КАЛЯДА Васіль Мікалаевіч,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы вёскі Клейнікі Брэсцкага раёна.
В.М.Каляда ў 2014 годзе скончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, атрымаўшы спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура. Гісторыя”. Пасля навучання ў магістратуры мае дыплом магістра па спецыяльнасці “Мовазнаўства”. У студэнцкія гады захапляўся навукова-даследчай дзейнасцю, выступаў на навуковых канферэнцыях, аўтар публікацый, змешчаных у зборніках навукова-практычных канферэнцый. Працуе ў раённым маладзёжным парламенце.
Намінацыя “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”
Яшчэ да пачатку педагагічнай працы, падчас навучання ў магістратуры, дзе істотна паглыбіліся веды В.М.Каляды ў галіне мовазнаўства, ён пераканаўся: сучасны свет стаў светам масавай камунікацыі. Сёння веды, уменні, значнае кола кампетэнцый фарміруюцца і ў дзяцей, і ў дарослых як на аснове ўласнага вопыту спасціжэння, так і на матэрыялах сродкаў масавай інфармацыі. У сучасную школу імкліва праніклі інфармацыйныя тэхналогіі, дыстанцыйная форма навучання, электроннае мастацтва. Навучэнцы апошні час пачынаюць вагацца, якую крыніцу ведаў выбраць: друкаваны падручнік ці вучэбную інфармацыю, прапанаваную інтэрнэтам? Настаўнік жа, перастаючы быць галоўным інфарматарам у навучанні і асвойваючы новую пазіцыю кансультанта, павінен, тым не менш, па-ранейшаму настаўнічаць — вучыць прадмету найперш у асабістых зносінах.
У сучасным жыцці нельга не заўважыць вельмі імклівы рост колькасці інфармацыйных крыніц. Рэзка ўзрастае шчыльнасць інфармацыйных патокаў, праяўляецца іх негатыўны ўплыў на яшчэ не ўмацаваную псіхіку юнага пакалення. Не ўся інфармацыя, што запаланіла той жа інтэрнэт, пакуль што ўрэгулявана з прававога боку. І агульная для ўсіх педагогаў задача — навучыць сваіх выхаванцаў правільна арыентавацца ў сучасным медыяасяроддзі. З усяго гэтага вынікае неабходнасць мэтазгоднага фарміравання і развіцця медыякультуры: і настаўніцкай, і вучнёўскай.
На другім годзе работы, выкладаючы гісторыю ў 5—11 класах сельскай школы, Васіль Мікалаевіч стаў шукаць адказ на пытанні: чаго яму як выкладчыку не хапае ў авалоданні такой запатрабаванай сёння медыякультурай, што можа выбраць з медыяасяроддзя, каб цікавымі, арыгінальнымі, прыцягальнымі для дзяцей сталі многія гістарычныя тэмы і раздзелы — інакш кажучы, адкрыць медыяпрастору як сродак прафесійнага самаразвіцця? Гравюра Дальберга “Асада Брэста шведскімі войскамі”, літаграфія дома Тадэвуша Касцюшкі 1852 года, архітэктурныя замалёўкі Напалеона Орды, здымак і друкаваныя старонкі Брэсцкай Раздзівілаўскай Бібліі — усё гэта рарытэты, што найчасцей існуюць як штучны творчы прадукт, у якім адлюстраваліся гісторыя і чалавек у гісторыі, у сусвеце, сярод такіх, як сам педагог. Рарытэтны матэрыял рэдка множыцца для тысяч аматараў і карыстальнікаў-знаўцаў. Разам з тым ён, здараецца, размешчаны ў медыяасяроддзі, і тады настаўнік можа выбраць гэты матэрыял з глыбінь медыяпрасторы ў дыдактычных мэтах для развіцця гістарычнай і агульнай культуры вучняў.
Асноўная думка вопыту педагагічнай працы В.М.Каляды сканцэнтравана на тым, што менавіта сістэмнае, а не выпадковае выкарыстанне дыдактычнага медыяматэрыялу дапамагае забяспечыць якаснае выкладанне гісторыі і павысіць узровень камунікатыўнай культуры, без якой немагчыма сацыялізацыя вучняў, іх уваходжанне ў дарослую вучэбную, навуковую, культурную і вытворчую дзейнасць.
Такім чынам, настаўніцкія намаганні педагога на ўроках гісторыі засяроджаны на выніках і сітуацыях прымянення гістарычных матэрыялаў як у даведачнай, мастацкай, навуковай літаратуры, так і ў сродках масавай камунікацыі. Каменціраванае чытанне знойдзеных матэрыялаў (напрыклад, у інтэрнэце ці гістарычным часопісе) паказвае ўсім, хто вучыцца, наколькі правільна асэнсоўваецца і інтэрпрэтуецца інфармацыя гістарычнага характару. Цытаванне дарэчных думак, поглядаў, пазіцый з надрукаваных эсэ на гістарычную тэму — яшчэ адзін напрамак пранікнення вучняў у медыяасяроддзе, каб адшукаць там магчымасці пашырыць вучэбную інфармацыю з падручніка па гісторыі. Такія эсэ — своеасаблівая школа напісання пісьмовых работ у гэтым літаратурным жанры, гэта ўзоры, якіх трэба прытрымлівацца, каб адмыслова выказаць свой пункт гледжання на гістарычную з’яву, факт гісторыі, грамадскую праблему. Пэўную ўвагу на ўроках гісторыі настаўнік удзяляе рабоце з загалоўкамі артыкулаў або нататак на гістарычную ці грамадазнаўчую тэму ў перыядычным друку — рэспубліканскім, абласным, раённым. Загалоўкі ў друкаваных сродках масавай інфармацыі найчасцей кідкія, экспрэсіўныя, яны носьбіты і сігналізатары зместу, які трэба адабраць і з карысцю выкарыстаць на ўроку, каб істотна дапоўніць матэрыял вучэбнай кнігі. Каб шліфаваць адпаведнае вучнёўскае ўменне, клас звычайна падзяляецца на дзве групы: адна спрабуе даць артыкулу, у якім Васіль Мікалаевіч папярэдне знімае назву, свой загаловак, які коратка перадаў бы змест, другая — прапаноўвае па дадзенай назве варыянты зместу публікацыі. Таксама настаўнік просіць вучняў пашукаць у медыяпрасторы выяўленча-ілюстрацыйны матэрыял па айчыннай ці сусветнай гісторыі або грамадазнаўстве, паколькі падручнікі не могуць змясціць усяго багацця сведчанняў пра развіццё канкрэтных дзяржаў і народаў. Часта вучнёўскія пошукі завяршаюцца рэдкімі ілюстрацыямі партрэтаў знакамітых суайчыннікаў і выбітных дзеячаў іншых краін і культур ці ілюстрацыямі з панарамных палотнаў пра значныя гістарычныя падзеі. Цікавую афарбоўку набывае любая гістарычная тэма, калі яна суправаджаецца кінавобразамі з фільмаў, якімі сёння надзвычай насычана інтэрнэт-сетка (фільмы яшчэ з ранняга дзяцінства звыклая для вучняў частка медыяасяроддзя). Пасля магчымага прагляду кінастужкі дома В.М.Каляда раздае так званыя рабочыя лісты для аналітычнай групавой работы, падчас якой удасканальваецца ўменне не толькі арганізоўваць зносіны на пэўную тэму ці аналізаваць убачанае і пачутае, але і аргументаваць свае думкі, інтэрпрэтаваць некаторыя гістарычныя з’явы, факты, дзеянні.
З радасцю педагог назірае, як падчас работы з медыяматэрыяламі мяняюцца яго вучні: у іх больш выразна праяўляецца сацыяльная і пазнавальная актыўнасць, ініцыятыўнасць, пошук, павышаецца ўзровень камунікатыўнай культуры, яны ахвотна адказваюць на няпростыя пытанні, і гэтыя адказы становяцца больш глыбокімі, доказнымі і разгорнутымі. Да таго ж навучэнцы цытуюць красамоўныя думкі, вучацца лагічна і паслядоўна расказваць, пачынаюць лепш разумець сябе і іншых у камунікатыўным рэчышчы, бачаць патрэбу ў канструктыўным дыялогу. І, бадай, галоўнае, што 85% выпускнікоў, якіх В.М.Калядзе давялося вучыць, здалі экзамен па гісторыі Беларусі на “9” і “10”.