Маючыя патрэбу ў абароне без падтрымкі дзяржавы не застануцца

- 11:16Інфармацыйная гадзіна

Жанчына ў дэкрэтным водпуску мае магчымасці падтрымліваць свае прафесійныя навыкі, таксама як і можа выйсці на работу, не чакаючы завяршэння трохгадовага перыяду. Гэта адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

“Мы жывём у XXI стагоддзі, гэта час высокіх скорасцей. Калі жанчына сядзіць тры гады ў дэкрэце, яна адстае прафесійна, выпадае з абоймы. Але многае залежыць ад жанчыны. Віртуальная адукацыя дае магчымасць павышаць прафесійны ўзровень па многіх напрамках дыстанцыйна. Акрамя таго, выходзіць з дэкрэтнага водпуску можна і раней. Або выйсці на паўстаўкі, пры гэтым будзе захоўвацца дапамога па доглядзе дзіцяці. Я вярнулася да работы пасля нараджэння другога дзіцяці, калі яму быў год і 4 месяцы. І не шкадую”, — адзначыла Ірына Касцевіч.

На яе думку, два адначасовыя дэкрэтныя водпускі для маці і бацькі — гэта занадта шмат, таму такі варыянт у Беларусі нават не разглядаецца. “Нагадаю, мы прапрацоўваем пытанне аб увядзенні абавязковага водпуску на некалькі дзён для бацькаў. Ён будзе неаплатным. Яго мае права ўзяць мужчына, які хоча дапамагчы жонцы ў гэты няпросты перыяд. І калі ён вырашыў, то наймальнік абавязаны прадаставіць такі водпуск”, — дадала міністр.

Што тычыцца працоўнага стажу тых мам, якія нарадзілі 4 дзяцей, Ірына Касцевіч сказала, што павелічэнне яго з 9 гадоў да 12 не плануецца. “Гэты стаж нельга вылічваць дзецьмі, ён вымяраецца гадамі, калі ты знаходзішся ў дэкрэтным водпуску. Напрыклад, я нарадзіла двух дзяцей, а ў дэкрэтным водпуску знаходзілася толькі тры гады і чатыры месяцы”, — растлумачыла міністр.

Міністр працы і сацыяльнай абароны таксама расказала аб найбліжэйшых мерапрыемствах Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў.

“На сённяшні дзень у нашай краіне налічваецца больш за 560 тысяч інвалідаў, — сказала міністр. — Трэба стварыць магчымасці для таго, каб чалавек з інваліднасцю мог атрымаць адукацыю, быць канкурэнтным на рынку працы, каб грамадства рэальна ўспрымала такога чалавека як роўнага сабе. У 2015 годзе Рэспубліка Беларусь падпісала, а ў 2016 годзе ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў. У чэрвені 2017 года зацверджаны Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі. У 2018 годзе будзе ўдасканальвацца заканадаўства”.

Пачнецца карэкціроўка трох законаў: “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”, “Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў”, “Аб архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”.

Плануецца ўвядзенне адміністратыўнай адказнасці для юрыдычных і службовых асоб за ўхіленне ад выканання патрабаванняў па стварэнні ўмоў для бесперашкоднага доступу інвалідаў да аб’ектаў сацыяльнай, інжынернай і транспартнай інфраструктуры. Заканадаўча будзе замацавана норма аб выдзяленні і выкарыстанні парковачных месцаў для аўтамабіляў інвалідаў. Прадоўжацца работы па ўстанаўленні пандусаў, пашырэнні дзвярных праёмаў на ўваходзе і ўнутры будынкаў, устаноўцы поручняў у больш як 670 аб’ектах. Для забеспячэння інфармацыйнай даступнасці для людзей з парушэннямі слыху плануецца адаптаваць 837 гадзін тэлевізійнага прадукту.

Вялікая работа была праведзена і ў 2017 годзе. Завяршылася работа па ўдасканаленні сістэмы забеспячэння грамадзян тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі; за інвалідамі III групы і дзецьмі ва ўзросце да 18 гадоў, якія не прызнаны інвалідамі, але па медыцынскіх паказаннях маюць патрэбу ў сродках рэабілітацыі, замацавана права на льготнае забеспячэнне такімі сродкамі.

У найбліжэйшыя гады будзе ўкаранёны механізм вызначэння даступнасці аб’ектаў і адаптацыі паслуг. Рыхтуюцца рэкамендацыі, якія дапамогуць арганізацыям розных сфер дзейнасці сарыентавацца, наколькі іх аб’екты і паслугі даступны. Пашыраны будзе і пералік сацыяльных паслуг, накіраваны на самастойнае пражыванне; вывучана магчымасць увядзення персанальнага асістэнта для чалавека з інваліднасцю, устанаўлення квот для арганізацый пры прыёме на работу інвалідаў, укаранення персанальнага бюджэту для такой катэгорыі грамадзян. У супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя будзе вывучана магчымасць увядзення працэнтнай сістэмы вызначэння інваліднасці, якая дазволіць падыходзіць больш індывідуальна да кожнага такога чалавека.

“З агульнай колькасці людзей з інваліднасцю больш як 180 тысяч — працаздольнага ўзросту, трэць з іх працуе ўжо. Наша задача — максімальна аказаць садзейнічанне тым, хто хоча працаваць, — падкрэсліла Ірына Касцевіч. — Нацыянальным планам дзеянняў на 2017—2025 гады прадугледжаны розныя мерапрыемствы, уключаючы вывучэнне магчымасці ўстанаўлення квот для арганізацый па прыёме на работу інвалідаў, заканадаўчае замацаванне статусу сацыяльнага прадпрыемства, распрацоўку мер, накіраваных на дзяржаўную падтрымку сацыяльных прадпрыемстваў. Акрамя таго, будуць унесены змяненні ў заканадаўства, што ўстанаўліваюць забарону на дыскрымінацыю па прыкмеце інваліднасці, уключаючы прыём на работу, захаванне работы, рух наперад па кар’ернай лесвіцы”.