Дэпутат раённага Савета дэпутатаў, прадстаўнік педагагічнай дынастыі, пераможца прафесійных конкурсаў, распрацоўшчык праектаў па патрыятычным выхаванні моладзі — гэта ўсё пра Ганну Кароль, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 г.п.Акцябрскі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Свае душэўныя сілы чалавек чэрпае там, дзе ён нарадзіўся і дзе жыве, — заўважае Ганна Уладзіміраўна. — Я жыву ў Акцябрскім, адчуваю сябе патрэбнай і шчаслівай. Лічу, што навучыць каго-небудзь любові да роднага краю, быць сапраўдным грамадзянінам і патрыётам можна толькі на асабістым прыкладзе. Прайшло 27 гадоў, як пасля заканчэння Мазырскага педуніверсітэта я прыйшла ў педагагічную прафесію. У свой час такі ж выбар зрабілі мае дзядуля Захар Фёдаравіч і бабуля Вера Сцяпанаўна. З чаго пачынаюцца настаўніцкія дынастыі? Напэўна, з любові да прафесіі, да дзяцей і ўмення гэтую любоў перадаць у спадчыну.
На працягу 15 гадоў я была педагогам-арганізатарам у раённай гімназіі. Зараз працую ў школе, якую калісьці сама скончыла. У 2012 годзе змяніла свайго класнага кіраўніка на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Вяду грамадскую работу як старшыня школьнага актыву па ідэалагічнай рабоце і старшыня пярвічных арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын” і “Белая Русь”.
Ідэолагам быць няпроста: трэба ўмець адказаць на любое пытанне, першай знаёміцца з усім новым, а затым у даходлівай форме несці гэта новае дзецям, педагогам і бацькам. Тваім галоўным інструментам павінны стаць усмешка, увага, такт, разуменне, перакананне і асабісты прыклад. Ідэалогія — гэта сфера, дзе трэба не загадваць, а тлумачыць, натхняць справамі і ідэямі, увасабляць іх у жыццё, дапамагаць дасягаць поспехаў тым, хто побач.
Калі Ганна Кароль стала завучам, перад ёй была пастаўлена задача напоўніць змястоўна шосты школьны дзень, каб у суботу ва ўстанове было весела, шматлюдна. Педагог распрацавала праграму “Да вяршыні поспеху”.
— У пачатку кожнага навучальнага года мы вызначаем тэму, якая чырвонай ніткай будзе праходзіць праз выхаваўчыя мерапрыемствы, акрэсліваем задачы па яе вырашэнні, плануем вынікі. Мерапрыемствы шостага школьнага дня звычайна праводзім на конкурснай аснове, каб задзейнічаць у іх як мага больш школьнікаў — непасрэдна саміх удзельнікаў, групу падтрымкі, бацькоў, — расказвае Ганна Уладзіміраўна. — У кожнага ёсць магчымасць сябе праявіць, быць паспяховым. А напрыканцы навучальнага года мы ўшаноўваем тых, хто стаў лепшым у творчым, спартыўным і інтэлектуальным кірунках. Наша задача не проста далучыць вучняў да рознага роду актыўнасцей, а падахвоціць, пераканаць, каб у іх з’явіўся імпэт, жаданне самастойна штосьці зрабіць.
Сёлета адзначаецца 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На працягу навучальнага года ў 2-й школе Акцябрскага праходзяць конкурсы песень, вершаў, танцаў, даследчых работ, малюнкаў і фота.
Зацікавіць вучняў гісторыяй роднага краю, выхаваць беражлівыя адносіны да мінулага ўдаецца дзякуючы дзейнасці школьнага краязнаўчага музея, які быў створаны ў 1981 годзе і на базе якога функцыянуе аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына”. З 2020 года музеем кіруе Марыя Вячаславаўна Дзегцярова, настаўніца геаграфіі.
У 2022 годзе Ганна Кароль атрымала ганаровае званне “Жанчына года” Акцябрскага раёна.
Музей налічвае 119 экспанатаў асноўнага фонду і 243 экспанаты дапаможнага фонду. Першы пакой — баявой славы, дзе цэнтральная экспазіцыя прысвечана аднаму з першых арганізатараў партызанскіх атрадаў падчас Вялікай Айчыннай вайны Герою Савецкага Саюза Ціхану Піменавічу Бумажкову. Тут таксама прадстаўлены фотаздымкі ўраджэнцаў раёна, удзельнікаў грамадзянскай вайны, боепрыпасы часоў Вялікай Айчыннай вайны, фотаальбомы, вучэбна-даследчыя работы вучняў. У выглядзе стэндаў і відэаархіва зроблена экспазіцыя “Афганістан. Без права на забыццё”, аформлены альбомы пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі ў Афганістане, ёсць іх лісты, а таксама фотаальбомы, газеты, банкноты пачатку ХХ стагоддзя. Другі пакой змяшчае экспазіцыю “Летапіс школы” з матэрыяламі па гісторыі стварэння і развіцця школы. Сабраны матэрыял “Жыццё цікавага чалавека” пра былога дырэктара школы Аляксандра Яўгенавіча Ягорава.
Па ініцыятыве Ганны Кароль у 2022 годзе пачаты праект “QR-код у музеі”. Першыя 10 QR-кодаў былі размешчаны побач з экспанатамі, яны з’яўляюцца інтэрактыўнымі даведнікамі і адначасова гідамі па музеі. У найбліжэйшы час плануецца зрабіць QR-коды да ўсіх пастаянных экспазіцый.
Матэрыялы краязнаўчага музея выкарыстоўваюцца для правядзення ўрокаў гісторыі і ўрокаў мужнасці, пазакласных мерапрыемстваў. Арганізуюцца перасовачныя выставы.
Па выніках абласной патрыятычнай акцыі “Памятаем… Не забудзем!” дзейнасць калектыву ў 2020 годзе адзначана дыпломам I ступені галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама.
— У нашай школе дзейнічае піянерская дружына імя піянера-героя Вовы Іванова. Праўда, традыцыі ў сучасных школьнікаў крыху іншыя, чым раней. Створана дружына была ў 1975 годзе. Памятаю, як сястра героя прысутнічала на нашых урачыстых лінейках, — гаворыць Ганна Уладзіміраўна. — Я ў той час была старшынёй дружыны, сакратаром камсамольскай арганізацыі. Сёння старшынёй дружыны з’яўляецца вучаніца 8 класа Ганна Фясько. У 2022 годзе разам з ёй мы ўдзельнічалі ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу па распрацоўцы настольных гульняў. Вырабілі лэпбук “У піянеры трымаем шлях!” — займальны дапаможнік для тых, хто хоча папоўніць шэрагі БРПА. Работа адзначана дыпломам I ступені ў намінацыі “Медыядасведчанасць”. У лютым — кастрычніку 2023 года праводзіўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу творчых работ “Радзімы спадчына — мой гонар”, дзе ў намінацыі “Скарбніца традыцый маіх дзядоў” Ганна Фясько атрымала дыплом II ступені за даследчую работу пра Прошчу — унікальнае месца каля вёскі
Заазер’е, якое лічыцца святым у Акцябрскім раёне.
У 2022 годзе на базе школы створаны атрад “Мужнасць” з ліку навучэнцаў 9—11 класаў. Ім кіруе настаўнік фізкультуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі Уладзімір Станіслававіч Бачына. Педагог узначальвае і клуб ваенна-патрыятычнай накіраванасці “Патруль”, арганізаваны ў студзені 2024 года сумесна з Акцябрскім аддзелам унутраных спраў. Удзельнікі клуба — навучэнцы 7—10 класаў. Заняткі ў ім уключаюць вывучэнне страявой і агнявой падрыхтоўкі, асноў ідэалогіі, гісторыі беларускай міліцыі, прававое выхаванне і іншае. Вялікая ўвага ўдзяляецца пошукавай рабоце. Так, у канцы сакавіка кіраўнік клуба разам з дзесяцікласнікам Глебам Астапчыкам праводзілі пошукавую дзейнасць у раёне “Брачын” у гарпасёлку і знайшлі медаль “За баявыя заслугі”, якую яны аднеслі ў Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна для далейшага вывучэння і высвятлення, каму належала ўзнагарода.
Навучэнцы сярэдняй школы № 2 г.п.Акцябрскі прынялі ўдзел у міжканфесійнай дабрачыннай акцыі “Аднаўленне святынь Беларусі”. Навядзенне парадку ў памятных месцах — яшчэ адзін абавязак удзельнікаў клуба. Да таго ж вучні наведваюць вязня Азарыцкага канцлагера Лілію Аляксандраўну Драпеза, дапамагаюць ёй па гаспадарцы, віншуюць са святамі.
— Сёння большасць нашых вучняў гатовы праявіць сябе ў грамадска значнай дзейнасці, — адзначае Ганна Уладзіміраўна. — Сфарміраваўся і касцяк тых, хто заўсёды прымае ўдзел у школьных і раённых мерапрыемствах, святах. Першыя крокі гэтыя вучні рабілі ў пачатковых класах у атрадзе ЮІР, затым пайшлі ў юныя ратавальнікі-пажарныя і ваенна-патрыятычныя аб’яднанні. Гэта ў тым ліку і нашы пастаянныя вядучыя ўрачыстасцей, удзельнікі агітбрыгад, праекта “Роўны вучыць роўнага” і г.д. Так, Каця Белянок сёлета спрабавала свае сілы ў праекце “Цягнік Памяці”, мае поспехі ў творчым кірунку. Даніла Званковіч — выпускнік дзіцячага тэхнапарка, захапляецца ІТ, заўсёды першы ў вучобе, спорце, працы. Рэнат Сталькоў — спартсмен, прадстаўляе нашу ўстанову на ўсіх спаборніцтвах, удзельнік алімпіяды па фізкультуры, сцяганосец сцяганоснай групы. Віталіна Мордус — таксама ўдзельніца алімпіяды па фізкультуры, уваходзіць у нашу сцяганосную групу, разам з Рэнатам нясе вахты Памяці каля памятных месцаў.
У 2024 годзе Ганна Кароль выбрана дэпутатам Акцябрскага раённага Савета дэпутатаў па Урыцкай выбарчай акрузе № 5.
— Галоўныя для мяне мэты — мірнае неба роднай Беларусі і вырашэнне праблем жыхароў нашага раёна, — падкрэслівае Ганна Уладзіміраўна. — У палажэнні сваёй перадвыбарнай праграмы як педагог з вялікім стажам я ўнесла павышэнне прэстыжу прафесіі настаўніка і садзейнічанне рэалізацыі праектаў, накіраваных на інклюзію, у першую чаргу дзіцячую. Дзяржава стварае ўмовы для сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі здароўя, але, калі ў нас ёсць магчымасць палепшыць безбар’ернае асяроддзе за кошт спонсарскіх сродкаў з мэтай павышэння якасці жыцця для такой катэгорыі насельніцтва, трэба яе выкарыстоўваць. Веласіпед для дзяцей з ДЦП, домік савы для дзяцей з парушэннямі аўтыстычнага спектра, майстэрня для інвалідаў — толькі частка запланаваных праектаў.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара