Мая прафесія сама мяне знайшла

- 11:49Адукацыйная прастора

Хто такі сапраўдны педагог? Чалавек, з якога трэба браць прыклад? Памятаю яшчэ са школьных твораў, з мастацкіх фільмаў, што настаўнік быў аўтарытэтам у вёсцы, горадзе. Яго паважалі, прыслухоўваліся да яго меркаванняў, раіліся з ім. А ў цяперашні час, у ХХІ стагоддзе высокіх інфармацыйных тэхналогій, гэтая прафесія з’яўляецца актуальнай?

Такім пытаннем я задаюся і сёння. Ці гэта адукацыя педагога знаходзіцца на невысокім узроўні, ці гэта нежаданне самога педагога ўдасканальвацца ў сваёй прафесіі.

Для мяне педагог — аўтарытэт, прыклад для пераймання, адукаваны і інтэлігентны чалавек. Але зусім нядаўна я пачула ў грамадскім транспарце дыялог дзвюх выпускніц:

— Ты куды будзеш паступаць?

— Я пайду ў медуніверсітэт ці на праграміста. А ты?

— А ў мяне бал нізкаваты — пайду ў педуніверсітэт.

Я была збянтэжана! Няўжо цяпер, калі што, то ў “пед”? Хіба так важна мець вышэйшую адукацыю, няхай нават педагагічную? Чаму ў наш час педагагічныя навучальныя ўстановы не так запатрабаваны? Чаму толькі інфармацыйныя тэхналогіі цікавы, эканамісты, юрысты? А педагогі? Хіба зараз гэтая прафесія не прэстыжная? Тады хто будзе вучыць нашых дзяцей?

Чаму маладыя педагогі, адпрацаваўшы 2 гады, бягуць у іншыя прафесіі? Складана, невялікая зарплата? У пачатку дзейнасці адбываецца адаптацыя да навучэнцаў, калектыву. Трэба заваяваць аўтарытэт сярод калег, навучэнцаў. Яго цяжка зарабіць, а вось страціць — лёгка. Таму баіцца маладое пакаленне складанасцей у педагагічнай сферы.

Мне і самой было няпроста першы раз увайсці ў кабінет да навучэнцаў, якія былі на 3 гады маладзейшыя за мяне. Мая педагагічная дзейнасць пачалася на пасадзе майстра вытворчага навучання ў гандлёва-эканамічным каледжы. Хаця з дзяцінства я марыла быць настаўнікам біялогіі ці ўрачом. Але не склалася. Можа, і да лепшага. Праца майстра вытворчага навучання вельмі складаная. Акрамя таго, што неабходна выхаваць сапраўднага прафесіянала, вырасціць дастойнага рабочага, трэба быць яшчэ і псіхолагам, і ўрачом. Ды і навучэнцы бываюць розныя: хтосьці стаіць на ўліку у ІСН, СНС, кагосьці выхоўвае толькі мама, якая працуе ў некалькіх месцах, каб пракарміць дзяцей, і на іх выхаванне часу ўжо не застаецца. А ёсць і тыя, хто не паступіў ва УВА, у каго няма на платнае навучанне грашовых сродкаў. З такімі навучэнцамі працаваць лёгка, і многія з іх потым паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы па профілі.

Цяпер я працую метадыстам. Напэўна, мая мара ператварылася ў рэальнасць. Мая прафесія сама мяне знайшла. Я займаюся педагагічнай дзейнасцю: дапамагаю калегам з планамі ўрокаў, метадычнымі распрацоўкамі і г.д., паралельна выкладаю спецдысцыпліны. Калі спытаеце, ці сумую я па пасадзе майстра, адкажу: “Так!” За маімі плячыма некалькі выпускаў. Я ганаруся сваімі выпускнікамі. Я ганаруся, што змагла перадаць ім свае прафесійныя навыкі ў прафесіі кухара, што навучыла любіць прафесію. Мой выпускнік Аляксандр Палявой працуе шэф-поварам у Кітаі і адначасова з’яўляецца сузаснавальнікам кампаніі. Вольга Філіпава — тэхнолаг у гандлёвым цэнтры “Карона”, Хрысціна Гулевіч — су-шэф рэстарана ў Маскве.

На заканчэнне хочацца сказаць маладому пакаленню, цяперашнім выпускнікам: не бойцеся цяжкасцей, не бойцеся ніякай работы, а ваша прафесія вас сама знойдзе!

Алена ЖВАНІЯ,
метадыст Бабруйскага гандлёва-эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.