiма знахо­дзiў сабе педагогаў. Не з усiмi людзь­мi ён мог праца­ваць, не ўсе маглi знайсцi да яго падыход.

Парадаксальна, але побач з асаблiвым сынам я навучылася быць шчаслiвай. Перастала перажываць аб рэчах, якiя могуць нiколi не адбыцца, i навучылася цанiць простыя радасцi: магчымасць выспацца, выйсцi з мужам у кавярню, прыняць ванну не ноччу, а тады, калi пажадаю.

Змянiўшы мноства лагапедаў, свайго спецыялiста мацi з сынам знайшлi толькi ў Мiнску. Прыязджалi з Брэста ў сталiцу раз на месяц, запамiналi новыя практыкаваннi — i адпрацоўвалi iх разам ужо дома.

Я дагэтуль не заўсёды ра­зумею, па якіх крытэрыях Дзіма адбірае сабе людзей, як ён іх чытае. Адназначна ён рэагуе на эмоцыі. Людзі з сумнымі вачыма, якія цягнуць на сабе старыя крыўды, прычыняюць Дзіму боль. Яму цяжка знаходзіцца з імі побач. Магчыма, калі Дзіма вырасце, ён зможа раска­заць пра свае пачуццi падрабязна, растлумачыць, адкуль бяруцца яго сiмпатыi i антыпатыi, пакуль жа мы прабіраемся навобмацак. І ўсё ж заўсёды знаходзiлiся людзі, якія нам дапамагалi, станавiлiся Дзiму сябрамi, пачынаючы з педагогаў ЛФК, масажыстаў, выхавальнікаў дзіцячага сада і заканчваючы настаўнiкамi ў школе, — падсумоўвае Людмiла Віктараўна.

Сёння Дзiма наведвае спецыяльную школу № 1 Брэста. I яго першая настаўнiца Алена Валер’еўна Кандрадчык паступова стала яго лепшым сябрам.

Чым далей, тым цяплейшыя iх адносiны. Але спачатку Алена Валер’еўна ўвесь час ха­дзiла з падрапанымі рукамi. Ёй прыходзiлася разнiмаць бойкi, супакойваць вучняў. Дзiма — хлопец з характарам, калi ён не вытрымлiваў эмоцый суседа па парце, то мог устаць i даць яму здачы. Я разумела, што ён такiм чынам абараняўся. Пакуль Дзiма яшчэ не навучыўся спраўляцца са сваiмi перажываннямi i вытрымлiваць прысутнасць побач iншых дзяцей, навакольных яго паво­дзiны палохалi. I ўсё ж Алена Валер’еўна знахо­дзiла ў сабе сiлы не павышаць голас. Што i казаць, педагогам у такiх установах часам даводзiцца несалодка. Тым даражэйшыя вынiкi, якiх яны дасягаюць.

 Вiталiна НЕСЦЯРОВIЧ
Фота з архiва герояў