Мацнеюць сувязі з Эквадорам

- 10:25Актуально, Апошнія запісы

22 мая Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі стаў ганаровай пляцоўкай для правядзення знамянальнай падзеі — цырымоніі падпісання Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Эквадор аб прызнанні дакументаў аб адукацыі і дыпломаў аб вышэйшай адукацыі.

У актавай зале нацыянальнага цэнтра ў час цырымоніі падпісання пагаднення сабраліся прадстаўнікі ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі дыпламатычнай місіі Эквадора ў Беларусі, грамадзяне Эквадора, якія вучацца альбо працуюць у Беларусі, кіраўнікі некаторых навучальных устаноў Мінска.

За Урад Рэспублікі Беларусь пагадненне падпісаў міністр адукацыі І.В.Карпенка, за Урад Рэспублікі Эквадор — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Эквадор у Рэспубліцы Беларусь Карлас Умберта Ларэа Давіла.

Як паведаміў галоўны спецыяліст упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Андрэй Аляксандравіч Красуцкі, нарматыўную прававую аснову супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Эквадор у сферы адукацыі складае міжурадавае Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне вышэйшай адукацыі, навукі, тэхналогій і інавацый, якое ўступіла ў сілу 14 мая 2013 года. Узаемадзеянне ажыццяўляецца на міжуніверсітэцкім узроўні ў рамках 4 прамых дамоўленасцей аб супрацоўніцтве з пэўнай часткай навучальных устаноў нашай краіны.

Прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва з’яўляюцца навучанне грамадзян Эквадора ў беларускіх установах адукацыі, арганізацыя акадэмічных абменаў.

Кантынгент эквадорскіх грамадзян расце з кожным годам і мае ўстойлівую станоўчую дынаміку. Так, у гэтым навучальным годзе ў беларускіх УВА вучацца 49 грамадзян Эквадора. Для параўнання, у 2014/2015 навучальным годзе вучылася 26 грамадзян, а ў мінулым навучальным годзе — 43. Штогод таксама павялічваецца экспарт паслуг адукацыі нашай краіны ў Рэспубліку Эквадор.

Што тычыцца зместу Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Эквадор аб прызнанні дакументаў аб адукацыі і дыпломаў аб вышэйшай адукацыі, то гэтым дакументам вызначаны асновы ўзаемнага прызнання дакументаў аб адукацыі, выдадзеных у адпаведнасцi з заканадаўствам абедзвюх дзяржаў. Вызначаецца, што дзяржавы, якія падпісалі пагадненне, бяруць на сябе абавязацельствы, пры ўмове захавання нарматыўнага тэрміну навучання на пэўным узроўні атрымання адукацыі, даць уладальнікам такіх дакументаў аб адукацыі права на працяг навучання па адукацыйных праграмах больш высокага ўзроўню.

Тэкст пагаднення змяшчае палажэнні аб прызнанні дакументаў, выдадзеных па выніках навучання на ўсіх узроўнях асноўнай адукацыi.

Такі падыход забяспечвае пацвярджэнне пераемнасці атрыманай адукацыі і дазваляе выключыць магчымыя праблемы з прызнаннем дакументаў аб адукацыі, выдадзеныя грамадзянам у краіне навучання, пры іх працаўладкаванні ў краіне пастаяннага пражывання.

У гонар падпісання гістарычнага пагаднення паміж дзвюма краінамі адбыўся святочны канцэрт беларуска-эквадорскай дружбы з удзелам выхаванцаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.