Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Меншымі сіламі можна і трэба вырашаць задачы на самых галоўных напрамках”

- 9:43Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе прадаўжэння дэбюракратызацыі і павышэння выканальніцкай дысцыпліны. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе аб аптымізацыі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

“Неабходны строгі кантроль за працэсам дэбюракратызацыі і імгненнае рэагаванне на змяненні сітуацыі ў палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай і іншых сферах. Ніводная праблема, якая хвалюе нашых грамадзян, не павінна застацца без вашай увагі, — сказаў беларускі лідар. — Ніякай цяганіны, ніякага скідвання, як гэта было ў савецкія часы і існуе часта сёння, скаргаў і заяў на імя прэзідэнта, Адміністрацыі прэзідэнта ўніз”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў недапушчальнасць сітуацыі, калі скаргі ў выніку вяртаюцца ў тыя інстанцыі, на якія і скардзіліся людзі. “Я буду лічыць гэта як мінімум махровым бюракратызмам”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што неабходна ўвесці ў практыку рэгулярны кантроль якасці работы адпаведнага падраздзялення па рабоце са зваротамі грамадзян у Адміністрацыі прэзідэнта.

Прэзідэнт таксама лічыць неабходным павысіць ролю памочнікаў прэзідэнта ў каардынацыі работы з рэгіёнамі і з усімі галінамі ўлады. “Яны ў поўнай меры адказваюць перад кіраўніком дзяржавы за сацыяльна-палітычную сітуацыю на месцах, а таксама абавязаны адсочваць сітуацыю ў кожным пункце Беларусі і даводзіць яе да ведама кіраўніцтва краіны, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Я прызнаю, што мае памочнікі, яны ж інспектары па кадрах у рэгіёнах, былі крыху адарваны ад прэзідэнта. Усё застаецца па-ранейшаму: каардынацыя, напрамкі работы памочнікаў (дзе трэба, і кіраўніцтва, умяшанне ў іх дзейнасць) застаюцца за кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта. Але ўзнікае новая лінія супрацоўніцтва памочнікаў з прэзідэнтам праз памочніка пры прэзідэнце, на пасадзе якога цяпер знаходзіцца Мікалай Корбут. Яму даручана збіраць неабходную інфармацыю ад памочнікаў прэзідэнта, калі трэба — сустракацца і дакладваць прэзідэнту найважнейшыя пытанні. Трэба адкрыць прамы доступ памочнікаў — інспектараў па абласцях да прэзідэнта пры неабходнасці”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівую ўвагу трэба будзе ўдзяляць выканальніцкай дысцыпліне. “Задачы неабходна выконваць хутка, якасна, без цяганіны і лішніх папер, патрабуючы таго ж ад усёй вертыкалі ўлады. Калі мы ідзём на аптымізацыю і прадугледжваем вельмі сур’ёзнае скарачэнне, узамен — самая строгая выканальніцкая дысцыпліна. Прынята рашэнне прэзідэнтам або ў сферы вашых паўнамоцтваў — яно павінна няўхільна выконвацца. Толькі так мы можам захаваць кіруемасць у дзяржаве”, — заявіў прэзідэнт.

“Трэба прадоўжыць удасканаленне нацыянальнай ідэалогіі. Гэта адна з галоўных умоў стабільнасці ў грамадстве і аснова для далейшага развіцця. Важна адмовіцца ад усяго паказушнага і надуманага. Ні ў якім выпадку не павінна быць нейкіх фармальных і непатрэбных мерапрыемстваў”, — запатрабаваў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, неабходна выбудаваць сістэму ідэалагічнай работы ў дзяржаве. “Мы неяк спрабавалі гэта зрабіць, абапіраючыся і на вопыт савецкіх часоў, устанаўліваючы адзіныя палітычныя дні, але ўсё гэта скацілася на рэйкі фармалізму і дзікай бюракратыі”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ідэалагічны работнік павінен валодаць не толькі ведамі, але і асаблівымі ўласнымі якасцямі. “Гэта ад прыроды адораныя людзі, якія маюць пэўную харызму і могуць не толькі данесці да людзей нешта па тэме, але і ўплываць на іх свядомасць. Важна, каб гэта былі яшчэ і кіраўнікі. Гэта лішні фактар даверу людзей да такога чалавека, які будзе перад імі выступаць”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў ідэалагічнай рабоце неабходна дзейнічаць па прынцыпе “лепш менш, ды лепш”. “Фармалізму быць не павінна”, — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы на нарадзе падверг крытыцы эфектыўнасць работы Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

“Патрабуецца аб’ектыўная ацэнка дзейнасці Акадэміі кіравання (дарэчы, ацэнку я ўжо даў). Калі ласка, выконвайце і не зацягвайце. Калі цяперашняе кіраўніцтва Акадэміі кіравання не разумее, што рабіць, яго трэба неадкладна замяніць. Туды яно было і накіравана для таго, каб правесці нармальную работу”, — заявіў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у Акадэміі кіравання ўдасканаленне работы неабходна пачынаць з адукацыйных праграм. “Трэба паглядзець, каго мы там будзем рыхтаваць, і пад іх рабіць праграмы. Туды павінны трапляць толькі перспектыўныя будучыя дзяржаўныя служачыя, якія заўтра будуць запатрабаваны, — сказаў беларускі лідар. — А вы прааналізуйце, колькі там людзей атрымалі адукацыю, якія заўтра наогул на пенсію ідуць. Яны як былі на гэтых пасадах, так і засталіся. Навошта мы туды іх накіроўваем, які сэнс у гэтым?”

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што атрыманне адукацыі ў Акадэміі кіравання не павінна быць расцягнутым, аднак будучы кіраўнік павінен атрымліваць максімум неабходных ведаў. “Ён адтуль павінен выйсці з добрым веданнем замежнай мовы. Гэта ж не справа, што сёння дзяржслужачыя праз перакладчыка размаўляюць са сваімі равеснікамі за мяжой, экспертамі і іншымі. Пэўныя веданні юрыспрудэнцыі, асабліва эканомікі. Ну, і кіраванне”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Адбор у Акадэмію кіравання з гэтага года павінен быць пастаўлены на самы высокі ўзровень. Можа, нават як мы назначаем кадры, з улікам рэкамендацый. З кадравага рэестра або па вертыкалі — райвыканкам, аблвыканкам і іншыя органы вызначыць, якія будуць накіроўваць туды людзей і несці за гэта адказнасць”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

“Мае патрабаванні да аптымізацыі дзяржапарату нязменныя. Неабходна бесперапыннае кадравае абнаўленне. У гэтай сферы павінны застацца толькі тыя, у каго гараць вочы, хто хоча працаваць і прыносіць карысць дзяржаве. Іншага не дадзена, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Дэбюракратызацыя, ідэалагічная і кадравая палітыка, эканамічная экспертыза, прававы напрамак у рабоце прэзідэнта з’яўляюцца найважнейшымі”.

Аляксандр Лукашэнка назваў недапушчальным, калі яму на подпіс прыносяць дакументы, якія не былі належным чынам вывераны на экспертным узроўні. “Я ж ва ўсе з іх не ўлезу, як вы, на экспертным узроўні, ды і не павінен. Некаторыя я, не чытаючы, павінен проста фармалізаваць і падпісваць, — адзначыў прэзідэнт. — І што адбываецца… Праз паўгода-год вы зноў мне несяце дапаўненні і змяненні да нарматыўна-прававых актаў. Гэта сведчыць аб тым, што вы прапанавалі прэзідэнту падпісаць нейкі акт, а жыццё яго не запатрабавала”.

“У Адміністрацыі прэзідэнта па ўсіх напрамках павінна быць кола экспертаў, разумных, талковых людзей на грамадскіх пачатках. Калі яны добра працуюць, мы знойдзем магчымасць іх падтрымаць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у сферы эканомікі Адміністрацыя прэзідэнта павінна змяніць узровень экспертызы прапаноў, якія ўносяцца на разгляд кіраўніка дзяржавы. “Ваша задача — глыбокі аналіз усіх ініцыятыў і праектаў рашэнняў з улікам іх адпаведнасці сацыяльнай палітыцы, якая праводзіцца дзяржавай, ацэнка ўплыву перш за ўсё на чалавека і на эканамічнае развіццё краіны ў цэлым”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён лічыць неабходным прааналізаваць, наколькі эфектыўна працуюць арганізацыі, падпарадкаваныя Адміністрацыі прэзідэнта.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў работу прэс-службы прэзідэнта. “Неабавязкова мець у прэс-службе 15—20 чалавек, дастаткова 3—5 дасведчаных, разумных, талковых арганізатараў, якія падключаць для вырашэння пытанняў, што стаяць перад прэс-службай, усе сродкі масавай інфармацыі, якія ў нас ёсць, прэс-цэнтр і іншыя падраздзяленні і структуры”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некаторы час назад пры назначэнні кіраўніка і першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта была пастаўлена задача спакойна, разумна і без кампанейшчыны рэфармаваць гэтую структуру. “Як галоўны палітычны штаб кіраўніка дзяржавы яна павінна быць у авангардзе абнаўлення работы дзяржаўных органаў, стаўшы прыкладам гэтага абнаўлення і аптымізацыі, якую мы пачалі”, — сказаў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у першую чаргу гэта неабходна для павышэння эфектыўнасці работы дзяржаўнага апарату. “Меншымі сіламі можна і трэба вырашаць задачы на самых галоўных напрамках”, — падкрэсліў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы яшчэ раз абазначыў асноўныя патрабаванні па аптымізацыі Адміністрацыі. “Па-першае, вы павінны выпрацоўваць і акумуляваць самыя перадавыя ідэі, якія вельмі патрэбны для развіцця нашай дзяржавы. Часам гэтых ідэй дастаткова ў нашым грамадстве. Апошняя размова — гэта якраз сведчанне таго. Адміністрацыя павінна стаць маналітным экспертным цэнтрам, дзе выпрацоўваюцца ўзважаныя рашэнні па найважнейшых для краіны пытаннях. І я чакаю ад яе кіраўніцтва зладжанай і дакладнай работы. Вы павінны быць адной камандай, каб веды, вопыт і энергія кожнага служылі агульнай справе”, — сказаў прэзідэнт.

Як патлумачыла пасля правядзення нарады кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, аптымізацыя ў Адміністрацыі прэзідэнта фактычна павінна адбыцца з 1 мая, калі ўступіць у дзеянне адпаведны ўказ. Але гэта толькі першы крок у рабоце па скарачэнні штатнай колькасці дзяржаўных органаў па ўсёй краіне. “Гэтай жа работай сёння займаецца і ўрад, усе рэспубліканскія органы кіравання. Цяпер ужо адпрацоўваецца ўказ па аптымізацыі, дзе будзе вызначаны і працэнт скарачэння для ўсіх астатніх дзяржустаноў, рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады”, — заявіла яна. Паводле яе слоў, застаецца адкрытым пытанне ў частцы аптымізацыі на ўзроўні мясцовых органаў улады. Так, урад прапануе не кранаць колькасць рай- і гарвыканкамаў.

“Мы лічым, што для таго, каб сёння выйсці на павышэнне заработнай платы ва ўсіх рэспубліканскіх органах кіравання і для дзяржслужачых, якія працуюць у мясцовых органах улады, гэта (аптымізацыя. — Заўв. БелТА.) павінна закрануць практычна ўсе арганізацыі і ўстановы”, — дадала Наталля Качанава.