Некалькі гадоў назад падчас урока ў 11 класе настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна Арцём Бабровіч зразумеў, што канцэпцыю выкладання трэба мяняць, і чым хутчэй, тым лепш. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагог не раз заўважаў, што ў старшых класах вучні больш увагі ўдзяляюць профільным прадметам. А што рабіць з астатнімі, з гісторыяй у тым ліку? Ідэальным сродкам развіцця пазнавальнай цікавасці ў навучэнцаў педагог называе работу з медыятэкстам. Працаваць з ім ён пачаў не адразу: на пошукі новай формы падачы інфармацыі натхнілі вучні.
“Вопыт работы ва ўстанове адукацыі дапамог заўважыць тэндэнцыю зніжэння зацікаўленасці вучняў у вывучэнні гісторыі, — падзяліўся назіраннямі Арцём Бабровіч. — Кожны раз, калі пачынаю выкладаць у 5 класе, бачу, наколькі дзецям цікавы прадмет. У гэтых навучэнцаў высокі ўзровень пазнавальнай актыўнасці дзякуючы ўзроставым псіхалагічным асаблівасцям. Што тычыцца навучэнцаў 11 класа, то з імі ўсё намнога складаней. Ініцыятыва, якую раней заўважаў на ўроках, зніжаецца нават у самых зацікаўленых вучняў.
Я аналізаваў, чаму так адбываецца. Справа ў тым, што старэйшыя вучні часта стомленыя, ім не хапае вольнага часу з-за вялікага аб’ёму дамашніх заданняў. Вучэбная дзейнасць для іх захоўвае сваю актуальнасць, але ў псіхалагічным аспекце адыходзіць на другі план. Тут таксама справа ва ўзроставых асаблівасцях: галоўнымі для падлеткаў з’яўляюцца зносіны з аднагодкамі. Як вынік — матывацыя да вучобы прападае, а словы бацькоў наконт таго, што было б нядрэнна падцягнуць вучобу, успрымаюцца як нудныя павучанні”.
Стымуляваць у вучняў цікавасць да вучобы і пазнавальнай дзейнасці Арцём Бабровіч пачаў з паступовага прымянення новых вучэбных інструментаў. Дзякуючы сваім дыдактычным магчымасцям, медыятэкст дазваляе ўзмацніць пазнавальны інтарэс да прадмета і да самастойнай работы падчас урока. Да таго ж работа з ім патрабуе творчага падыходу, актывізуе эмацыянальна-валявыя і інтэлектуальныя магчымасці школьніка.
“Работа з медыятэкстам патрабуе практычнага прымянення ведаў, а значыць, падштурхоўвае навучэнцаў да мыслення, — зазначае настаўнік. — Разам з тым медыятэкст супярэчлівы, ён патрабуе расшыфроўкі, дэкадзіравання, што абумоўлівае праблемнасць навучання і тым самым стымулюе актыўнасць навучэнцаў”.
Кожная тэма вучэбнай праграмы па гісторыі дазваляе працаваць з рознымі відамі медыятэксту: гістарычным дакументам, газетным артыкулам, відэафрагментам, фільмам, плакатам, мастацкай карцінай. Гэта можа быць пошук галоўнай думкі, ключавой ідэі, крытычны аналіз, параўнанне. Менавіта ў гэтым і заключаецца сэнс медыяадукацыі.
Сістэматычная работа з медыятэкстамі, па назіраннях педагога, дазваляе сфарміраваць найважнейшыя ўменні, якія складаюць аснову медыядасведчанасці: уменне знаходзіць неабходную інфармацыю, вылучаць галоўнае, крытычна ацэньваць дакладнасць атрыманых даных, супастаўляць розныя пункты гледжання па ключавых пытаннях, самастойна рабіць высновы, супрацьстаяць маніпулятыўным інфармацыйным уздзеянням і інш.
“Найбольш эфектыўнымі на ўроках гісторыі лічу такія медыятэксты, як ілюстрацыі ў вучэбным дапаможніку, архіўныя дакументы, фатаграфіі, мастацкія і дакументальныя фільмы, інфаграфіка, плакаты і карыкатуры, відэа, — пералічвае Арцём Бабровіч. — Медыятэксты вучаць навучэнцаў аналізаваць і ацэньваць інфармацыю, адрозніваць факты і меркаванні, развіваюць у іх здольнасць крытычна думаць і прымаць інфармаваныя рашэнні, што можа спатрэбіцца ў далейшым жыцці”.
Калі навучэнцы працуюць з рознымі відамі інфармацыі, яны запамінаюць алгарытмы работы з ёй: пошук, аналіз, крытычны адбор, параўнанне, супастаўленне, пераўтварэнне інфармацыі з аднаго віду ў другі і інш. Вельмі цікава настаўнік праводзіць урок з выкарыстаннем фотаздымкаў. Для гэтага Арцём Бабровіч прымяняе розныя формы заданняў.
“Калі прыношу на ўрокі фота або карціну, мы праводзім структурны аналіз іх сюжэта вусна або пісьмова, — расказвае педагог. — Дамашнія заданні накіраваны на вывучэнне сямейных фотаальбомаў. Для гэтага дзеці абмяркоўваюць фатаграфіі з бацькамі: хто на здымку, калі і дзе была зроблена фатаграфія. Такім чынам, падзеі вялікай гісторыі знаходзяць адлюстраванне ў гісторыі асобнай сям’і. Часта прашу параўнаць розныя па храналогіі фота, якія зроблены ў адным і тым жа месцы, але ў розны час. Стварэнне калажу па тэме ўрока з фатаграфій, малюнкаў, фраз, чатырохрадкоўяў, сімвалаў, выразаў — усё гэта таксама частка медыяадукацыі”.
А што, калі не?
Гульня ў асацыяцыі — адзін з любімых метадаў работы на ўроку як у навучэнцаў гімназіі-каледжа, так і ў педагога. Праводзіць яе можна пры вывучэнні любой тэмы. З мноства ілюстрацый настаўнік гісторыі прапаноўвае выбраць тую, якая асацыіруецца з канкрэтным гістарычным паняццем, падзеяй, з’явай, і растлумачыць свой выбар.
Складанне пазла — яшчэ адна разнавіднасць заданняў, якая прымяняецца на ўроках гісторыі падчас работы з фатаграфіямі. Тут усё проста і зразумела: малюнак па пэўнай тэме неабходна сабраць у адзінае цэлае і пракаменціраваць, якое месца ў сюжэце карціны (фатаграфіі) займае кожны асобны фрагмент.
“Калі ў 11 класе вывучаем тэму “Расійская імперыя ў XIX — пачатку XX ст.”, прыношу на ўрок карціну мастака Войцеха Косака “9 студзеня 1905 г.”, — тлумачыць методыку навучання выкладчык гімназіі-каледжа. — Навучэнцы аналізуюць тое, што на ёй адлюстравана: прычыны шэсця, лозунгі, палітычную атрыбутыку ўдзельнікаў, выказваюць уласнае меркаванне і прыводзяць пераканаўчыя аргументы на аснове матэрыялу, які праходзім”.
Адным з цікавых кірункаў медыяадукацыі з’яўляецца работа з відэафрагментамі. Дзякуючы любові да свайго прадмета і гістарычных фільмаў, Арцём Анатольевіч прыдумаў цікавы вучэбны ход. Настаўнік пачаў карыстацца прыёмам “Лаві памылку”.
“Вывучаючы адпаведную тэму ў 10 класе, прапаноўваю паглядзець тэматычны ўрывак з гістарычнага фільма “Гладыятар”, — расказвае настаўнік. — Пасля даю навучэнцам заданне. Ім трэба ідэнтыфікаваць дакладнасць або недакладнасць гістарычных падзей, якія паказаны ў стужцы. Навучэнцы могуць заўважыць, што рымляне не маглі палохаць ворага нямецкімі аўчаркамі, бо гэтая парода сабак была выведзена ў канцы XIX стагоддзя. Гэта адна з высноў, да якой можна падвесці пры праглядзе фрагмента фільма.
У сваёй дзейнасці часта звяртаюся да работы з дакументальнымі, мастацкімі ці анімацыйнымі фільмамі. Навучэнцы прывыклі да фільмаў у штодзённасці, але работа з імі на ўроку, на мой погляд, спрыяе развіццю аналітычных здольнасцей старшакласнікаў, вучыць дыстанцыравацца ад тэксту падручніка, задаваць праблемныя пытанні. Гэтыя навыкі могуць быць перанесены на прагляд іншых фільмаў, і ў цэлым у падлеткаў выпрацоўваецца крытычны погляд на аўдыявізуальныя матэрыялы, у тым ліку на тэлебачанне”.
Праўда — няпраўда
Зрабіць урокі гісторыі больш цікавымі і інфармацыйна насычанымі Арцёму Бабровічу дапамагае такі прыём, як супрацьпастаўленне відэаматэрыялу іншым гістарычным крыніцам: вучэбнаму дапаможніку, гістарычным летапісам, дакументам і інш. Педагог упэўнены, што выкарыстанне відэафрагментаў падахвочвае да аналізу і інтэрпрэтацыі нават мацней, чым фільм, паказаны цалкам.
“Работу з фільмамі і відэафрагментамі арганізоўваю на розных этапах урока, — працягвае дзяліцца сваёй методыкай настаўнік. — У пачатку заняткаў, на арыенціровачна-матывацыйным этапе, аналіз фрагментаў прымяняецца для актуалізацыі і матывацыі, для пастаноўкі праблемы або стварэння праблемнай сітуацыі. На наступным, пазнавальна-аперацыйным, этапе, калі вывучаем новы матэрыял, такая работа неабходна для пошуку невядомай, але патрэбнай навучэнцам інфармацыі, для стварэння праблемнай сітуацыі. На рэфлексіўна-ацэначным этапе ў канцы заняткаў фільмы ці відэафрагменты прымяняюцца для замацавання, сістэматызацыі і карэкцыі атрыманых ведаў”.
Навучэнцы Арцёма Бабровіча вельмі любяць, калі настаўнік задае на дом паглядзець фільм цалкам: на ўроку няма магчымасці гэта зрабіць. Абмеркаванне ўбачанага — абавязковы этап, з якога пачынаецца наступны ўрок.
“Мне падабаецца адчуваць зваротную сувязь ад дзяцей, — прызнаецца Арцём Анатольевіч. — Напрыклад, навучэнцы могуць паглядзець фільм і сфармуляваць пытанні да яго, выпісаць усіх удзельнікаў падзей, знайсці пацвярджэнне гістарычным фактам, адлюстраваным у стужцы. Часта па тэме, якую праходзім, дзеці шукаюць пацвярджэнне і ў іншых гістарычных крыніцах, каб упэўніцца ў тым, што ўбачанае праўда альбо няпраўда”.
Фільмы і відэафрагменты Арцём Бабровіч прымяняе на розных уроках: на ўроку атрымання новых ведаў, камбінаваным, на ўроку па абагульненні ведаў. Прычым гэтыя заняткі могуць праводзіцца ў выглядзе канферэнцыі, семінара, урока-віктарыны, дзелавой або інтэлектуальнай гульні і інш.
На ўроках гісторыі Беларусі настаўнік таксама прымяняе цікавыя відэаформы. Ужо некалькі гадоў Арцём Бабровіч вельмі ўдала ўключае ў заняткі вывучэнне анімацыйнага цыкла “Гісторыя Беларусі”, які распрацавала Белдзяржтэлерадыёкампанія.
“Для мяне вельмі важна падчас работы з медыятэкстам навучыць дзяцей карыстацца медыяпрасторай і прымаць удзел у яе стварэнні, — падкрэслівае Арцём Бабровіч. — Навучэнцы, якія першапачаткова выконвалі пасіўную ролю ў рабоце з медыйнай інфармацыяй, пасля асваення прынцыпаў узаемадзеяння з яе зместам станавіліся актыўнымі ўдзельнікамі стварэння ўласных прадуктаў”.
Ствараць уласныя медыятэксты Арцём Бабровіч пачынаў з вучнямі 6 класа. Калі вывучалі гісторыю сярэдніх вякоў, педагог прапанаваў навучэнцам самастойна распрацаваць міні-праекты. Першапачаткова гэта былі малюнкі і плакаты з апісаннем. Такім чынам, у вучняў з’явілася магчымасць стварыць свой вобраз чалавека сярэдневякоўя або пафантазіраваць, як маглі выглядаць славянскія багі. У 7—8 класах навучэнцы пад наглядам гісторыка стваралі самастойныя медыятэксты ў электронным фармаце. Такая дзейнасць — гэта не толькі магчымасць працаваць самастойна, яна вучыць крытычна ставіцца да адбору інфармацыі і не абмяжоўвае творчыя магчымасці вучня.
“Сёння мае навучэнцы ствараюць не толькі прэзентацыі, але і гістарычныя медыяазбукі, здымаюць відэасюжэты, робяць акаўнты гістарычных дзеячаў у сацыяльных сетках, калажы, — з гордасцю гаворыць Арцём Бабровіч. — Сярод вядучых інструментаў інтэрактыўнага ўзаемадзеяння пры выкарыстанні медыятэксту можна вылучыць дыялог, сэнсатворчасць, свабоду выбару, сітуацыю поспеху, пазітыўнасць і аптымістычнасць ацэньвання, рэфлексію. Упэўнены: сістэматычнае выкарыстанне медыятэкстаў і медыяпрадуктаў падчас вывучэння гісторыі садзейнічае павышэнню цікавасці вучняў да гістарычных падзей і сучасных тэндэнцый развіцця грамадства, успрыманню гісторыі ў пэўным кантэксце, усведамленню плюралізму думак, поглядаў і інтэрпрэтацый, станаўленню і развіццю медыякультуры навучэнцаў. Выкарыстанне медыятэкстаў дазваляе павышаць эфектыўнасць вучэбных заняткаў, фарміраваць у вучняў устойлівую цікавасць да прадмета і павышаць якасць іх ведаў па гісторыі, што для мяне як для настаўніка вельмі важна”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





