Матываваць на крэатыў і творчасць

- 12:29Дашкольная адукацыя

Па выніках конкурсу “Лепшая ўстанова адукацыі — 2018”, які праходзіў у Мінску, сталічны яслі-сад № 208 у сваёй намінацыі заняў 2-е месца. Падчас конкурсу калектыў установы прадставіў праект “Сучасныя формы і метады кіраўніцкай дзейнасці як сродак павышэння прафесійнай матывацыі педагагічных работнікаў устаноў адукацыі”. Праект быў адзначаны грантам Мінгарвыканкама.

Яслі-сад № 208 Мінска знаходзіцца ў мікрараёне-новабудоўлі Каменная Горка. Як толькі дашкольная ўстанова адчыніла свае дзверы зімой 2011 года, яе руплівыя супрацоўнікі адразу ўзяліся за пераўтварэнне кожнага куточка сада, заняліся і азеляненнем дваровай тэрыторыі. У выніку ўся прастора дашкольнай установы, у тым ліку калідоры, холы і лесвіцы, ператварылася ў развіццёвае асяроддзе, якое можна выкарыстоўваць для правядзення заняткаў з выхаванцамі. Сярод супрацоўнікаў сада на момант яго адкрыцця профільную адукацыю мелі толькі загадчык установы (тады Таццяна Мікалаеўна Сікорская) і яе намеснік Святлана Мікалаеўна Новік. Сёння 75 працэнтаў педагогаў установы маюць адукацыю, якая адпавядае кваліфікацыйным патрабаванням.

“Тэма адукацыйнага праекта, які мы рэалізоўваем, — “Сучасныя формы і метады кіраўніцкай дзейнасці як сродак павышэння прафесійнай матывацыі педагагічных работнікаў устаноў адукацыі” — актуальная для любой установы, якая імкнецца да развіцця, — адзначыла Святлана Мікалаеўна. — Кожны кіраўнік разумее, наколькі важна, як педагогі ставяцца да сваіх абавязкаў, ці ёсць у іх імкненне да самарэалізацыі, павышэння прафесійнага майстэрства. Вынікі дыягностыкі, якую мы правялі ў калектыве, парадавалі, бо стала зразумела, што большасць супрацоўнікаў асэнсавана выбрала прафесію, што педагогі маюць цікавасць і жаданне займацца сваёй справай.

Вывучыўшы інфармацыйныя рэсурсы (матэрыялы) па тэме праекта, работы айчынных і замежных вучоных, атрымаўшы кансультацыйную дапамогу спецыялістаў МГІРА, мы знайшлі адказы на актуальныя пытанні: што такое матывацыя, як кіраваць матывацыяй эфектыўна, як максімальна актывізаваць педагога ў самаразвіцці. Асноўная задача, якую сёння вырашае кіраўніцтва ўстановы, не вучыць педагогаў неабходным якасцям, а стымуляваць у іх саманавучанне, ствараць такое асяроддзе, каб кожны мог знаходзіць і атрымліваць патрэбныя веды, раскрываць асабісты патэнцыял”.

У рабоце з калектывам кіраўніцтва ясляў-сада № 208 аддае перавагу сацыяльна-псіхалагічным метадам: кансультаванне, настаўніцтва, цьютарства, элементы кейс-тэхналогіі, мадэлявання, коўчынгу. На базе ўстановы арганізавана стажорская і валанцёрская практыка для студэнтаў БДПУ імя Максіма Танка, падчас якой педагогі выступаюць у ролі настаўнікаў. Акрамя таго, ва ўстанове праводзяцца навучальныя семінары для кіраўнікоў і педагогаў раёна. Намеснік загадчыка Святлана Мікалаеўна Новік з’яўляецца кіраўніком раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання выхавальнікаў дашкольнай адукацыі.

Стала традыцыяй, што ва ўсіх садаўскіх мерапрыемствах, нават калі гэта тэматычная акцыя, флэш-моб або паход выхаднога дня, удзельнічаюць не толькі педагогі, але і адміністрацыя, а таксама бацькі выхаванцаў. Напрыклад, для паляпшэння настрою работнікаў арганізоўваюцца “Дні чырвонага настрою”, калі кожны супрацоўнік прыходзіць на работу, адзеты ў што-небудзь чырвонае. І выхаванцы таксама адзеты ва ўнісон з педагогамі. У такі дзень для дзяцей праводзяцца мерапрыемствы з выкарыстаннем чырвоных атрыбутаў, пад кіраўніцтвам педагогаў малышы майструюць чырвоныя вырабы, чытаюць казкі, напрыклад “Чырвоную Шапачку”. У “Жоўты дзень” выхаванцы майструюць з паперы дзьмухаўцы, у “Зялёны” — лепяць агуркі з пластыліну, спяваюць “В траве сидел кузнечик” і г.д. Нядаўна педагогі правялі флэш-моб “Дзень руж”, падчас якога дарылі адно аднаму ружы, выступалі з музычнымі і танцавальнымі нумарамі з выкарыстаннем гэтага прыгожага атрыбута.

Паміж кіраўніцтвам і педагогамі сада наладжана зваротная сувязь, што выяўляецца ва ўзаемным прызнанні і ацэнцы дасягненняў кожнага супрацоўніка. З гэтай мэтай уведзена сістэма рэйтынгу, паказчыкі якога можна ўбачыць на стэндзе “Апладысменты педагогам”. Побач з фотаздымкамі педагогаў тут размяшчаюцца выявы “зорак”, атрыманыя імі за творчую або інтэлектуальную работу. Адзначаецца ўсё, што выходзіць за межы выканання супрацоўнікамі пасадавых абавязкаў. Паўдзельнічаў у конкурсе — атрымаў “зорку”, перамог у конкурсе — таксама “зорка”, абагульніў вопыт работы — зноў на стэндзе заззяе “зорка”. У канцы навучальнага года ў святочнай атмасферы адзначаюцца лепшыя супрацоўнікі. Увядзенне такой сістэмы ацэнкі дасягненняў матывуе работнікаў да творчасці і крэатыву. Неабыякава да “зорнага” рэйтынгу ставяцца і бацькі выхаванцаў, якія жадаюць, каб дасягненні былі ў таго педагога, якому яны даверылі развіццё свайго дзіцяці. Больш за ўсё на сёння “зорак” у выхавальнікаў Наталлі Анатольеўны Мякіш, Галіны Васільеўны Жэля і музычнага кіраўніка Вікторыі Уладзіміраўны Грынчык.

Ва ўстанове дашкольнай адукацыі аказваюцца адукацыйныя паслугі звышбазавага кампанента: працуе мацярынская школа, мастацка-творчая майстэрня, у гуртках дзеці займаюцца харэаграфіяй, фітнесам, фітбол-гімнастыкай, плаваннем, баскетболам, што садзейнічае раскрыццю магчымасцей і задавальненню індывідуальных патрэб кожнага выхаванца.

За кошт пазабюджэтных сродкаў педагогі ўстановы маюць магчымасць павышаць кваліфікацыю па выбранай тэматыцы і праходзіць перападрыхтоўку. Яны ўдзельнічаюць у педагагічных чытаннях, адкрытых мерапрыемствах у рамках метадычных аб’яднанняў Фрунзенскага раёна Мінска, займаюцца праектнай дзейнасцю, абагульняюць і распаўсюджваюць вопыт работы, ствараюць свае партфоліа, друкуюцца ў прафесійных часопісах, удзельнічаюць і перамагаюць у конкурсах (напрыклад, у Рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак “Прыступка ў будучыню”, гарадскіх конкурсах “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”, “Формула сада”, “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” і інш.). Ва ўстанове павялічылася колькасць сертыфікаваных карыстальнікаў ІКТ, веды якіх паспяхова прымяняюцца на практыцы.

Педагогі радуюць сваімі аўтарскімі метадычнымі знаходкамі, дыдактычнымі гульнямі і метадычнымі дапаможнікамі. У мінулым годзе ў рамках гадавой задачы калектыў ясляў-сада вырашыў, што будзе далучаць выхаванцаў да вывучэння беларускай мовы з дапамогай фальклору. Кожны з педагогаў распрацаваў гэтую тэму па-свойму. Выхавальніца Таццяна Аляксандраўна Дружыніна стварыла дыдактычную гульню па азнаямленні дзяцей з раслінным і геаметрычным беларускім арнаментам “Пазнай элементы ўзору”, а Вольга Мікалаеўна Аксенчык — дыдактычную гульню “Складзі арнамент”. Таксама кожная група прэзентавала пано “Беларускія ўзоры” з прыроднага матэрыялу. Работы цяпер упрыгожваюць хол установы. З мэтай далучэння дзяцей да нацыянальных каштоўнасцей была створана “Беларуская хатка”, дзе можна пазнаёміцца з прадметамі побыту нашых продкаў.

***

У 2017 годзе яслі-сад № 208 заняў 1-е месца ў гарадскім конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ахове здароўя выхаванцаў, па прывіцці ім навыкаў бяспечных паводзін і фарміраванні здаровага ладу жыцця.

“Добрых паказчыкаў мы дасягнулі дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву, — расказала Святлана Мікалаеўна Новік. — Вялікую ўвагу ўдзяляем загартоўванню выхаванцаў і фізкультурна-аздараўленчай рабоце з імі. Установа амаль поўнасцю аснашчана неабходным абсталяваннем для фізічнага развіцця дзяцей. Фізкультурныя заняткі ў садзе вядуць сапраўдныя прафесіяналы — майстры спорту па гандболе і па валейболе Святлана Мікалаеўна Масюк і Марына Уладзіміраўна Будай. На сустрэчы да малышоў запрашаем цікавых людзей. Сярод іх і бацькі нашых выхаванцаў Сцяпан Папоў — чэмпіён свету па дзюдо і Марына Жарская — чэмпіёнка свету па самба. Яны прыносілі ў сад свае медалі і кубкі, расказвалі аб тым, як няпроста даюцца ўзнагароды ў спорце, паказвалі малышам некаторыя прыёмы самаабароны. У нас наладжана супрацоўніцтва з прадстаўнікамі Беларускай федэрацыі хакея на траве. Элементы гэтай гульні малышы асвойваюць на гуртковых занятках. Супрацоўнічаем мы і з паліклінікамі, запрашаем у госці ўрачоў, а таксама прадстаўнікоў МНС, ДАІ і г.д.”.

Рыхтуючыся да гарадскога конкурсу па ахове здароўя выхаванцаў, педагогі ўстановы вывучалі сучасныя падыходы да аздараўлення. У калідорах сада з’явіліся прыстасаванні для трэніровак “Сеткаграфія”, “Павуцінка”, цэнтры “Пастава”, “Вясёлка” (для зняцця эмацыянальнага напружання). Выхавальнікі змайстравалі слінгапацеркі, якія служаць для развіцця дробнай маторыкі і расслаблення, “дрэва дыхання” для развіцця правільнага дыхальнага струменя, заахвоцілі выхаванцаў да заняткаў гідрагімнастыкай. У кожнай групе былі створаны куткі адасаблення, а ў спальных пакоях прадугледжаны прыстасаванні для рэлаксацыі “Лаўцы сноў”. Акрамя таго, супрацоўнікі абагульнілі вопыт работы па асновах здаровага харчавання і сумесна з бацькамі рэалізавалі шэраг адукацыйных праектаў.

Зараз лета і перавага ў рабоце з дзецьмі аддаецца фізкультуры, аздараўленню і эстэтычнаму развіццю (маляванню, лепцы і канструяванню з выкарыстаннем прыроднага матэрыялу). Дашкольнікі бавяць час на садаўскім спарткомплексе, гуляюць у футбол і хакей на стадыёне з сучасным пакрыццём “Рэгупол”, плаваюць у надзіманых басейнах. Акрамя таго, ходзяць на экскурсіі, гуляюць па экалагічнай сцежцы, што знаходзіцца на тэрыторыі сада, адпачываюць у зоне “Паціа” — куточку, пры стварэнні якога педагогі праявілі свае здольнасці да ландшафтнага дызайну. Кіраўнікі фізвыхавання і музычныя кіраўнікі штодня арганізоўваюць забаўляльныя і святочныя мерапрыемствы. Асабліва ярка ў садзе праходзяць святы да Дня абароны дзяцей, Купалле і… “Бывай, лета” — мерапрыемства, якое ладзіцца замест традыцыйнага Дня ведаў і ў якім удзельнічаюць сем’ямі: дзеці, бацькі, бабулі і дзядулі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.